Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барысаўскім судзе судзяць двух грамадзянаў Расеі, якіх вінавацяць у вырабе і продажы ў Беларусі псыхатропных наркотыкаў. 25-гадовым расейцам пагражае да 20 гадоў зьняволеньня кожнаму.

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка з «Плятформы» мяркуе, што хутчэй за ўсё іх асудзяць на вялікія тэрміны.

«Але расейцы будуць потым прасіцца, каб накіравалі адбываць пакараньне ў Расею. Такое з большага магчыма. Там ім лепш сядзіцца, чым у нас, у тым ліку і нашым. Парадкі больш лібэральныя», — кажа нядаўні беларускі вязень.

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка
Праваабаронца Андрэй Бандарэнка

Па тры беларусы на адну расейскую вязьніцу?

А насамрэч, як сядзіцца за мяжой беларусам і колькі такіх?

У Вярхоўным судзе Беларусі колькасьць беларусаў, якія адбываюць пакараньне за мяжой, назваць не змаглі, бо там такога ўліку не вядуць. Параілі зьвярнуцца ў Міністэрства замежных спраў.

Супрацоўнік МЗС сказаў, што па пэўнай краіне лічбу можа назваць консульская служба беларускай амбасады, бо «гэта іх хлеб». Але ці зводзяць такія лічбы ў адну, ён ня ведае.

Дыплямат сказаў, што пад час ягонай працы ў консульстве Нямеччыны ў мясцовых турмах сядзела ўсяго 10 беларусаў, хаця візы штогод атрымлівалі дзесяткі тысяч. Таму суразмоўца мяркуе, што зьвесткі пра вялікую беларускую дыяспару ў нямецкіх турмах былі беспадстаўна завышаныя.

Але карціна на процілеглым, усходнім накірунку, можа быць зусім іншай.

«Са мной у сьледчым ізалятары Бранску сядзела як меней 3 беларусы. Памятаю, што аднаго зь іх падазравалі ў распаўсюдзе наркотыкаў», — распавёў блогер Эдуард Пальчыс, якога ў 2016 годзе выдалі з Расею ў Беларусь і тут асудзілі нібыта за распальваньне варожасьці праз інтэрнэт.

Суд над Эдуардам Пальчысам. Менск, 28 кастрчніка 2016 году
Суд над Эдуардам Пальчысам. Менск, 28 кастрчніка 2016 году

Паводле Эдуарда Пальчыса беларусаў у расейскіх турмах — сотні, бо памер працоўнай міграцыі зь Беларусі ў Расею значна большы, як і крымінагеннасьць расейскага жыцьця. Дарэчы, гэта Эдуард Пальчыс знайшоў у інтэрнэце зьвесткі пра асуджэньне ў Расеі за заклік да вяртаньня Ўкраіне Крыму беларуса Кірыла Сілівончыка.

«Тут усіх хапае, і беларусаў таксама»

Вядомы журналіст і вандроўнік Зьміцер Бартосік летась спрабаваў сустрэцца з Кірылам Сілівончыкам у калёніі.

«Было гэта ў пасёлку Сухабязводнае Ніжагародзкай вобласьці. На электрычцы некалькі гадзін з Ніжняга. Раней калёнія належала ГУЛАГу, дакладней ягонай частцы Унжлагу — паводле назвы мясцовай ракі Унжы. Пра калёнію была нядобрая слава, цяпер нібыта там стала лепш. Да Сілівончыка мяне не пусьцілі. Толькі ўзялі для яго перадачу. Прайшоўся па пасёлку — гэта трэба бачыць тыя пыльныя вулачкі, тыя хаткі крывыя! Усё такое мілае, што хочацца альбо напіцца, альбо павесіцца. Спытаў, ці шмат у іх беларусаў? „Да вы што кажаце, малады чалавек? Ды ў нас тут усе нацыянальнасьці сядзяць!“ Карацей, такая дружба народаў», — распавёў Зьміцер Бартосік.

Зьміцер Бартосік
Зьміцер Бартосік

Зьміцер Бартосік мяркуе, што ўмовы зьняволеньня беларусаў тут нічым не адрозьніваюцца ад умоваў зьняволеньня прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў.

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка дадае:

«У Расеі законам дазволена грамадзкім назіральным камісіям наведваць месцы зьняволеньня ў любы час, нават без узгадненьня з адміністрацыяй і гэта істотна стрымлівае ад парушэньняў правоў вязьняў. Але трэба рабіць папраўку на расейскія норавы, што часам там больш жорсткія чалавечыя адносіны».

Могуць дамовіцца з адміністрацыяй імітаваць фіззарадку

Уяўленьні Бандарэнкі збольшага пацьвердзіў Кірыл Сілівончык, які летась выйшаў на волю і вярнуўся ў Беларусь.

«Усё залежыць ад рэгіёну. У калёніях Ніжагародзкай вобласьці, дзе я быў, парадкі сталі больш лібэральныя, а раней былі і катаваньні. Там шмат залежыць ад таго, ці дамовіліся пра нешта вязьні з адміністрацыяй. Каб было добра і тым, і гэтым. Прыкладам, многа хто на зоне мае мабільнікі і адміністрацыя на гэта закрывае вочы, хаця фармальна — нельга. Пра зарадку ў 6 раніцы могуць дамовіцца, што выходзяць, пастаяць і пайшлі па бараках, не больш за тое. У калёніі, дзе я быў, вязьні нават выпівалі, але іх адмыслова не чапалі, пакуль не парушалі парадак. То бок такі расейскі мэнталітэт паўсюль дзейнічае. Беларусу там ужыцца няцяжка, бо наш мэнталітэт падобны. За маю двухгадовую турэмную эпапэю ў Расеі я сустракаў там двух вязьняў-беларусаў. Яшчэ да мяне прыяжджалі супрацоўнікі Чырвонага крыжа, сябры грамадзка-назіральнай камісіі і супрацоўнік беларускага консульства — гэта перад адпраўкай у калёнію. Прапаноўваў паехаць адбываць тэрмін у Беларусь, але я адмовіўся».

Кірыл Сілівончык арыштаваны ў Расеі за заклікі вярнуць Крым Украіне, архіўнае фота
Кірыл Сілівончык арыштаваны ў Расеі за заклікі вярнуць Крым Украіне, архіўнае фота

Кірыл Селівончык патлумачыў, чаму да яго не пусьцілі Зьмітра Бартосіка. Аказваецца, начальніка паселішча тады не было, вось і не пусьцілі. Быў бы на месцы — без праблем.

«Да мяне пускалі ўсіх, хто прыяжджаў, а тут не пашанцавала».

«У нас засталася савецкая сыстэма»

Магчыма, самая вялікая частка беларускіх вязьняў, якія адбываюць пакараньне ў краінах Эўразьвязу, сядзела ці сядзяць у Нямеччыне. Журналіст Васіль Сямашка адбыў больш за год у сьледчай і звычайнай нямецкіх турмах. У Васіля Сямашкі пра нямецкія турмы ўспаміны збольшага добрыя.

«Калі параўноўваць сыстэмы, дык у нас засталася савецкая, амаль у нязьменным выглядзе. Тут усяляк зьневажаюць і ціснуць на вязьняў, там — проста ахоўваюць, а ў астатнім цябе ніхто не чапае. Прыкладам, у нас усяляк абмяжоўваюць пасылкі з волі, грошы, якія можна патраціць на ежу, а харчаваньне такое, што немагчыма есьці. Там — усё інакш. Ежу даюць такую, што іншы наш рэстаран пазайздросьціць. У турэмнай краме ёсьць усё, за выключэньнем сьпіртных напояў, нават эратычныя часопісы, якія б у нас прызналі парнаграфіяй і за гэта б пакаралі. Тэлевізар, заняткі фізкультурай, турэмная бібліятэка — калі ласка. У бібліятэцы турмы Нюрнбэргу былі кнігі на 28 мовах. Можна навучацца нейкай прафэсіі, але адзначу, што на гэта вялікія чэргі ды найперш імкнуцца прапхнуць туды немцаў. Вельмі многа сядзіць наркаманаў, немцаў ды і іншых нацыянальнасьцяў, але яны, як правіла, ня хочуць вучыцца. Сядзяць сябе ды ўсё. То бок усё ж у нямецкай турме сядзець — гэта згубіць час, бо новых ведаў не набудзеш, хаця і пражывеш дастаткова камфортна».

Журналіст Васіль Сямашка
Журналіст Васіль Сямашка

Васіль Сямашка сказаў, што не зьвяртаўся па дапамогу да беларускага консула і не чуў ад іншых землякоў пра тое, што такую дапамогу нехта атрымліваў: «Магчыма, толькі калі сурʼёзныя справы».

Адносна колькасьці беларусаў у нямецкіх турмах Васіль Сямашка мае такія назіраньні:

«Ад 10 да 30% рускамоўных сядзіць у кожнай нямецкай турме, а немцаў — ня больш за 10%. Большасьць рускамоўных — перасяленцы з Расеі, але трапляліся і беларусы, некалькі землякоў было».

Надакучыла чырвоная рыба

У Швэцыі беларуска Натальля адбывае пакараньне за нібыта спробу забойства, што яна спрабавала аспрэчыць, але марна. Зьвесткі пра тое, што швэдзкая турма дае рэальную магчымасьць вярнуцца ў вольнае жыцьцё падрыхтаваным чалавекам Натальля ўжо 5 год правярае на сабе.
«Даволі пасьпяхова», — мяркуе маці Натальлі Ірына і пералічае: дачка за кратамі мае магчымасьць вучыцца, карыстаецца інтэрнэтам, авалодала новай прафэсіяй, вывучыла мову і нават зарабіла грошай. Не шмат, але на дарогу і першыя месяцы на волі хопіць. Пра бытавыя ўмовы, у якіх адбывала тэрмін беларуска, можа сьведчыць хаця б такая дэталь: неяк напісала дамоў, што надакучыла чырвоная рыба, закармілі швэды. Яшчэ адзначае, што даволі ўдала ў Швэцыі дзейнічае сыстэма заахвочваньня вязьняў да добрых паводзін. У выніку яе Натальлі паступова зьмякчалі рэжым, а хутка ўвогуле вызваляць. Але былі на Швэцыю і крыўды, зь якімі дачка паедзе ў Беларусь.

«Магла даўно перавесьціся сюды, тут адбываць пакараньне. Трэба было толькі напісаць заяву, але яна адмовілася. Бо тады ў дакумэнтах будзе, што мела судзімасьць. А яна тут хоча пачаць з чыстага ліста. А там заставацца ня хоча», — кажа Ірына пра дачку Натальлю, якая адбывае свой тэрмін у швэдзкай турме.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG