Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж расстрэлам, турмой ды вар’ятняй. Як у Беларусі караюць «адэкватных» і «неадэкватных» злачынцаў


13 чэрвеня ў Вярхоўным судзе Беларусі разгледзяць адвакацкую апэляцыю на прысуд фігуранту мінулагодняй трагедыі ў менскім ГЦ «Эўропа» Ўладу Казакевічу. Рашэньнем Менскага гарадзкога суду гэты «хлопец з бэнзапілой» быў асуджаны на 15 год калёніі.

Улад Казакевіч
Улад Казакевіч

Адвакат можа настойваць на пераглядзе псыхіятрычнай экспэртызы ды прызначэньні падабароннаму прымусовага лячэньня. Як вынікае з заключэньня судова-мэдычных экспэртаў, падлетак учыніў забойства і замах на забойства, будучы пры памяці, у адэкватным стане.

Злачынствы з надзвычайнай жорсткасьцю

Ад «звычайнага» жорсткага крыміналу злачынствы кшталту таго, што ўчыніў «хлопец з бэнзапілой», адрозьніваюцца сваімі матывамі ды мэтамі. Іх выканаўцы не імкнуцца да нейкай непасрэднай выгады (завалодаць грашыма, захапіць уладу, пазбавіцца ад канкурэнтаў ці сьведак і г.д.). Яны, як кажуць адмыслоўцы-псыхолягі, апантаныя жаданьнем выратавацца ад невыноснай вонкавай рэальнасьці праз адчуваньне сваёй улады на іншымі.

У штодзённым жыцьці людзі ўспрымаюць «хлопцаў з бэнзапілой» як цалкам нармальных, у іх паводзінах звычайна не відаць прыкметаў алькагольнай ці наркатычнай залежнасьці. І раптам — нечаканае для ўсіх забойства з надзвычайнай жорсткасьцю.

Нядаўні прыклад — гісторыя ў Слоніме. Там у жорсткім забойстве сваіх бабулі ды дзядулі абвінавачваецца «хлопец зь сякерай» — іх 16-гадовы ўнук. У афіцыйных паведамленьнях МУС гаварылася, што матывам злачынства падлетак назваў працяглы канфлікт зь сямейнікамі, жаданьне яго спыніць.

Якімі лічыць такіх людзей — хворымі ці здаровымі?

«Псыхічна нармальныя» «чыкацілы» ды «чысьцільшчыкі»

Кандыдат псыхалягічных навук Аляксандар Прудзіла, які доўгі час працаваў на катэдры экспэрымэнтальнай і прыкладной псыхалёгіі Гарадзенскага ўнівэрсытэту, падчас размоваў са Свабодай прыводзіў нямала гісторый, калі выканаўцаў самых нялюдзкіх забойстваў без выразных матываў ды мэтаў прызнавалі «псыхічна нармальнымі». Большасьць прысудзілі да расстрэлу, некаторым удалося яго пазьбегнуць.

Аляксандар Прудзіла
Аляксандар Прудзіла

Напрыклад, два гарадзенскія забойцы, якія дзейнічалі ў Горадні ў другой палове 1990-х. Абодвум было крыху за дваццаць. Яны выходзілі на вуліцу і стралялі па людзях з самаробных пісталетаў. Проста так, спантанна ўзялі і забілі агулам больш за 20 чалавек. Ахвяры, якіх яны нават ня ведалі, ня мелі, на іх думку, права жыць. Абодвух экспэрты прызналі адэкватнымі, абодвух чакаў расстрэл. Але аднаго забілі ў СІЗА, а другі сядзіць у Жодзіне на пажыцьцёвым зьняволеньні. Пасьля апошняга забойства яму ўдалося ўцячы ў Расею, а адтуль яго выдалі Беларусі на ўмовах нерасстрэльнага выраку.

У 2000-я ў Бераставіцы на ўсіх наводзіў страх «мясцовы Чыкаціла». На ім было 12 забойстваў са згвалтаваньнямі. Сэрыйным злачынцам аказаўся чалавек з дэпартамэнту аховы. У судзе яго таксама прызналі адэкватным і прысудзілі да сьмяротнага пакараньня. На сьледзтве малады чалавек адкрыта заяўляў, што ненавідзіць жанчын і што гэта ў яго ад бацькі.

У 2013-м у шматкватэрным доме ў Горадні 23-гадовы студэнт БДУ ўчыніў падвойнае забойства. Па-вычварэнску забіў уласную жонку, якую потым гвалтаваў, а таксама яе каханка. Далей расчляніў труп мужчыны, зварыў галаву, паклаў у торбу і паехаў зь ёй дадому. У цягніку студэнта затрымалі міліцыянты. Судмэдэкспэрты прызналі яго «нармальным». Злачынцу расстралялі. У ягоным выпадку таксама былі праблемы ў сям’і.

«Усе ідзе ад комплексу непаўнавартасьці»

Паводле Аляксандра Прудзілы, садызм такіх «адэкватных» злачынцаў ідзе ад комплексу непаўнавартасьці, які ў свой час апісаў аўстрыйскі псыханаалітык Альфрэд Адлер.

«Ува ўсіх нас, — кажа Аляксандар Прудзіла, — ёсьць пачуцьцё непаўнавартасьці, мы зь ім нараджаемся. Але калі яго замацаваць, пастаянна казаць: ты дурны, ты крывы, — то тады пачуцьцё непаўнавартасьці любога чалавека можа перарасьці ў комплекс. А комплекс — гэта ўжо фактычна нэўратычны стан, які кампэнсуецца толькі комплексам перавагі. Якім чынам — гэта ўжо няважна. Альбо гэта будзе такі ціхі „Чыкаціла“, альбо такія прыдуркі, як гарадзенскія ці менскія... Ну вось чаго той галаву насіў? Таму што гэтая галава была разумнейшая, ён так лічыў...»

Апошні ліст расстралянага студэнта БДУ, напісаны перад сьмерцю
Апошні ліст расстралянага студэнта БДУ, напісаны перад сьмерцю

Рэкамэндаваны расстрэл

Чаму з абсалютнай большасьці экспэртызаў вынікае, што відавочна неадэкватныя злачынцы ўчынялі свае забойствы ў стане псыхічнага здароўя, як кажуць, пры поўнай памяці? Адмыслоўцы спасылаюцца на спэцыфічную прафэсійную клясыфікацыю. А на ўмовах ананімнасьці кажуць, што яшчэ з савецкіх часоў існуе ўнутраны дакумэнт закрытага выкарыстаньня для судзьдзяў. У ім рэкамэндуецца, асабліва ў «рэзанансных» выпадках, выносіць падобным абвінавачаным (пры наяўнасьці доказаў) самыя суровыя з магчымых прысудаў. То бок прызнаваць іх «псыхічна нармальнымі» і прысуджаць да расстрэлу або, у скрайнім выпадку, пажыцьцёвага зьняволеньня. Мэта — ня выклікаць масавай незадаволенасьці сярод насельніцтва, не «падаграваць» розныя пратэставыя настроі супраць сьмяротнага пакараньня.

Неадэкватнымі прызнаюцца адзінкі

Тым ня менш экспэрты часам усё ж прызнаюць злачынцаў «неадэкватнымі». У двух-трох выпадках з сотні.

Адзін з такіх выпадкаў — калі менскі бізнэсовец пратараніў на сваёй машыне пяць аўтамабіляў, у выніку чаго загінула сямейная пара, а незадоўга да гэтага нанёс некалькі нажавых раненьняў жонцы і двум сваім дзецям. Суд прызнаў, што злачынствы былі ўчыненыя «бяз памяці», абвінавачанага вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці і накіравалі на прымусовае лячэньне ў «Навінкі». Некаторыя былыя сукамэрнікі, якія сядзелі разам зь ім у СІЗА, казалі пра «сымуляванае вар’яцтва» ды пра нечае заступніцтва.

Турма і вар’ятня

Былы мянчук Аляксандар Круты, які атрымаў прытулак у Чэхіі, падзяліўся са Свабодай уласным досьведам. Яго двойчы асуджалі на прымусовае лячэньне ў «Навінках», абвінаваціўшы па «хуліганскіх» артыкулах. Ён кажа, што ў чаканьні суду ў СІЗА вымушаны быў сядзець у камэры разам з забойцамі. Тыя, паводле ягоных слоў, мелі відавочныя псыхічныя праблемы, аднак бясьпека арыштантаў мала каго хвалявала:

Аляксандар Круты
Аляксандар Круты

«Здараліся розныя інцыдэнты. Некаму нават горла парэзалі. Гэта было ў Жодзіне, падчас першай адседкі. У другі раз, ужо на „Валадарцы“, мне ўдалося спыніць адзін небясьпечны выпадак. Таксама ўвесь час даводзілася пільнаваць. З прычыны аднаго суседзтва нават ня спаў шэсьць сутак.Тады ў СІЗА я правёў сем месяцаў, а потым мяне накіравалі на восем з паловай месяцаў на прымусовае лячэньне ў вар’ятню».

Паводле Аляксандра, дзейнае заканадаўства адносна прызначэньня адмены прымусовага лячэньня (арт. 102 і 103) дае нямала розных «шчылін», каб вычварэнцы ў няволі доўга не заставаліся. Узгадаць гучны працэс аб пэдафілах, чыімі ахвярамі, як пішуць, сталі тысячы хлопчыкаў ва ўзросьце 11–14 год. Аднаго з двух галоўных абвінавачаных асудзілі на 17 год, а другога прызналі псыхічна неадэкватным. Хоць менавіта той другі распрацоўваў схемы, каб завабліваць дзяцей у сеткі вычварэнцаў. Вэрдыкт суду ды псыхіятрычнай камісіі стаў нечаканым для многіх юрыстаў, якія мелі дачыненьні да справы. Ня кажучы ўжо пра сукамэрнікаў абвінавачанага ў СІЗА. Усе казалі пра ягоную ясную памяць ды выдатныя акторскія здольнасьці.

«Зацікаўленыя асобы ды грошы ў такіх справах вырашаюць усё, а бясьпека грамадзтва нікога не хвалюе, — кажа Аляксандар. — Зь іншага боку, на прымусовае лячэньне могуць накіраваць звычайнага і зусім ня хворага хулігана... У 9 аддзяленьні „Навінак“ быў чалавек, якога кінулі ў вар’ятню на прымусовае лячэньне за тое, што ён, без прыкметаў гвалту, проста словамі ды непадпарадкаваньнем адстойваў свае правы. Празь некалькі дзён, пасьля таго як яго „пракалолі“ галапэрыдолам, ён стаў ніякі, яго калаціла, як пры Паркінсане».

Былы асуджаны на працяглае турэмнае зьняволеньне Лявон кажа, што за шмат гадоў за кратамі бачыў нямала хворых на галаву, асуджаных за жорсткія злачынствы:

«Зэкі ня любяць псыхапатаў. Яны псуюць людзям нэрвы. Але шмат хто, напэўна дзеля боязі, імкнецца паводзіць сябе ціха, прыстойна. Тады яны сядзяць разам з усімі. Калі ж хто заікнецца пра сваё нейкае, скажам, людажэрскае жаданьне, то яго паб’юць ды адсадзяць куды далей. Усё ж хворых на галаву нельга прызнаваць нармальнымі. Ім дакладна ў вар’ятню трэба».

«У іх устойлівая ўпэўненасьць, што ахвяру трэба было забіць»

У грамадзкую арганізацыю «Рэгіён 119», якая працуе з асуджанымі паступае нямала зваротаў ад вязьняў з просьбай даць прысуду юрыдычную ацэнку, каб потым яго абскардзіць. Сярод аўтараў зваротаў — тыя, хто забіваў, гвалтаваў. Паводле кіраўніцы арганізацыі Алёны Красоўскай, да шырокай грамадзкасьці даходзяць толькі «рэзанансныя» гісторыі.

У справах многіх з такіх асуджаных можна ўбачыць заключэньне «дысацыятыўнае расстройства асобы». Гэта ігнараваньне розных сацыяльных нормаў, уласнай ды чужой бясьпекі, схільнасьць да падману ды маніпуляваньня іншымі людзьмі, няздольнасьць раскайвацца і адначаснае задавальненьне ад сваіх асацыяльных, амаральных ды неэтычных паводзінаў... Уражвае ня столькі надзвычайная жорсткасьць асуджаных, колькі іхная ўстойлівая ўпэўненасьць, што менавіта ахвяра сама вінаватая ў тым, што зь ёй здарылася. Абразіла, не аддала адразу каштоўнасьці ці грошы, не саступіла сэксуальнаму гвалту. Вось і прыйшлося яе катаваць ды забіць.

Алёна Красоўская
Алёна Красоўская

«Зусім нядаўна, — працягвае спадарыня Красоўская, — у адной з папраўчых устаноў я мела размову з маладым хлопцам, які зьвяртаўся да нас па юрыдычную ацэнку свайго прысуду. Разам са знаёмым ён асуджаны на доўгі тэрмін, бо некалькі гадзін абодва катавалі старую жанчыну, патрабуючы ад яе схаваных грошай. На іхні розум, у бабулі іх мусіла быць шмат. Калі рабаўнікі зразумелі, што грошай сапраўды больш няма, яны ня проста забілі старую — паставілі ёй на жывот уключаны ў разэтку прас і пакінулі паміраць у жудасных пакутах. На пытаньне „Навошта ж так?“ я атрымала адказ: „У яе быў час падумаць над сваімі паводзінамі, зашмат часу патрацілі на яе, а ўзялі капейкі. Так ёй і трэба“... На спачуваньне ды раскаяньне не было нават і намёку».

«Аптымістычных прагнозаў ніхто даць ня можа»

Алёна Красоўская прыводзіць іншы выпадак. 30-гадовы асуджаны Мікола адседзеў за кратамі 12 гадоў з 25-ці. Яго арыштавалі неўзабаве пасьля вызваленьня зь дзіцячай калёніі, дзе ён адбываў двухгадовы тэрмін за хуліганства. Выйшаўшы на волю, хлопец пайшоў адзначаць падзею ў бар, а потым на дыскатэку. Падчас танцаў займеў віды на адну дзяўчыну, але тая адмовіла яму ва ўзаемнасьці. Хлопец выйшаў за ёй на вуліцу, дзесьці ў кустах паваліў, стаў гвалтаваць, адчуўшы яе супраціўленьне, забіў ударамі нажа і, як паказала пазьней экспэртыза, гвалтаваў ужо мёртвую.

«Як і 12 гадоў таму, Мікола па-ранейшаму лічыць, што зрабіў усё правільна. Маўляў, ня мела яна права адмовіць яму, такому „крутому“. У судзе, паводле сьведчаньняў пацярпелага боку, ён выкрыкваў у залю: я зрабіў тое, што трэба было зрабіць, не баюся я вас, вырадкаў, пракурораў ды судзьдзяў, вы, каты, можаце мяне расстрэльваць. Цяпер вось хоча абскардзіць справу... Ніякага раскаяньня за ўчыненае, ніякіх спробаў папрасіць прабачэньня ў бацькоў забітай... Адзінае, што прызнае: падчас працэсу няправільна сябе паводзіў, быў малады ды недасьведчаны».

Як кажа Алёна Красоўская, за час адседкі Мікола ня меў канфліктаў ані зь вязьнямі, ані з адміністрацыяй. Мае надзеі на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Добра працуе. Прычым на ня самых нізкіх ва ўмовах зьняволеньня турэмных пасадах.

«Раней нават меў пасаду кшталту загадчыка гаспадаркі. У яго нядрэнныя арганізатарскія здольнасьці, і на гэта тут глядзяць. За час адседкі Мікола стаў вельмі рэлігійным. Ня так даўно ён ажаніўся па перапісцы. Жонка яму дасталася добрая. Тэарэтычна, калі ён захоча стаць нармальным чалавекам, то база для гэтага ў яго ёсьць. Нейкіх аптымістычных прагнозаў адносна таго, што можа стацца зь ім далей, ніхто даць ня можа. Увогуле на зьняволеных з „дысацыятыўным расстройствам асобы“ зьвяртаюць увагу тады, калі хваравітыя асаблівасьці іх псыхікі праяўляюцца на поўную моц».

Абмежавана адэкватныя

Больш за 25 гадоў таму знаны савецкі ды расейскі псыхіятар, які першым «вылічыў» Чыкацілу, Аляксандар Буханоўскі (1944–2013) прадказаў цяперашні ўсплёск садызму на постсавецкай прасторы сярод народжаных у 1990-я ды пазьней. На думку навукоўца, разьвязаць праблему барацьбы з сэрыйнымі злачынцамі-маньякамі ды іншымі псыхапатамі шляхам расстрэлу ці пажыцьцёвай турэмнай ізаляцыі немагчыма.

Дасьледуючы псыхіку злачынцаў, якія адзначаліся надзвычайнай жорсткасьцю, у тым ліку такіх, як Чыкаціла, лекар вылучыў некалькі фактараў, якія прыводзяць да расстройства асобы. Гэта магчымыя генэтычныя пашкоджаньні ды родавыя траўмы, слабая сэксуальная канстытуцыя ды, безумоўна, уплыў сям’і.

«Рознага кшталту вычварэнствы — гэта ня толькі праблема крыміналістаў ці псыхатэрапэўтаў, — казаў ён. — Гэта сыгнал аб хваробе сям’і ды грамадзтва ў цэлым. Пра нашчадкаў яшчэ загадзя павінны клапаціцца бабулі і дзядулі. Ім трэба гарманічна выхоўваць уласных дзяцей — бацькоў сваіх унукаў, аддаваць ім дастаткова ўвагі, гадаваць іх у любові, вучыць будаваць адносіны зь людзьмі. А гэтага ў многіх сем’ях няма».

«Сваіх» вязьняў прафэсар лічыў глыбока хворымі людзьмі, рэкамэндаваў прызнаваць іх «абмежавана адэкватнымі» і ў якасьці выраку прызначаць прымусовае лячэньне ва ўмовах зьняволеньня. Паводле яго, такіх людзей трэба лячыць за дзяржаўны кошт і ўсё жыцьцё, як тых жа хворых на дыябэт. Тут ня толькі мэдыкамэнты, але і дакладная дыягностыка з дасьледаваньнямі мозгу, рознага кшталту псыхатэрапія, уключна з працоўнай, сацыяльная адаптацыя хворых. Незадоўга перад сьмерцю Буханоўскаму ўдалося распрацаваць тэорыю выяўленьня псыхапатаў ды маньякаў на раньніх стадыях захворваньня, а таксама спосабы карэкцыі іхніх паводзін, часам вельмі істотнай, каб яны маглі мець сувязі з соцыюмам. Працы растоўскага прафэсара аказаліся больш запатрабаваныя на Захадзе, чым на радзіме. У свой час яго запрасілі ў ЗША па лініі ФБР як экспэрта пры распрацоўцы закону аб сэрыйных забойствах.

«Калі працаваць з такімі людзьмі, то яны могуць абмінуць крымінал», — перакананы вядучы амэрыканскі навуковец-нэўроляг Кент Кіль, дасьледчык мозгу вязьняў-псыхапатаў ды сацыяпатаў, якія ўтрымліваюцца ў турмах штату Нью-Мэксыка. На яго думку, праблема ў тым, што хворыя сацыяпаты ды псыхапаты рэдка загадзя трапляюць у клінікі, бо парамэтры псыхічнага здароўя, важныя для шпіталізацыі, у такіх людзей могуць быць у межах нормы. Доктар Кіль распрацаваў шэраг рэкамэндацыяў, як абыходзіцца з такімі асобамі ў пэрыяд зьняволеньня. Напрыклад, адна з парадаў — абыходзіцца зь вязьнямі-сацыяпатамі як зь людзьмі, якія маюць нізкі IQ. Бо нават ведаючы, што дзейнічаюць няправільна, яны ня ў стане спыніць свой імпэт да гвалту.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG