Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гестапа ў цэнтры Эўропы». Блогер Лапшын апісаў жахі на Валадарцы


Блогер Аляксандар Лапшын, якога Беларусь перадала Азэрбайджану па абвінавачваньні ў незаконнай паездцы ў Нагорны Карабах, распавёў пра ўмовы ўтрыманьня ў менскім ізалятары.

«Пасьля Валадаркі, нават фашыстоўскі лягер Асьвенцім не падасца такім страшным» — напісаў Лапшын у сваім «Жывым Журнале».

«Прывезлі з РАУС, ноччу, спачатку доўга трымалі ў бітком набітым аўтазаку на марозе. На вуліцы чуўся сьмех аховы і жарты „Шнэль, шнэль русіш швайнэ“. Ну рэальна трапіў да фашыстаў, ні даць, ні ўзяць. Чуць такое ад беларусаў, хай і не самых разумных супрацоўнікаў службы аховы турмы, але ўсё ж ад тых, чые дзяды гінулі ў барацьбе з фашыстамі — гэта жорстка».

Першую ноч блогер правёў у бруднай камэры, без вокнаў, зь дзесяткам іржавых двухпавярховых ложкаў без матрацаў, і без бялізны.

Лапшын піша, што некаторыя сукамэрнікі сядзяць па 2 гады без аніводнага візыту сьледчага.

«Усе выглядаюць дрэнна, ва ўсіх ад беднага харчаваньня бледная скура, дрэнныя зубы, хваравітая худзізна, сінякі пад вачыма. Сонечнага сьвятла няма, вокны наглуха зачыненыя трыма шэрагамі рашотак, ад чаго не заўсёды зразумела дзень зараз, ці ноч. Ляжаць днём у ложках нельга, за гэта могуць вызначыць у карцэр» — апісвае сваё знаходжаньне на валадарцы Лапшын.

Блогер распавёў таксама, што ў турме квітнее карупцыя.

«За хабар можна дамовіцца, каб вас у камэру паставілі тэлевізар, гэта вам абыдзецца прыкладна ў 500 эўра хабару. Перавод у лепшую камэру каштуе 1000-1500 эўра ў месяц. Легчы ў шпіталь — яшчэ каля 2000 эўра ў месяц» — піша Лапшын.

На Валадарцы Лапшын пазнаёміўся з Алесем Юркойцем, краязнаўцам, супрацоўнікам мытні, якога нядаўна асудзілі на 7 гадоў турмы за ўдзел арганізаванай злачыннай групе. Юркойця Лапшын назваў адным зь лепшых людзей, якіх ён ведае ў жыцьці.

Блогер паабяцаў, што бліжэйшым часам распавядзе на сваім блогу падрабязнасьці пра 1,5 месяцы ў ізалятары на Валадарскага.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG