Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краязнаўца Алесь Юркойць пакараны 7 гадамі зьняволеньня па справе мытнікаў


Cуд Партызанскага раёну Менску абвясьціў прысуд чарговай групе былых супрацоўнікаў Ашмянскай мытні, якіх абвінавацілі ў стварэньні арганізаванай злачыннай групы.

Як перадае з залі суду наш карэспандэнт, усiм, хто не прызнаў віну, далі 7 гадоў, хто прызнаў — 5. Аднаго з «кіраўнікоў злачыннай групы» — Дзьмітрыя Курневiча — асудзілі на 11,5 года.

Адвакаты Юркойця ды іншых асуджаных заявілі, што зьбіраюцца падаваць апэляцыі на прысуды.

Сярод адзінаццаці фігурантаў агучанае рашэньне і па справе краязнаўца Алеся Юркойця, які ўсе два гады пасьля арышту адмаўляў, што быў удзельнікам арганізаванай злачыннай групоўкі і браў хабар. Яго засудзілі на 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Разам зь Юркойцем, паводле сьледзтва, у злачынную групу ўваходзілі мытнікі Сурʼянц, Высоцкі, Лапшэвіч, Мароз, Букель, Ермалаеў, Карповіч, Бабровіч, Зарэцкі, Казьмірчук, Курневіч, Яшкевіч, Мішук, Нагорскі, Назараў, Пашкевіч, Івашэвіч, Сьмірноў, Стэльмах, Страпко, Карэвіч, Часнойць, Чэпіна, Бубноў, Купчанко, Якуценка, Пашкоўскі, Дашчынскі і яшчэ больш за дзясятак чалавек.

Па інфармацыі, распаўсюджанай КДБ, супрацоўнікі Ашмянскай мытні прапускалі празь мяжу зь Літвой тавары без належнага афармленьня, за што атрымлівалі сумы ад 250 да 3000 даляраў. Падчас ператрусаў дома ў мытнікаў было знойдзена больш за 2,2 мільёна даляраў наяўнымі.

Маці Алеся Юркойця
Маці Алеся Юркойця

Заяўлялася, што колькасьць абвінавачаных дасягнула амаль 60 чалавек.

У лістападзе 2016 году пачаліся суды, мытнікаў судзілі групамі, працэсы ішлі адначасова ў чатырох розных месцах. На судах фігуранты справы ў асноўным прызнаваліся, што бралі хабар за пропуск грузавых аўтамабіляў без надгляду. Юркойць усе абвінавачаньні пасьлядоўна адмаўляў.

Першы прысуд па справе ашмянскіх мытнікаў быў вынесены 29 сьнежня 2016 году. Менскі абласны суд прызнаў былога начальніка мытні Івана Невяркевіча вінаватым у атрыманьні хабару на суму 238 мільёнаў недэнамінаваных рублёў і прысудзіў яму 7 гадоў пазбаўленьня волі. Пазьней пакараньне зьменшылі да 6 гадоў.

8 жніўня 13 былых супрацоўнікаў мытні «Каменны Лог» атрымалі тэрміны ад 5 да 11,5 года зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці, дваіх накіравалі адбываць пакараньне на «хіміі», адзін выплаціць штраф.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG