Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня чарговы прысуд у справе «ашмянскіх мытнікаў». Коратка пра самае галоўнае


Суд над групай ашмянскіх мытнікаў, якіх вінавацяць у хабары, 18 лістапада 2016 году

5 верасьня 14 гадзіне ў судзе Партызанскага раёну Менску будзе абвешчаны прысуд чарговай групе былых супрацоўнікаў Ашмянскай мытні, якіх абвінавацілі ў стварэньні арганізаванай злачыннай групы. Сярод іншых будзе агучанае рашэньне ў справе краязнаўцы Алеся Юркойця.

Як усё пачалося?

На пачатку красавіка 2015 года па Ашмянах і ваколіцах папаўзьлі чуткі пра арышты супрацоўнікаў мясцовай мытні, якая абслугоўвае памежны пункт «Каменны лог». Людзі расказвалі пра дзясяткі арыштаваных і пра мільёны канфіскаваных даляраў. Усяго празь некалькі дзён у эфіры тэлеканалу АНТ пра справу, якую пазьней назавуць «справай ашмянскіх мытнікаў», расказаў сам кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка.

У Ашмянскай мытні ў злачынную дзейнасьць быў уцягнуты ледзь ня ўвесь асабісты склад мытнага паста „Каменны Лог“
Лукашэнка

«Зусім нядаўна выявіўся абуральны выпадак. Камітэт дзяржбясьпекі разам зь іншымі праваахоўнымі органамі выявіў, што ў Ашмянскай мытні ў злачынную дзейнасьць быў уцягнуты ледзь ня ўвесь асабісты склад мытнага паста „Каменны Лог“. Крымінальная схема дзейнічала працяглы тэрмін. Фігурантамі зьяўляюцца каля 20 службовых асоб, агульны злачынны прыбытак вылічаецца мільёнамі даляраў», — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік краіны заявіў, што нанесеныя дзяржаве страты павінны быць кампэнсаваныя ў 3—5-кротным памеры.

Сярод арыштаваных ашмянскіх мытнікаў быў вядомы краязнаўца з Варнян Алесь Юркойць. Як расказвала журналістам ягоная жонка, Юркойця пасьля затрыманьня адразу адвезьлі ў Менск.

Адзін з абвінавачаных - Алесь Юркойць, вядомы краязнаўца, прапагандыст беларускай мовы
Адзін з абвінавачаных - Алесь Юркойць, вядомы краязнаўца, прапагандыст беларускай мовы

У чым абвінавацілі мытнікаў?

Празь дзень пасьля заявы Лукашэнкі прэс-служба КДБ паведаміла пра крымінальныя справы супраць 19 дзейных супрацоўнікаў Ашмянскай мытні. Усяго на пачатку красавіка 2015 году было заведзена 5 крымінальных спраў па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — за даваньне хабару і за яго атрыманьне.

Па інфармацыі, распаўсюджанай КДБ, супрацоўнікі Ашмянскай мытні прапускалі празь мяжу зь Літвой тавары без належнага афармленьня, за што атрымлівалі сумы ад 250 да 3000 даляраў. Падчас ператрусаў дома ў мытнікаў было знойдзена больш за 2,2 мільёна даляраў наяўнымі.

Колькі чалавек праходзіць па справе?

Цяжка сказаць дакладна. Першапачаткова КДБ паведамляў пра затрыманьне 19 чалавек. Аднак пазьней стала вядома, што колькасьць фігурантаў справы можа даходзіць да 60. Пра затрыманьне кіраўніка Ашмянскай мытні Івана Невяркевіча стала вядома толькі зімой 2016 году, калі ён ужо быў асуджаны на 7 гадоў калёніі. На судовых паседжаньнях зьяўлялася інфармацыя, што колькасьць абвінавачаных даходзіць да 58 чалавек.

Як праходзіла сьледзтва?

Ад першых затрыманьняў да пачатку разгляду справы ў судзе прайшоў год і сем месяцаў. Некаторых мытнікаў празь некалькі месяцаў выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, аднаго зь фігурантаў справы давялося лавіць на тэрыторыі Ўкраіны. Акрамя мытнікаў, КДБ затрымаў таксама двух прадпрымальнікаў — грамадзяніна Літвы Артура Тураева і жыхара Астраўца Паўла Рэваку.

Па вэрсіі сьледзтва, у Ашмянскай мытні на працягу 2010–2015 гадоў дзейнічала арганізаваная злачынная групоўка, кіраўніком якой быў былы старшыня аднаго з аддзелаў мытнага афармленьня і кантролю Гарнік Сарумянц. Прадпрымальнікі Тураеў і Рэвака праз створаную Сарумянцам сетку супрацоўнікаў мытні перадавалі грошы інспэктарам за тое, каб іх фуры перасякалі пункт пропуску «Каменны Лог» без надгляду. Сьледчыя сабралі зьвесткі пра больш як 4500 грузавікоў. За кожны прапушчаны без надгляду аўтамабіль мытнікі атрымлівалі ад 200 да 250 даляраў. У машынах, якія выконвалі замовы прадпрымальніка Тураева, у асноўным знаходзіліся кветкі — іх везьлі на продаж у Расею і Казахстан.

Што адбывалася на судах?

Першым, асобна ад усіх іншых затрыманых, судзілі былога начальніка Ашмянскай мытні Івана Невяркевіча. Пра яго затрыманьне КДБ не паведамляў, і журналісты пра суд даведаліся пасьля яго завяршэньня. Невяркевіч узначальваў мытню ў Ашмянах 10 гадоў, у 2014 нават атрымаў мэдаль «За працоўныя дасягненьні». Прыкладна ў траўні 2015 году, акурат пасьля масавых затрыманьняў, Ашмянскую мытню ўзначаліў новы чалавек — Васіль Шостак. 29 сьнежня 2015 году Невяркевічу прысудзілі 7 гадоў пазбаўленьня волі за атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры. Пазьней прысуд Невяркевічу зьмякчылі да 6 гадоў.

Суд над групай ашмянскіх мытнікаў, якіх вінавацяць у хабары.
Суд над групай ашмянскіх мытнікаў, якіх вінавацяць у хабары.

​У лістападзе 2016 году пачаліся суды над падначаленымі Невяркевіча. Ашмянскіх мытнікаў судзілі групамі па 11–16 чалавек, працэсы ішлі адначасова ў чатырох розных судах. На судах мытнікі ў асноўным прызнаваліся ў тым, што бралі хабар за пропуск грузавых аўтамабіляў без надгляду. Аднак не заўсёды пагаджаліся з сумай атрыманага.

Я атрымаў прыкладна 6 тысяч даляраў, ну, магчыма, крыху больш, але не 11
былы мытнік Ігар Якуценка

«Гэта завышаная сума. Я атрымаў прыкладна 6 тысяч даляраў, ну, магчыма, крыху больш, але не 11!», — казаў на працэсе былы мытнік Ігар Якуценка.

Сваю віну прызнаюць ня ўсе абвінавачаныя. У прыватнасьці, краязнаўца Алесь Юркойць адмаўляе, што быў удзельнікам арганізаванай злачыннай групоўкі і браў хабар.

Як патрабуе пакараць ашмянскіх мытнікаў пракурор?

Падчас судовых спрэчак па справе першай групы мытнікаў пракурор запатрабаваў для абвінавачаных тэрміны ад 3 гадоў абмежаваньня волі да 12,5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага, паводле дзяржаўнага абвінавачаньня, мытнікі павінны кампэнсаваць дзяржаве нанесеную шкоду. Сумы фігуравалі таксама розныя — ад 3300 даляраў да 124 тысяч. У выніку былыя супрацоўнікі Ашмянскай мытні атрымалі тэрміны да 6 гадоў калёніі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG