Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 11,5 гадоў зьняволеньня. Менскі абласны суд вынес выракі былым мытнікам «Каменнага Логу»


8 жніўня ў Менскім абласным судзе абвясьцілі прысуды 16 фігурантам гучнай справы ашмянскіх мытнікаў.

Першаму абвясьцілі прысуд Гарніку Сарумянцу, які быў, паводле вэрсіі сьледзтва, арганізатарам, — 11 гадоў 6 месяцаў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Пракурор прасіў на 1 год больш.

Адзіную абвінавачаную жанчыну начальніцу адзьдзелу мытні Марыну Мароз прысудзілі да 6 гадоў пазбаўленьня волі. Да суду яна знаходзілася пад хатнім арыштам, на абвяшчэньне выраку прыйшла з торбай. Марыну Мароз узялі пад варту ў залі суду. Пракурор патрабаваў для яе 11 гадоў пазбаўленьня волі -- таму што больш за 120 тысяч даляраў не было выплачана з таго хабару, які яна атрымала. За два дні сваякі знайшлі 100 тысяч даляраў і выплацілі, у выніку чаго прысуд стаў мякчэйшы.

Мытніку Вітару Букелю прасілі 3 гады пазбаўленьня волі, ён атрымаў 5 гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем на “хімію”.

У асноўным фігуранты справы атрымалі ад 5 да 8 гадоў пазбаўленьня волі — у многіх будуць канфіскаваныя машыны і грошы. Не прызналі віну Юры Кавальчук і Ігар Бубнаў, яны асуджаныя на 5 і 6 гадоў адпаведна. Літоўскаму бізнэсмэну Артуру Тураеву далі штраф — 2000 базавых, ён выходзіць на волю. Абвінавачаны Павал Равяка прысуджаны да абмежаваньня волі.

Такі чынам, з 16 фігурантаў справы 13 чалавек будуць адбываць пакараньне ў калёніях, двое — на хіміі, адзін выплаціць штраф.

Паводле абвінавачаньня, цягам 2010–2015 гадоў супрацоўнікі мытні «Каменны Лог» атрымлівалі хабар за тое, што бесьперашкодна прапускалі празь мяжу машыны з кветкамі. Падчас ператрусаў у кватэрах некаторых зь іх знойдзена гатоўкай 2 мільёны 200 тысяч даляраў, пры гэтым большая частка — 1 мільён 800 тысяч даляраў — у галоўнага абвінавачванага, былога мытніка Гарніка Сарумянца.

Большасьць фігурантаў абвінавачваюцца паводле ч. 3 арт. 430 КК «Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры». Два бізнэсоўцы праходзяць па ч. 2 арт. 431 «Даваньне хабару», а былы намесьнік начальніка мытні Юры Кавальчук — яшчэ па ч. 3 арт. 425 КК «Бязьдзейнасьць службовай асобы».

Дзяржаўны абвінаваўца патрабаваў прызначыць пакараньне з улікам прызнаньня віны і кампэнсацыі стратаў. Для пяці былых інспэктараў, якія знаходзіцца пад хатнім арыштам — па 3 гады абмежаваньня волі, для адзінаццаці, хто пад вартай — ад 2 да 12,5 года пазбаўленьня волі.

Двое абвінавачаных пагасілі страты ў памеры прыкладна 120 тысяч даляраў, адзін — 90 тысяч, яшчэ адзін — 60 тысяч. Адвакаты таксама прасілі суд зьвярнуць увагу на гэты факт.

Пра выкрыцьцё злачыннай групы на Ашмянскай мытні 5 красавіка 2015 году ў эфіры беларускіх тэлеканалаў заявіў Аляксандар Лукашэнка. Паводле ягоных слоў, у карупцыйную групу быў уцягнуты ледзьве ня ўвесь асабісты склад мытні, а атрыманыя мытнікамі прыбыткі ацэньваюцца ў мільёны даляраў. На лаве падсудных апынуліся 56 чалавек. Лукашэнка запатрабаваў: «Нанесеныя краіне страты павінны быць кампэнсаваныя ня проста ў поўным аб’ёме, а ў 3—5-разовым памеры».

З амаль сотні cупрацоўнікаў мытні на лаве падсудных апынуліся 58 чалавек.

Справы мытнікаў разглядаюцца адначасова ў чатырох судах Менску — Менскім абласным судзе, судах Партызанскага, Фрунзенскага і Кастрычніцкага раёнаў.

Першы прысуд па справе ашмянскіх мытнікаў быў вынесены 29 сьнежня 2016 году. Менскі абласны суд прызнаў былога начальніка мытні Івана Невяркевіча вінаватым у атрыманьні хабару на суму 238 мільёнаў недэнамінаваных рублёў і прысудзіў яму 7 гадоў пазбаўленьня волі, аднак пазьней пакараньне зьменшылі да 6 гадоў.

Фотагалерэя з суду

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG