Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцам афіцыйна рэкамэндавалі адмовіцца ад паездак у Расею празь Беларусь


Мяжа Беларусі і Расеі, ілюстрацыйнае фота

Украіна рэкамэндуе сваім грамадзянам утрымацца ад паездак да Расеі праз тэрыторыю Беларусі аўтамабільным ды чыгуначным транспартам, раяць карыстацца выключна авіяцыйным транспартам

«Улічваючы тое, што паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскаю Фэдэрацыяю адсутнічаюць дзейсныя пагадненьні аб пунктах пропуску, рашэньні аб усталяваньні якіх на беларуска-расейскім участку дзяржаўнае мяжы не прымаліся, кантроль на гэтым участку дзяржаўнай мяжы памежнаю службаю Беларусі не ажыцьцяўляецца», — адзначаецца ў рэкамэндацыях Амбасады Ўкраіны ў Беларусі.

Украінскія дыпляматы таксама раяць грамадзянам Украіны карыстацца пры паездках у Расею выключна авіяцыйным транспартам і яшчэ раз зьвяртаюць увагу на небясьпеку наведваньня расейскай тэрыторыі.

«Міністэрства замежных спраў Расеі паведаміла, што з 15 мая 2017 года расейскі бок ажыцьцяўляе памежны кантроль паветраных судоў, якія прыбываюць у Расейскую Фэдэрацыю з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама якія вяртаюцца ў зваротным кірунку», — паведамляецца ў рэкамэндацыях украінскай амбасады.

«Расея, спасылаючыся на адсутнасьць пунктаў пропуску празь беларуска-расейскую дзяржаўную мяжу, забараніла яе перасякаць грамадзянам трэціх краін, акрамя грамадзян Расеі ды Беларусі, у тым ліку прадстаўнікам дыпляматычнага і адміністрацыйна-тэхнічнага пэрсаналу амбасадаў, консульскіх устаноў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый», — адзначаюць дыпляматы.

24 жніўня ўкраінскі грамадзянін Украіны Паўло Грыб зьнік на тэрыторыі Беларусі. Пазьней выявілася, што ён знаходзіцца ў Краснадары ў СІЗА-5 Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў. Украінца абвінавачваюць паводле артыкулу 205.1 КК РФ («Садзейнічаньне тэрарыстычнай дзейнасьці»).

Пасьля зьнікненьня ў Беларусі Паўла Грыба і яго меркаванага выкраданьня расейскім ФСБ міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін заявіў, што ўкраінцам небясьпечна знаходзіцца ў Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG