Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапагандысцкі пухір лопнуў


Скрыншот фільма дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» пра «Белы легіён»

Ну вось і фініта ля камэдыя. КДБ паведаміла, што крымінальная справа па артыкуле за «падрыхтоўку масавых беспарадкаў» спыненая. То бок, ніякай падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў не было. І гэта азначае, што тры месяца нам казалі няпраўду. І сам Лукашэнка, і КДБ, і БТ, і «Советская Белорусcия».

Памятаеце, як нам доўга і падрабязна апавядалі і паказвалі, што джып са зброяй з тэрыторыі Ўкраіны прарываўся празь украінска-беларускую мяжу? Праўда, украінскія памежнікі з самага пачатку абверглі гэтую інфармацыю. Аднак беларускія ўлады настойвалі, запэўнівалі, што двое злачынцаў арыштавана, ловяць трэцяга. Але нешта больш нічога пра гэтую гісторыю не чутна, ніякага крымінальнага працягу яна не мела. Мусіць трэцяга так і не злавілі, а двое затрыманых зьбеглі.

Асобная гісторыя пра звышпатрыятычную фрау А., якая мужна раскрыла змову, падрабязна апавядала, як баевікі рыхтуюцца да масавых беспарадкаў. Сам Лукашэнка спасылаўся на яе аўтарытэтнае сьведчаньне. Дык што, атрымоўваецца, што ўсё відэа пра жанчыну, якая размаўляе на дрэннай расейскай мове — гэта танны спэктакль?

Ці сюжэт пра «кактэйлі Молатава», бутэлькі з гаручай сумесьсю, якія нібыта былі знойдзены ў машыне кіроўцы Статкевіча Сяргея Кунцэвіча. Яго шмат разоў паказвалі па БТ. Цяпер высьвятляецца, што гэта фэйк.

Калі журналісты задалі па гэтаму эпізоду прамое пытаньне кіраўніку КДБ Валерыю Вакульчыку 13 чэрвеня падчас знаходжаньня яго ў парлямэнце, то атрымалі фэнамэнальны адказ: «Юрыдычна сьледчыя не знайшлі доказаў, нягледзячы на тое, што ў яго машыне было гэта» (!)

Гэта як? Бутэлькі з гаручай сумесьсю зьяўляюцца доказам ці не доказам злачынства ў залежнасьці ад палітычнай мэтазгоднасьці?

Пасьля гэтага як можна верыць у інфармацыю Вакульчыка, што летась паводле падазрэньня ў тэрарызме былі затрыманыя 17 чалавек, у 2015-м годзе — 21 чалавек, а з пачатку бягучага года ў Беларусі затрымалі васьмярых? Адразу ж узьнікае вялікае падазрэньне, што гэта такія ж тэрарысты, як «баевікі» зь «Белага легіёну».

Праўда, адзін раз спадар Вакульчык падчас гэтай імправізаванай прэсавай канфэрэнцыі быў шчырым. Распытваючы пра справу «Белага легіёну», журналісты спыталі старшыню КДБ: «Вы ўпэўненыя, што справа дойдзе да суду?» — «Прабачце, гэта не я вырашаю», — адказаў Вакульчык. Што зразумела. Справа ж палітычная, а палітычныя рашэньні ў краіне прымае не старшыня КДБ, а зусім іншы чалавек.

«Кактэйлі Молатава» і Фраў А. аказаліся мітам», — Бяляцкі лічыць, што «справа патрыётаў» можа не дайсьці да суду

Ня думаю, што шмат людзей паверыла ва ўсю гэтую прапагандысцкую кампанію. Бо яна пачалася ў момант, калі на тле акцый недармаедаў давер да ўлады ў масавай сьвядомасьці быў нізкі. Да таго ж з самага пачатку гэтая справа выглядала вельмі штучна, нязграбна і абсурдна.

Зразумелая, памяць на палітычную інфармацыю ў большасьці абывацеляў кароткая. Тым ня менш, уся гэтая фэйкавая гісторыя пра падрыхтоўку масавых беспарадкаў разбурае давер да асноўных дзяржаўных інстытутаў. Высьвятляецца, што нельга верыць ні прэзыдэнту, ні КДБ, ні БТ, ні галоўнай прэзыдэнцкай газэце. Ці варта казаць, што ніхто зь іх не пакаяцца за падман.

На жаль, гэта сёньня сусьветная праблема. Палітыкі падчас палітычных кампаній верзяць адкрытую лухту. Іх абвяргаюць, прыводзяць неабвержныя доказы, што яны абманшчыкі. І што, гэтыя палітыкі з ганьбай зыходзяць з палітычнай арэны? Ды не, яны часта аказваюцца пераможцамі. Філёзафы кажуць пра тое, што сьвет уступіў у эпоху постпраўды. Беларусь у гэтую эпоху ўступіла даўно, яна ідзе ў авангардзе.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG