Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковыя вучэньні разбураюць імідж донара бясьпекі


Валер Карбалевіч

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на пасяджэньні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане 9 чэрвеня, чарговым разам прэзэнтаваў Беларусь як «донара рэгіянальнай стабільнасьці», узгадаў пра актуальнасьць беларускай ініцыятывы аб наладжваньні новага маштабнага дыялёгу паміж Усходам і Захадам, аналягічнага Хэльсынскаму працэсу. Як вядома, дыялёг гэты прапануецца праводзіць у Менску. Пасьля Крыму, двух самітаў па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу (верасень 2015 г. і люты 2015 г.), ператварэньня Менску ў пляцоўку па вырашэньні канфлікту на Данбасе, у беларускіх уладных вярхах зьявіўся новы канцэпт, закліканы стаць стратэгіяй зьнешняй палітыкі Беларусі. Улады абвясьцілі краіну як цэнтар усясьветнага міратворчага працэсу, донара або правайдэра бясьпекі ў рэгіёне, як пляцоўку для рэалізацыі ідэі «інтэграцыя інтэграцый» і, увогуле, вырашэньня ўсіх міжнародных канфліктаў.

Адносны дыпляматычны посьпех моцна закруціў галаву беларускаму кіраўніцтву. Яно палічыла, што схапіла Бога за бараду, адарвалася ад рэальнасьці і пачало жыць у сфэры сваіх фантазій. За гэтыя два гады афіцыйны Менск пачаў фантаніраваць міратворчымі ініцыятывамі. Каго толькі ён не зьбіраўся мірыць.

Менск прапаноўваў ролю пасярэдніка па прымірэньню Расеі і Турэччыны. Беларусь выступіла з ідэяй міратворцы ва ўрэгуляваньні армяна-азэрбайджанскага канфлікту.

У траўні мінулага году Лукашэнка пасьля візыту ў Ватыкан да папы агучыў сваю даўнюю ідэю аб сустрэчы ў Беларусі пантыфіка з патрыярхам Рускай праваслаўнай царквы Кірылам. Але гэтага Аляксандру Лукашэнку здалося мала і ён пайшоў далей. «Усё ў руках Госпада. Калі ён дабраславіць, то нашы вышэйшыя герархі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў сустрэнуцца на беларускай зямлі. Думаю, што запросяць туды і прадстаўнікоў мусульманскага сьвету, і юдэяў і іншых канфэсій», — заявіў беларускі лідэр. І дадаў: «Запрасілі б сьвятароў і эўрапейскіх, і ўкраінскіх, і расійскіх, і нашых. Селі б, пагаварылі, а потым усе разам перад мільёнамі паломнікаў памаліліся бы ў імя міру». Вось, аказваецца, дзе біблейская «зямля запаветная».

Цікава тое, што ня толькі ўлада апынуліся ў палоне гэтай новай беларускай міталёгіі. Здаецца, трошкі зьнесла дах і ў часткі незалежнага грамадзтва. Недзяржаўны аналітычныя структуры падхапілі гэтую ідэю і нават распрацавалі цэлую канцэпцыю, новую стратэгію беларускай дыпляматыі. Зьявіўся нават слоган: Менск — новая Жэнэва.

Але так супала, што прапанова Лукашэнкі ў Астане аб гатоўнасьці Менску ўзяць на сябе місію новага Хэльсынкі, здарылася ў момант самага вострага крызысу ў беларуска-літоўскіх дачыненьнях. Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце за тры дні двойчы заявіла, што з тэрыторыі Беларусі існуе ваенная пагроза, што там Расія праводзіць свае «агрэсіўныя гульні». У адказ МЗС Беларусі быў вымушаны выклікаць літоўскага амбасадара для тлумачэньняў.

І гэта па добрым ладзе магло б стаць халодным душам, трохі апусьціць афіцыйны Менск з нябёсаў на грэшную зямлю. Праблема тут не толькі ў невысокай міжнароднай вазе Беларусі, яна ўсё ж малапрыкметная краіна ў сьвеце.

Больш важна тое, што Беларусь — краіна праблемная, з дрэнным іміджам. Афіцыйныя асобы любяць хваліцца, што наша краіна — адзіная з шасьці дзяржаў-удзельніц «Усходняга партнэрства», дзе адсутнічаюць ваенныя і замарожаныя канфлікты. Гэта так. Але ў Беларусі ёсьць замарожаны ўнутрыпалітычны канфлікт. У ААН, АБСЭ, іншых міжнародных арганізацыях рэгулярна абмяркоўваецца праблема з дэмакратыяй, правамі чалавека, прымаюцца рэзалюцыі з прапановамі выправіць хібы, прывесьці сытуацыю ў норму, правесьці, нарэшце, свабодныя выбары. То бок як дзяржава, якая не ў стане ўрэгуляваць уласныя праблемы, прэтэндуе на вырашэньне нейкіх міжнародных канфліктаў?

Але галоўная праблема, пра якую нагадаў крызыс у адносінах зь Літвой, палягае ў тым, што ролю міратворцы, пасярэдніка, мадэратара, сумленнага брокера можа выканаць толькі нэўтральная дзяржава, якая стаіць над сутычкай. Тое, што Беларусь фармальна, а ў значнай ступені і фактычна зьяўляецца саюзьніцай Расеі, чальцом ваенна-палітычнага блёку АДКБ, сябрам Эўразійскага эканамічнага саюзу, дасюль трохі мікшыравалася адносна нэўтральнай пазыцыяй, якую заняў Менск у канфлікце Расеі з Украінай і Захадам.

Але маючыя адбыцца вайсковыя вучэньні з Расеяй «Захад 2017» моцна зьмянілі палітычны клімат у рэгіёне. Яны выклікалі вялікі міжнародны ажыятаж і асьцярогі суседніх дзяржаў. І ня так важна, наколькі цяперашнія страхі Літвы маюць рацыю. Рэальнасьць і ўяўленьне пра рэальнасьць — розныя рэчы. Нават калі асьцярогі Вільні з нагоды гэтых вучэньняў і перабольшаныя (а я лічу, што гэта так), літоўскія дыпляматычныя дэмаршы вельмі паказальныя. Буйныя вайсковыя вучэньні з Расеяй, якая зьяўляецца асноўным субʼектам шэрагу міжнародных канфліктаў і скандалаў, галоўным віноўнікам разбурэньня існаваўшай дасюль сыстэмы рэгіянальнай бясьпекі, вельмі дрэнна спалучаюцца з роляй донара стабільнасьці і бясьпекі, якую спрабуе рэалізаваць Беларусь. Зьяўленьне расейскіх войскаў на беларускай тэрыторыі на мяжы з НАТО — гэта выклік рэгіянальнай бясьпецы. Ва ўсялякім разе гэта так успрымаецца краінамі рэгіёну. І вельмі дзіўна, што гэтую відавочную праблему не бачаць у МЗС.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG