Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што справакавала крызіс у беларуска-літоўскіх адносінах?


Ілюстрацыя ©Shutterstock
Ілюстрацыя ©Shutterstock

Рэзкія заявы з боку афіцыйных асобаў Літвы адносна Беларусі выклікалі дыпляматычны дэмарш афіцыйнага Менску. У чым прычыны абвастрэньня беларуска-літоўскіх дачыненьняў? Чаму Літва так востра рэагуе на беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні? Ці могуць дэмаршы Літвы спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС?

Удзельнікі: палітычны аглядальнік Віктар Дзенісенка зь Вільні і палітычны аглядальнік інтэрнэт-парталу Tut.by Арцём Шрайбман зь Менску.

«Мець тысячы расейскіх вайскоўцаў каля сваіх межаў — ня вельмі камфортна для маленькіх краінаў»

Валер Карбалевіч: «Ужо 2-3 гады беларуска-расейскія адносіны даволі складаныя. Але апошнімі днямі яны абвастрыліся яшчэ больш. У адказ на заяву прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце, што на тэрыторыі Беларусі Расея праводзіць свае „агрэсіўныя гульні“, беларускі МЗС выклікаў амбасадара Літвы і запатрабаваў тлумачэньняў. Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у адказ выказаў незадаволеньне вайсковымі вучэньнямі на тэрыторыі Беларусі. У чым прычына гэтых дыпляматычных жэстаў? Што стаіць за імі?»

Віктар Дзенісенка
Віктар Дзенісенка

Віктар Дзенісенка: «Літва ўжо некаторы час выказвала незадаволеньне маштабнымі вайсковымі вучэньнямі побач са сваёй мяжой. Але важна мець на ўвазе, што пасьля 2014 году, пасьля дзеяньняў Расеі адносна Ўкраіны, Літва стала разглядаць любую расейскую актыўнасьць каля сваіх межаў як патэнцыйную небясьпеку. Таму ў Літве не выключаюць, што плянаваныя вайсковыя вучэньні „Захад 2017“ могуць стаць прыкрыцьцём для нейкай ваеннай ці „гібрыднай“ правакацыі супраць Літвы і НАТО».

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Арцём Шрайбман: «Сапраўды, пасьля анэксіі Крыму, пасьля вайны на Данбасе любыя, нават рэгулярныя вайсковыя вучэньні ў рэгіёне ўспрымаюцца суседзямі як патэнцыйная пагроза. Мець тысячы расейскіх вайскоўцаў каля сваіх межаў — ня вельмі камфортна для маленькіх краін рэгіёну. Асабліва ў пэрыяд, калі ЗША калі не адмаўляюцца, то значна зьмяншаюць сваю падтрымку на ўзроўні рыторыкі трансатлянтычнага супрацоўніцтва.

Але тут варта заўважыць, што толькі Літва з усіх заходніх суседзяў Беларусі выступае настолькі эмацыйна. І прычына для гэтага — ня толькі вучэньні. Цяпер існуе агульны крызіс беларуска-літоўскіх адносін, які выкліканы ў першую чаргу будаўніцтвам беларускай АЭС. Гэта стварае нэгатыўны эмацыйны фон і атручвае ўсе астатнія сфэры адносін. Гэтыя эмоцыі ў двухбаковых адносінах будуць існаваць датуль, пакуль пытаньне АЭС ня сыдзе з топу парадку дня. А яно ня сыдзе яшчэ некалькі гадоў. Таму такія пікіроўкі будуць рэгулярныя».

Чаму пазыцыя Літвы больш жорсткая, чым у суседзяў?

Карбалевіч: «Сапраўды, Літва рэагуе больш жорстка, чым іншыя суседзі — чальцы ЭЗ. Гэта тым больш незвычайна, што эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Літвы адбываецца пасьпяхова. Вільня зацікаўленая ў тым, каб літоўскі порт Клайпеда быў важным транзытным пунктам для беларускага экспарту. Сп. Дзенісенка, якая ваша вэрсія прычын такой палітыкі?»

Дзенісенка: «У пытаньнях бясьпекі ўсе краіны рэгіёну (Польшча, Літва) выступаюць адным фронтам. Гэта праблема бясьпекі НАТО і пагрозы з боку Расеі парушыць балянс бясьпекі. Літве натуральным чынам дадзена права выказваць агульныя асьцярогі.

Згодзен, што пытаньне будаўніцтва Астравецкай АЭС таксама падлівае алею ў агонь. Літва незадаволеная рэалізацыяй гэтага праекту. Галоўны тут геаграфічны чыньнік. Бо АЭС будуецца недалёка ад мяжы зь Літвой і недалёка ад сталіцы Вільні. І Літва выказвае асьцярогі ў зьвязку зь бясьпекай АЭС.

Адначасова тут узьнікае праблема энэргетычнай бясьпекі. Калі мы кажам пра бясьпеку, то маем на ўвазе ня толькі ваенную пагрозу. Гаворка ідзе пра гібрыдныя пагрозы, у тым ліку інфармацыйную, энэргетычную і інш. Хачу нагадаць, што менавіта ў Вільні знаходзіцца цэнтар энэргетычнай бясьпекі НАТО. Таму Літва выступае за тое, каб краіны ЭЗ не куплялі электраэнэргію, якая будзе выпрацаваная на Беларускай АЭС»

Карбалевіч: «Наконт АЭС зразумела, пра гэта мы пагаворым трохі пазьней. Але вось міністар замежных спраў Літвы, можа адзіны з эўрапейскіх палітыкаў такога ўзроўню заяўляе, што калі ў Беларусі зьявяцца палітвязьні, то магчыма аднаўленьне санкцый ЭЗ. У той час як Польшча даволі актыўна разьвівае супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам, нават інтэнсіўна супрацоўнічае зь беларускім парлямэнтам, які дасюль Эўропа не прызнавала. Чаму такая розьніца ў падыходах дзьвюх суседніх краін?»

Дзенісенка: «Думаю, што на замежную палітыку Польшчы моцны ўплыў аказвае ўнутраная сытуацыя ў гэтай краіне. Існуе канфлікт Варшавы з Брусэлем. Падзеі ўнутры Польшчы выклікаюць засьцярогі з гледзішча лібэральнай дэмакратыі, на прынцыпах якой базуецца ЭЗ. Брусэль абвінавачвае польскае кіраўніцтва ў спробах абмежаваць некаторыя свабоды. Таму Варшава цяпер больш спакойна супрацоўнічае зь Беларусьсю, якую абвінавачваюць у тым жа самым. А Літва застаецца вернай прынцыпам лібэральнай дэмакратыі, таму праводзіць агульную лінію Брусэля, якая ўлічвае пытаньні правоў чалавека».

Ці могуць дэмаршы Літвы спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС?

Карбалевіч: «Пагаворым цяпер пра атамную станцыю. 7 чэрвеня ўрад Літвы прыняў пастанову, што Беларуская АЭС у Астраўцы ўяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літвы. Прычым урад заняў жорсткую пазыцыю: будаўніцтва БелАЭС ня можа працягвацца.

Цікава, што менавіта ў гэты ж дзень інспэкцыйная група МАГАТЭ па выніках SEED-місіі апублікавала даклад пра БелАЭС. У ім гаворыцца, што «пры выбары пляцоўкі і праектаваньні БелАЭС былі належным чынам прааналізаваныя ўсе аспэкты бясьпекі, уключаючы вонкавыя ўзьдзеяньні». І эўракамісар ЭЗ, які нядаўна наведаў Літву, заняў вельмі асьцярожную пазыцыю па гэтым пытаньні. Ці рэалістычная пазыцыя Літвы — спыніць будаўніцтва АЭС?

Шрайбман: «Кароткі адказ — не. Таму што будаўніцтва АЭС — гэта ў Беларусі ня толькі энэргетычны, камэрцыйны праект. Гэта найперш палітычны праект. Будаўніцтва АЭС — справа гонару для Лукашэнкі. Таму ён яе дабудуе, нават калі шляхі продажу электраэнэргіі ў краіны ЭЗ будуць закрытыя.

Будаўніцтва АЭС — справа гонару для Лукашэнкі. Таму ён яе дабудуе, нават калі шляхі продажу электраэнэргіі ў краіны ЭЗ будуць закрытыя

Пазыцыя Літвы тлумачыцца некалькімі чыньнікамі. Найперш Літва падымае шум вакол гэтай праблемы, каб прыцягнуць увагу ЭЗ, каб націснуць на Менск. Бо ў адной Літвы рычагоў ціску недастаткова. І таму Вільня, спрабуючы палітызаваць праблему Беларускай АЭС, дзейнічае ў сваёй лёгіцы правільна.

Але ня думаю, што ў Літвы атрымаецца спыніць будаўніцтва АЭС. Бо для ЭЗ больш аўтарытэтная пазыцыя МАГАТЭ, чым Вільні. Да таго ж захоўваецца трэнд на паляпшэньне стасункаў паміж Брусэлем і Менскам. І ламаць гэты трэнд дзеля гэтага пытаньня ЭЗ ня будзе.

У Літвы можа атрымацца толькі заблякаваць пастаўкі электраэнэргіі з будучай станцыі ў краіны ЭЗ. Гэта магчыма, калі Вільню падтрымае Варшава і калі будуць рэалізаваныя пляны стварэньня адзінай сыстэмы энэргатранзыту паміж краінамі Балтыі і Эўропай. Але гэта ня спыніць будаўніцтва АЭС».

Дзенісенка: «І я ня думаю, што ў Літвы дастаткова магчымасьцяў, каб спыніць будаўніцтва станцыі. Але, сапраўды, яна імкнецца прыцягнуць увагу эўрапейскай супольнасьці да гэтай праблемы, знайсьці саюзьнікаў у асобе Брусэля, а таксама суседзяў (Польшчы, Латвіі, Эстоніі).

Згодзен, што ў Літвы больш шанцаў заблякаваць экспарт электраэнэргіі з АЭС у ЭЗ. Бо ў межах і Эўразьвязу, і НАТО праблема энэргетычнай незалежнасьці чальцоў гэтых абʼяднаньняў ад краін па-за межамі ЭЗ лічыцца важнай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG