Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: заявы міністра Лінкявічуса «значна больш збалянсаваныя і вытрыманыя»


Дзьмітры Мірончык

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык сёньня на брыфінгу адказаў на пытаньне, як у зьнешнепалітычным ведамстве ацэньваюць выказваньні высокіх літоўскіх палітыкаў пра стан літоўска-беларускіх дачыненьняў:

«У клясычным разуменьні дыпляматычных канонаў афіцыйную заяву прэзыдэнта Літвы мы не атрымлівалі. Магчыма, літоўскі бок лічыць такой учорашнія заявы міністра Лінкявічуса. У цэлым яны былі значна больш збалянсаваныя і вытрыманыя.

Як мы лічым, непатрэбна паддавацца эмоцыям. У МЗС зыходзяць з таго, што эмоцыі не павінны дамінаваць у такой далікатнай сфэры, як міждзяржаўныя адносіны», — сказаў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі.

5 чэрвеня ў інтэрвію тэлекампаніі LRT перад сваім візытам у Эстонію прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце сказала:

«Эстонія, як і Латвія ці Польшча, нам вельмі важная, бо гэты рэгіён — гэта ўсходняе памежжа NATO, таму выклікі і пагрозы — тыя самыя. Гэта знаходжаньне на ўсход ад нас Расеі і Беларусі. Вядома, і мілітарызацыя, якую мы бачым у Калінінградзе, выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для розных экспэрымэнтаў і небясьпечных гульняў, скіраваных супраць Захаду. Сярод іх — і будучыя вайсковыя манэўры», — сказала Грыбаўскайце.

6 чэрвеня ў сувязі з выказваньнямі Далі Грыбаўскайце ў МЗС Беларусі быў выкліканы амбасадар Літвы Андрус Пулокас.

«Падчас сустрэчы беларускі бок запатрабаваў тлумачэньняў у сувязі з абвінавачваньнямі Беларусі ў пагрозе для краін Балтыі і Польшчы, якія прагучалі з вуснаў кіраўніка літоўскай дзяржавы», — гаворыцца ў паведамленьні беларускага зьнешнепалітычнага ведамства.

Як падкрэсьлівае МЗС, «асабліва было адзначана, што выкарыстаная прэзыдэнтам Літвы лексыка, уключаючы словы „агрэсіўныя гульні“, зьяўляецца абразай для нашай краіны, якая вядзе міралюбную палітыку, якая ўносіць рэальны і агульнапрызнаны ўнёсак у справу ўмацаваньня бясьпекі нашага рэгіёну».

7 чэрвеня літоўскі міністар замежных спраў Лінас Лінкявічус сказаў:

«Мы заўсёды памятаем пра тое, што гэта наш сусед, што мы з гэтым суседам і гандлюем, і супрацоўнічаем, і партнэрства ў гэтым сэнсе вельмі важнае. Аднак ёсьць аспэкты, якія заслугоўваюць камэнтароў. Мы ня можам не зьвяртаць увагі на гэта. Наколькі мне вядома, прэзыдэнт выказала свой погляд з нагоды манэўраў, якія арганізуюцца Расеяй у апошні час і ў якія Беларусь вельмі інтэграваная, яе тэрыторыя выкарыстоўваецца для дысьлякацыі вялікіх магутнасьцяў», — сказаў Лінкявічус.

Наконт прынятага ў Літве закону, які абвяшчае Беларускую АЭС пагрозай нацыянальнай бясьпецы краіны, Дзьмітры Мірончык сёньня сказаў:

«Давайце паглядзім на гэты закон, прааналізуем яго. Калі рэакцыя спатрэбіцца — адрэагуем. Калі нашы калегі, не чакаючы заканчэньня будаўніцтва, прымаюць законы, робяць эмацыйныя заявы, давайце трошкі супакоімся, ня будзем камэнтаваць кожную прэтэнзію, нават калі яна выкладзеная ў форме закону».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG