Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кунцэвіч абвінавачвае Статкевіча ў хлусьні. Статкевіч кажа, што будзе дапамагаць Кунцэвічу


Сяргей Кунцэвіч

Фігурант «Справы патрыётаў» Сяргей Кунцэвіч, які 2 чэрвеня быў выпушчаны зь СІЗА № 1, апублікаваў на Youtube і Facebook відэазварот, у якім зачытвае загадзя падрыхтаваны тэкст пра тое, што не падтрымлівае ідэю Міколы Статкевіча наконт акцыі пратэсту на 3 ліпеня, пра тое, што Статкевіч «навучыў яго хлусіць» і «рыхтуе маладняк на забой». Тэкст, які зачытвае Кунцэвіч, мае загаловак «Культ асобы Статкевіча».

Свае ранейшыя заявы пра катаваньні, у тым ліку электрашокам, Кунцэвіч на відэа не абвяргае, але і не паўтарае.

У тэксьце, які зачытвае Кунцэвіч, сярод іншага сьцьвярджаецца, што Статкевіч нібы казаў, каб Кунцэвіч хлусіў, што падразьдзяленьне «Альфа» зьбіралася яму нешта падкінуць, што бачыў у іх бутэлькі. Кунцэвіч заяўляе, што яму нічога не падкідалі. Але пры гэтым на кадрах, якія дэманстраваліся дзяржаўнай тэлевізіяй, бутэлькі дэманструюцца побач з машынай, за рулём якой нібыта быў Кунцэвіч, і тэледыктарка кажа пра «каробкі зь дзясяткамі бутэлек, напоўненых вадкасьцю з пахам гаручай сумесі і кнотамі з рызьзя».

На пытаньне Свабоды, чые ж былі бутэлькі, Сяргей Кунцэвіч спачатку пытае, ці нельга і так здагадацца, затым кажа, што бутэлькі падкінуў усё ж КДБ. Ён сьцьвярджае, што тэкст, які зачытвае на відэа, напісаў сам, але просіць зьвярнуць увагу, што «ні ў чым не абвінавачвае Статкевіча, а проста называе факты».

На пытаньне, ці чыніцца на яго ціск з боку КДБ пасьля вызваленьня, Кунцэвіч кажа: «Так, я ўсё яшчэ пад падпіскай аб нявыезьдзе».

Ён зьвяртае ўвагу на тое, што мусіў бы класьціся ў лякарню, але вырашыў тэрмінова запісаць відэа, бо дапамогу, абяцаную Статкевічам, яму не аказалі.

Мікола Статкевіч у камэнтары Свабодзе кажа, што лічыць Кунцэвіча героем, які прайшоў праз катаваньні і здолеў перадаць інфармацыю пра катаваньні, у тым ліку «вынес інфармацыю на ўласным целе».

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

«Цяжка падумаць, праз што прайшоў гэты малады чалавек, які ня быў падрыхтаваны да гэтага, як мы — суткамі, СІЗА... Я думаю, ягоная інфармацыя паўплывала і на яго вызваленьне, і, ведаючы гэтую сыстэму, — на тое, што спыненыя катаваньні патрыётаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні.

Але, безумоўна, усе гэтыя выпрабаваньні не маглі не паўплываць на здароўе Сяргея, на фізычнае здароўе — яму трэба лекавацца, ёсьць вельмі вялікія праблемы. І ён атрымаў пэўную псыхалягічную траўму. Пасьля таго як стан мабілізацыі мінае, магчымая ўсялякая рэакцыя чалавечай псыхікі на перажытае. Мы цяпер шукаем, як дапамагчы Сяргею, шукаем надзейных і кваліфікаваных лекараў.

А тое, што ён там піша і кажа, мы на гэта не зважаем. Безумоўна, можна з гэтага рабіць нейкую сэнсацыю, але гэта на сумленьні кожнага. Я разумею ягоны стан і буду імкнуцца яму дапамагчы. Я думаю, што ягоны стан — гэта яшчэ адно абвінавачаньне супраць гэтага рэжыму».

Пазьней старшыня КДБ Валер Вакульчык у адказ на пытаньне «Эўрарадыё» аб тым, ці ўжываліся да затрыманых па «справе патрыётаў фізычная сіла і катаваньні, сам згадаў Кунцэвіча: «А вы пачыталі камэнтары Кунцэвіча ў Фэйсбуку? Гэта за яго таксама мы напісалі? Відэа прымусілі зрабіць і ўсё астатняе? Ці вы хочаце сказаць, што ён нейкі праўладны, ці што Камітэт яго на свой бок перацягнуў? Разам з тым зьвярніце ўвагу: нягледзячы на тое, што ў яго машыне было знойдзена, юрыдычна сьледчыя не знайшлі дастаткова доказаў, каб паставіць гэта яму ў віну. Таму было прынятае аб’ектыўнае, прадугледжанае законам рашэньне».

Валер Вакульчык, архіўнае фота
Валер Вакульчык, архіўнае фота

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG