Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганаровая грамата для міністра Шуневіча


Ігар Шуневіч, архіўнае фота
Ігар Шуневіч, архіўнае фота

31 траўня на супольным пасяджэньні дзьвюх палатаў Нацыянальнага Сходу міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч атрымаў ганаровую грамату Нацыянальнага Сходу Беларусі «за дзейнасьць па забесьпячэньні правоў і свабодаў грамадзян». Дэпутаты двойчы аплядысмэнтамі павіншавалі міністра з гэтым уганараваньнем. Як любілі пісаць савецкія газэты, узнагарода знайшла героя.

У Беларусі 24 міністэрствы і, значыць, 24 міністры. Працуюць яны па-рознаму.

Але менавіта Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) сёньня найбольш выклікае нараканьняў. Па колькасьці скандалаў гэтае ведамства, бадай, ня мае канкурэнтаў сярод іншых органаў улады.

Не праходзіць і тыдня, каб непрыстойныя ці сумнеўныя з пункту гледжаньня маралі ўчынкі супрацоўнікаў міліцыі не станавіліся здабыткам галоснасьці. Прычым, здаецца, працэс паскараецца, прымаючы ўсё больш гратэскавыя, трагікамічныя формы і маштабы. Вось апошні відэазапіс, калі шасьцёра людзей у форме спрабуюць скруціць аднаго хлопца. Ці нядаўняя гісторыя, як з сэйфа ў адным з падразьдзяленьняў міністэрства скралі 270 тысяч даляраў.

Error rendering VK.

Што справы ў МУС дрэнныя, прызнае і сам міністар. У сьнежні мінулага году Ігар Шуневіч паведаміў, што з 700 супрацоўнікаў ДАІ, правераных дэтэктарам хлусьні, траціна не прайшла выпрабаваньня, і зь імі кантракт ня будзе працягнуты.

1 сьнежня 2016 году Шуневіч у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1» сказаў, што «ў гэтым годзе супраць супрацоўнікаў міліцыі было распачата 123 крымінальныя справы». (!)

31 траўня перад атрыманьнем ганаровай граматы міністар сказаў журналістам, што МУС кожны тыдзень выяўляе тых, хто парушае прафэсійную дысцыпліну.

«Мы кожны тыдзень, у асноўным па выходных, праводзім рэйды па праверцы паводзін супрацоўнікаў міліцыі. І практычна кожны раз знаходзім тых, хто паводзіць сябе некарэктна», — казаў Ігар Шуневіч.

То бок, нават паводле прызнаньняў міністра, той орган, які павінен стаяць на варце закону, часта аказваецца яго парушальнікам. Ягонае далейшае існаваньне становіцца проста небясьпечным для соцыюму. У нармальнай краіне МУС у такой сытуацыі трэба было б неадкладна распусьціць і абвясьціць новы набор у міліцыю пад грамадзянскім кантролем. А міністар даўно павінен быў бы з ганьбай сысьці ў адстаўку.

Ігар Шуневіч у форме НКВД — крайні зьлева
Ігар Шуневіч у форме НКВД — крайні зьлева

Цалкам лягічна, што ў грамадзтве існуе моцны недавер да міліцыі. Паводле шматлікіх апытаньняў НІСЭПД, Міністэрства ўнутраных спраў мае самы нізкі рэйтынг даверу сярод усіх дзяржаўных інстытутаў.

Аднак менавіта міністар Ігар Шуневіч, кіраўнік якраз гэтага скандальнага ведамства, узнагароджаны ганаровай граматай Нацыянальнага Сходу Беларусі «за дзейнасьць па забесьпячэньні правоў і свабодаў грамадзян». Што гэта, калі не дэманстрацыя, недвухсэнсоўны выклік?

Думаю, непапулярнасьць МУС і ягонага кіраўніцтва сярод насельніцтва нават выгадная Аляксандру Лукашэнку. Калі народ ненавідзіць міліцыю, дык тая адчувае сябе як акупацыйнае войска на акупаванай тэрыторыі. І паводзіць сябе адпаведна. Акупацыйнае войска мае справу з чужым народам, якога ня варта шкадаваць. У такой сытуацыі міліцыя будзе больш заўзята абараняць існуючы рэжым і яго кіраўніка. Бо варта толькі крыху паставіць пад сумнеў неабмежаванае права міліцыянтаў жорстка душыць усіх, незалежна ад іх вінаватасьці, то аўтарытарная мадэль пачне падточвацца. Таму спрацоўвае інстынкт самазахаваньня сыстэмы.

Не выпадкова апазнавальным знакам беларускай сталіцы становіцца «аўтазак». Вось старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, выступаючы 2 траўня ў Акадэміі кіраваньня, адзначыў, што настрой людзей падчас сьвяткаваньня Вялікадня сапсавала відовішча «аўтазака», які стаяў каля катэдральнага сабору, а потым спадарожнічаў вернікам на далейшым шляху працэсіі.

Дык якраз у гэтым і палягае лёгіка ўладаў. Народ павінен баяцца ня Бога, а міліцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG