Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп і Эўропа: двубой саюзьнікаў


Якія вынікі сустрэчаў на вышэйшым узроўні ў межах NATO і вялікай сямёркі з удзелам Трампа?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.

Дракахруст: Сустрэчы лідэраў NATO і «Вялікай сямёркі» мелі пэўныя станоўчыя вынікі — краіны альянсу выказалі гатоўнасьць паступова падвышаць свае ваенныя выдаткі, чаго рашуча дамагаецца прэзыдэнт Трамп, «сямёрка» дасягнула пэўнай згоды па пытаньнях Сырыі і Паўночнай Карэі, лідэры краінаў G7 у выніковым камюніке выказалі гатоўнасьць захаваць і нават узмацніць санкцыйны рэжым у дачыненьні да Расеі ў выпадку невыкананьня ёю менскіх дамоўленасьцяў.

Гэта хіба што ўсе пункты, па якіх былі калі не прынятыя рашэньні, то прынамсі захаваная і дасягнутая згода. Прэзыдэнт Трамп, праўда, не казаў больш, як рабіў гэта падчас выбарчай кампаніі, што NATO састарэла, але абедзьве сустрэчы на вышэйшым узроўні суправаджаліся шэрагам канфліктаў і супярэчнасьцяў — ад дробных да буйных.

Прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Дональд Туск публічна паведаміў, што яго падыход і падыход Трампа да Расеі адрозьніваюцца, прэм’ер Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй папікнула ЗША за выцечку сакрэтных зьвестак пра расьсьледаваньне нядаўняга тэракту ў Манчэстэры.

Палітыкі і журналісты скрытыкавалі Трампа за тое, што ён, у адрозьненьні ад ўсіх сваіх папярэднікаў, пачынаючы з Гары Трумэна, не пацьвердзіў публічна абавязаньні ЗША па пятым артыкуле NATO, па абароне, ў выпадку неабходнасьці, саюзьнікаў. Ня тое, што Трамп адмовіў тыя абавязкі, яго прэсавы сакратар Шон Спэнсэр запэўніў, што ЗША на 100% верныя сваім абавязаньні, але крытыка на адрас Трампа ў гэтым пытаньні — паказальная характарыстыка атмасфэры адносінаў.

Патрабаваньні кіраўніка Белага дому, каб эўрапейскія партнэры па NATO падвышалі свае ваенныя бюджэты да запаветнай лічбы ў 2% ВУП, выклікаюць відавочнае раздражненьне ў Эўропе, пакуль толькі 5 з 28 чальцоў вытрымліваюць гэтае патрабаваньне.

Гледзячы па ўсім, Трамп улічвае пагрозу з боку Расеі, аднак мяркуе, што найлепшы спосаб яе стрымліваць — гэта менавіта рост ваенных выдаткаў чальцоў альянсу.

Пра нейкія іншыя крокі — скажам, пра пашырэньне кантынгентаў NATO ва Ўсходняй Эўропе ці пра павялічэньне дапамогі Ўкраіне, на саміце NATO наагул не ішло гаворкі. Вырашылі, што чальцы альянсу распрацуюць пляны павялічэньня ваенных выдаткаў да 2024 году.

Cупярэчлівыя сыгналы з Вашынгтону не надаюць саюзьнікам упэўненасьці.

Як я ўжо сказаў, у выніковым дакумэнце пасяджэньня вялікай сямёркі была адзначаная магчымасьць нават узмацненьня санкцыяў адносна Расеі, аднак напярэдадні саміту ад чальцоў каманды прэзыдэнта ЗША гучалі заявы пра тое, што Трамп яшчэ ня вызначыўся ў гэтым пытаньні. Можа, як раз падчас паездкі ён і прыйшоў да пэўных высноваў, але супярэчлівыя сыгналы з Вашынгтону не надаюць саюзьнікам упэўненасьці.

Няпростымі былі перамовы наконт супольнай гандлёвай палітыкі, Трамп наконт лініі Бэрліну ў гэтым пытаньні заявіў, што «немцы — злыя». Аднак самай спрэчнай праблемай падчас саміту «Вялікай сямёркі» (G7) было пагадненьне аб супрацьдзеяньні зьменам клімату. «Дагэтуль застаецца адкрытым пытаньне адносна пазыцыі ЗША па кліматычным пагадненьні, падпісаным у Парыжы ў 2015 годзе», — паведаміў гаспадар саміту, прэм’ер-міністар Італіі Паола Джэнцільёні. Паводле яго, Трамп дагэтуль ня вырашыў, ці не выйсьці з пагадненьня, якое падтрымліваюць усе астатнія ўдзельнікі G7. Можа, пытаньне і ня самае важнае і вострае, але яно — індыкатар адносінаў.

Пасьля завяршэньня саміту вялікай сямёркі Ангела Меркель заявіла, што цяпер эўрапейцы ня змогуць спадзявацца толькі на падтрымку з боку іншых краінаў. Яна сказала, што прыйшла да такой высновы ў апошнія дні. Няцяжка здагадацца, пад ўплывам чаго.

Сустрэчы ў Бэльгіі і Італіі істотна ня зблізілі пазыцыі, хутчэй прадэманстравалі глыбіню супярэчнасьцяў.

Формула рэзкая. Што азначае — не спадзявацца толькі на падтрымку іншых? Здаецца, краіны Эўропы і раней не спадзяваліся адно на ЗША, нават у пытаньнях абароны і бясьпекі. Такія заявы наўрад ці азначаюць распад NATO і стварэньне асобнай эўрапейскай сыстэмы бясьпекі. Але гэта хутчэй паказьнік няпростых адносінаў эўрапейскіх лідэраў, у прыватнасьці, Мэркэль з новым кіраўніком ЗША. Сустрэчы ў Бэльгіі і Італіі істотна ня зблізілі пазыцыі, хутчэй прадэманстравалі глыбіню супярэчнасьцяў.

Хто ў гэтым спрэчках мае рацыю — гэта нават другасна ў параўнаньні з тым, што трансатлянтычнае адзінства — відавочна ў крызісе. Можа, і несьмяротным, але відавочным.

Карбалевіч: Галоўным пытаньнем першага візыту Трампа ў Эўропу было тое, ці захаваецца ўмоўны калектыўны Захад як суб’ект міжнароднай палітыкі. Захад, не як цывілізацыйная прастора, а як суб’ект міжнароднай палітыкі, ўзьнік пасьля Другой сусьветнай вайны. Гэта увасобілася ў арганізацыйныя формы ў выглядзе NATO, «Вялікай сямёркі» і іншых структурах. Міжнародная роля Захаду асабліва вырасла пасьля распаду савецкага блёку. Дарэчы, меркавалася, што Расея з часам можа стаць часткай такога калектыўнага Захаду, яе прынялі ў «Вялікую васьмёрку».

Адзінства Захаду грунтавалася на аднолькавых каштоўнасьцях, на аднолькавым эканамічным і палітычным ладзе, аднолькавых уяўленьнях пра пагрозы і небясьпекі ў сьвеце, якія трэба нэўтралізаваць. Мэханізм NATO дазваляў хутка і эфэктыўна прымаць рашэньні, асабліва ва ўмовах, калі іншыя міжнародныя інстытуцыі, кшталту ААН, выявіліся недзеяздольнымі рэагаваць на выклікі.

Цяпер, з абраньнем Трампа, выявіўся пэўны крызыс эўраатлянтычнай салідарнасьці. Гэта не першы крызыс. Можна ўзгадаць, як падчас ірацкай вайны 2003 году NATO раскалолася, была жорсткая публічная палеміка паміж лідэрамі заходніх краінаў, нават узьнікла дзіўная канфігурацыя, часовы саюз Францыі, Нямеччыны і Расеі як апазыцыя ЗША і Вялікабрытаніі.

Крызіс ёсьць, але крызыс — гэта не распад, а хутчэй новыя магчымасьці.

Фармальна салідарнасьць і адзінства было праяўленыя і на сустрэчах Брусэлі і ў Таарміне. Прынятыя патрэбныя дакумэнты, прагучалі адпаведныя заявы. Але, як той казаў, «асадачак застаўся». Асабліва у выглядзе заявы Мэркель, што Эўропе трэба спадзявацца на сябе.

Я б пакуль не сьпяшаўся рабіць нейкія гучныя высновы, як гэта робяць расейскія мэдыі, наконт распаду заходняй кааліцыі. Так, крызыс ёсьць, але крызыс — гэта не распад, а хутчэй новыя магчымасьці.

Цыганкоў: Я б таксама не перабольшваў значнасьць і глыбіню гэтага крызысу. Думаю, што ён адлюстроўвае тое, што лідэры краінаў Эўропы павінныя знайсьці тую мову, на якой яны будуць далей гаварыць з новым кіраўніком ЗША. Так ці інакш, яе прыйдзецца знаходзіць. Магчыма, яна будзе сухой і стрыманай, але яна будзе.

У 2003 годзе, падчас вайны ў Іраку, сапраўды Эўропа раскалолася і нават узьнік тэрмін, які тады ўпершыню ўжыў тагачасны міністар абароны ЗША — пра новую Эўропу і старую. Бо старая Эўропа, гэта найперш Нямеччына і Францыя, выступілі тады супраць гэтай ваеннай кампаніі і актыўна ёй пярэчылі. Падтрымалі ЗША Брытанія, Аўстралія і эўрапейскія краіны, якія адносіліся да так званай «новай Эўропы» — то бок усходнеэўрапейскія чальцы Эўразьязу.

Сёньняшні крызыс перш за ўсё грунтуецца на асабістых «прыцірках», на неўспрыняцьці большасьцю эўрапейскіх лідэраў і асобы, і палітычнай практыкі прэзыдэнта ЗША.

Што да заявы Мэркель, то мне яна падаецца элемэнтам перадвыбарчай барацьбы.

Што да заявы Мэркель, то мне яна падаецца элемэнтам перадвыбарчай барацьбы, якая зараз разгарнулася ў Нямеччыне. Нагадаем, што там у верасьні адбудуцца выбары, і хіба што ўпершыню за апошнія гады пазыцыі Мэркель не настолькі моцныя. Яе фаварыцкі статус за апошнія месяцы катэгарычна зьменшыўся, сацыял-дэмакраты яе даганяюць, і яна шукае новыя яскравыя заявы, якія могуць павярнуць выбарнікаў ізноў на яе бок.

І вось гэтая заява пра тое, што Эўропа павінна спадзявацца толькі на сябе — элемэнт выбарчай барацьбы. Бо калі ўспрымаць яе як нейкую палітычную праграму, то што гэта можа азначаць? Эўропа зьбіраецца выйсьці з NATO? Будаваць аўтаномнае эўрапейскае войска?

Пра гэта ў розныя гады заходзіла размова, і якраз у 2003 годзе таксама. Але трэба разумець, што NATO — гэта саюз, дзе Амэрыка зьяўляецца ваенным «парасонам» для Эўропы. І калі Нямеччына і іншыя эўрапейскія краіны адмаўляюцца і не жадаюць павялічваць свае ваенныя выдаткі і разам з тым гавораць, што Эўропа павінна спадзявацца толькі на сябе, то ў гэтым ёсьць пэўная супярэчнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG