Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кактэйлі Молатава» і Фраў А. аказаліся мітам», — Бяляцкі лічыць, што «справа патрыётаў» можа не дайсьці да суду


Алесь Бяляцкі

Сьледчы камітэт Беларусі прыняў распачатую КДБ крымінальную справу па артыкуле 287 КК РБ — стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня«, вядомую як «справа патрыётаў». Але па артыкуле за «падрыхтоўку масавых беспарадкаў» крымінальны перасьлед спынены.

Што гэта значыць, Свабодзе кажа старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі:

«Па-першае, гэта значыць, што той міт, які распаўсюджвалі афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі пра беспарадкі, цяпер разьвеяўся канчаткова. Ён нічым ня быў пацьверджаны за тыя амаль два месяцы пасьля падзеяў, што адбываліся ў сакавіку.

Прапагандысцкі фільм БТ аб справе „Белага легіёну“

Канечне ж, гэта выклікае вялікія пытаньні і да прафэсіяналізму КДБ, які распачаў гэтую справу. Атрымліваецца, што ўсе гэтыя эпізоды пра „кактэйлі Молатава“, якія былі „знойдзеныя“ 25 сакавіка, пра „Фраў А.“, якая выступала ў амбасадзе са зваротам па масавых беспарадках — усё гэта аказалася прапагандысцкім фэйкам.

Гэта паказвае, што ў распачынаньні гэтай справы галоўным быў палітычны падтэкст, а ня нейкія дзеяньні, якія сапраўды мелі месца.

Тое, што справа была перададзеная з КДБ, мне падаецца, паказвае, што КДБ вырашыў ухіліцца ад далейшага разьвіцьця гэтай справы. Я не сумняюся, што КДБ будзе стаяць за сьпінай СК, фактычна схаваўшыся за СК. Але думаю, што яны надалей будуць кантраляваць ход гэтай справы, а калі справа дойдзе да суду, то і самі суды.

„Улады бачаць грамадзянскую супольнасьць як небясьпечнага праціўніка“, — Алесь Бяляцкі ў „Інтэрвію тыдня“

Але шанцы на тое, што справа дойдзе да суду, зьменшыліся. На адзін артыкул стала меней — гэта кажа пра тое, што мо і ўся справа ня дойдзе да суду. Будзем глядзець вельмі ўважліва».

*

Аляксандар Лукашэнка 21 сакавіка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лягерах са зброяй». Адзін зь лягераў нібыта быў «у раёне Бабруйску і Асіповічаў», астатнія — ва Ўкраіне і ці то Літве, ці то Польшчы. Пасьля пачаліся затрыманьні. Затрымалі прынамсі 35 чалавек (большая частка — або сябры «Маладога Фронту», або людзі, зьвязаныя з колішнім «Белым легіёнам»), на сёньня за кратамі застаюцца 14.

«Вясна» і большая частка праваабарончых арганізацый Беларусі не прызнаюць фігурантаў «справы патрыётаў» палітвязьнямі, бо ня маюць аб справе дастатковых зьвестак (абвінавачаньні фармальна не палітычныя — дзеяньні, якія інкрымінуюцца фігурантам, сапраўды незаконныя, але рэальныя дэталі справы невядомыя). У той жа час шэраг праваабарончых арганізацый, у ліку якіх і «Вясна», патрабуюць неадкладна вызваліць затрыманых, бо тыя, каго затрымлівалі, казалі пра катаваньні. Але Генпракуратура ня бачыць падставаў для пракурорскай праверкі.

Што напісаць затрыманым па «справе патрыётаў». Сьпіс адрасоў

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG