Пра тое, як Расея ўзмацніла абстрэлы Краматорска, а многія жыхары рыхтуюцца да эвакуацыі, рэпартаж тэлеканалу «Настоящее время».
Краматорск знаходзіцца яшчэ даволі далёка ад лініі фронту: да яе каля 15 кілямэтраў. Але ў апошнія тыдні, паводле слоў жыхароў, Расея ўзмацніла абстрэлы.
У пачатку траўня Расея скінула на цэнтар гораду тры фугасныя бомбы: загінулі 6 чалавек, яшчэ 13 атрымалі раненьні. 18 траўня войска Расеі абстраляла Краматорск з РСЗА «Смерч», а 19 траўня зноў ударыла па горадзе авіябомбамі: тады таксама загінулі і былі параненыя некалькі чалавек.
На ўскраіне Краматорска ў многіх дварах можна ўбачыць абгарэлыя пасьля ўдараў расейскіх бесьпілётнікаў машыны, а на вуліцах — мэмарыялы загіблым пры абстрэлах. Многія людзі ў Краматорску з трывогай слухаюць абяцаньні расейскіх вайскоўцаў захапіць усю тэрыторыю Данбасу да восені 2026 году і рыхтуюцца да эвакуацыі.
Тацяна ўжо 11 гадоў вырошчвае кветкі на клюмбе ля свайго дому ў Краматорску. Але, паводле яе слоў, апошнім часам у яе ўсё часьцей апускаюцца рукі і займацца кветкамі няма ахвоты.
«Часам выходзіць ні сіл ужо няма, ні жаданьня. Таму што я толькі пачну нешта рабіць — верашчыць! — распавядае жанчына. — Толькі нешта пачну рабіць — як трэба бегчы ў пад’езд! Дроны ўвесь час у нас тут бʼюць, асабліва гэтыя „фпвэшкі“ проста вішчаць! Так ударылі па Славянску, што мне было чуваць. І гэта кожны божы дзень! Асабліва пасьля (травеньскага) перамірʼя так яны як з ланцугу сарваліся. Што яны робяць? Гэта нелюдзі нейкія. Нелюдзі! Я іх лютай лютасьцю ненавіджу! У мяне ўнуку два з паловай гады, ён так крычыць падчас абстрэлаў, так баіцца!»
Абстрэлаў, па словах Тацяны, баіцца і яе сабака, маленькі ёркшырскі тэрʼер:
«Яму прызначылі дарагія заспакойваючыя лекі, тыя, што для людзей. Я яму іх даю трэці месяц, але асабліва толку няма, — расказвае жанчына. — Я з-за гэтага не магу зт ім гуляць: выйдзе — і стаіць, баіцца».
Іна, супрацоўніца заалягічнай крамы ў Краматорску, кажа, што пакупнікоў у горадзе амаль не засталося. А тыя, хто заходзяць, бяруць у асноўным тавары для эвакуацыі сабак і катоў і сродкі, што супакойваюць іх.
«Пераноскі для жывёл зараз карыстаюцца вельмі вялікім попытам, таму што вельмі шмат людзей выяжджаюць з гораду, — расказвае прадавачка. — І яшчэ вельмі добра бяруць заспакойлівыя прэпараты — для таго, каб жывёла нармальна пераносіла пераезды. Таму што вельмі моцныя выбухі ў горадзе, і жывёлы атрымліваюць вялікі стрэс».
Тацяна кажа, што не хоча зьяжджаць з гораду, бо тут яе дом.
«А куды ехаць? За што? Каму мы дзе патрэбныя? — эмацыйна пытаецца яна. — Гэта мой дом, я тут 35 гадоў жыву! Я што, кіну кветнік свой? Хочацца жыць у сваёй хаце, каб усё было ўжо ціха, займацца сваім любімым кветнікам. Больш нічога не хачу!»
Сытуацыя ў горадзе крытычная, пагроза для жыхароў сапраўды расьце, прызнае Віталь, галоўны сяржант 93 брыгады УСУ, дыслякаванай на Краматорскім кірунку. Над вуліцамі Краматорска вісяць дроны, а на тратуарах можна бачыць лёску-оптавалакно: менавіта па ёй перадаецца сыгнал ад апэратара да дрона.
Украінскія вайскоўцы распавядаюць, што расейскія дроны рэгулярна атакуюць цывільныя аўтамабілі. Нядаўна над Краматорскам пачалі ўсталёўваць антыдронавыя сеткі, але яны пакуль не ратуюць.
«Зараз сытуацыя такая, што нейкі перахопнік відэасыгналу ў аўтамабілі павінен ляжаць. І павінен ляжаць драбавік — для таго, каб паспрабаваць у выпадку чаго хаця б сябе абараніць ад дрона або абараніць той транспарт, на якім перасоўваесься», — кажа Віталь.
Мясцовая паліцыя расказвае, што яе супрацоўнікам даводзіцца выконваць новую функцыю — змагацца ў гарадах з дронамі. Паліцыянты пацьвярджаюць, што і напады дронаў, і абстрэлы з боку Расеі адбываюцца кожны дзень, у любы час дня.
«З розных калібраў, цяжкія абстрэлы, гэта і авіяцыя, і РСЗА, і ўсё гэта Краматорск прымае, — расказвае Арцём Шчусь, камандзір батальёна асаблівага прызначэньня. — Пра „Шахеды“, „Герані“, FPV-дроны, „Молнии“ я ўжо нават не кажу, таму што гэта ўжо на пастаяннай аснове».
У Краматорску таксама пачалі зьяўляцца «зубы дракона» — бэтонныя ўмацаваньні ў выглядзе пірамід, якія павінны спыніць бронетэхніку. Калі расейскае войска яшчэ бліжэй падыдзе да гораду — іх выставяць для ўмацаваньня лініі абароны. Таксама, баючыся расейскага наступу, з Краматорска пачалі эвакуацыю помнікаў.
У гарадзкой адміністрацыі кажуць, што гэта робіцца дзеля таго, каб захаваць культурную спадчыну гораду. Два помнікі ўжо дэмантавалі — Тарасу Шаўчэнку і Леаніду Быкаву. Застаўся яшчэ помнік ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.
Нягледзячы на абстрэлы, на вуліцах Краматорска чыста: камунальныя службы працягваюць працаваць, пакуль магчыма. На дарогі нават працягваюць наносіць разьметку. Супрацоўніца камунальнага прадпрыемства Руслана называе цяперашнюю сытуацыю «памяркоўнай».
«Трэба жыць у чысьціні і ў дабрыні. Ня вельмі прыемна ў брудным жыць, — заўважае яна. — А на жыцьцё трэба глядзець аптымістычна, пазытыўна».