Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На дроны ўжо не рэагуем, а кіраваных бомбаў баімся сьмяротна». Рэпартаж з Канстанцінаўкі Данецкай вобласьці, за якую ідуць баі

Руіны ў Канстанцінаўцы Данецкай вобласьці Ўкраіны, сьнежань 2025 году
Руіны ў Канстанцінаўцы Данецкай вобласьці Ўкраіны, сьнежань 2025 году

З Канстанцінаўкі, якую ўжо некалькі месяцаў спрабуюць акупаваць расейскія войскі, мясцовым жыхарам практычна няма як эвакуавацца.

Адзіную дарогу, па якой можна выйсьці з гораду, кантралюе рой расейскіх дронаў.

Рэпартаж з гораду Канстанцінаўка Данецкай вобласьці Ўкраіны тэлеканалу «Настоящее время».

Репортаж из Константиновки Донецкой области, за которую идут бои
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:55 0:00

Дарогу, якая вядзе ў Канстанцінаўку, называюць «дарогай жыцьця». Яна вядзе на адзін з самых складаных участкаў фронту. Ёю перамяшчаюцца ўкраінскія вайскоўцы і эвакууюцца мясцовыя жыхары.

Трасу дзень і ноч атакуюць расейскія дроны, каб перарэзаць камунікацыі. Над будынкамі бачны дым. Бліжэй відаць, што гэта бранятэхніка трапіла пад удар.

Вельмі небясьпечныя так званыя «пачакуны», дроны, якія садзяцца на скрыжаваньні і ловяць транспарт, які праяжджае міма.

«Гэтыя пачакуны — гэта ж мы ходзім, кантралюем, калі бачым, расстрэльваем. Каб выжывала тэхніка, заяжджала цэлая і выходзіла цэлая. Калі тэхніка жывая, значыць і ў тэхніцы людзі, боепрыпасы, ежа, усё, што трэба», — апавядае вайсковец УСУ Міхаіл.

У Канстанцінаўцы ўсё разьбіта. Дроны атакуюць безь перапынку.

«З наплывам з расейскага боку дронаў мы сваю ініцыятыву страцілі. Калі мелі. А яны яе нарасьцілі. Такая сытуацыя ў нас атрымалася, што зараз яны пануюць», — працягвае Міхаіл.

На фоне страляніны і разбурэньняў бачым, як мясцовы жыхар Андрэй, не палохаючыся, дастае з калодзежа ваду.

«Пабеглі, дроў набралі, у печы напалілі. Жыву з маці. Калі б ня маці, я б ужо даўно выехаў» — кажа ён.

Руіны ў Канстацінаўцы. Сакавік 2026 году
Руіны ў Канстацінаўцы. Сакавік 2026 году

Маці Андрэя Антаніна Токарава — настаўніца ўкраінскай мовы, 44 гады адпрацавала ў школе:

«Куды ехаць, ня ведаем. Паехалі б, ды няма куды. Я б паехала ў Сумскую вобласьць, бо ў мяне там усе мае блізкія. Але да каго? Там таксама ўсё разьбіта».

Сваякі Антаніны Васілеўны жылі ў той частцы Сумскай вобласьці, дзе цяпер таксама моцныя баі. Нягледзячы на пастаянныя абстрэлы, як пацяплее, Антаніна зьбіраецца нават саджаць агарод.

«І цыбулю пасаджу, і бульбу. Мы ж паміж пралётамі. Яны праляцяць, а мы раз-раз і ўцякаем. А што рабіць? З голаду паміраць? Тут хоць бы выжыць, толькі б сьцены былі цэлыя. Дах чатыры разы перакрывалі. Спачатку наймалі, а потым ужо самі лазілі», — працягвае Антаніна Токарава.

Дарога Канстацінаўка — Дружкаўка. Люты 2026 году
Дарога Канстацінаўка — Дружкаўка. Люты 2026 году

Андрэй за адну ноч налічыў 28 удараў расейскіх авіябомбаў.

«І так кожны дзень, гэта ў іх стабільна, тры пускі па чатыры штукі, 12 штук. Гэта яны адпрацуюць абы-куды, у дом, ня ў дом, у пасадку, у могілкі, па мосьце», — кажа Андрэй.

Суседзі пераважна разьехаліся.

«Тыя выехалі, тыя зьніклі, таго забілі. Учора было шэсьць суседзяў, а сёньня ня ведаю. Мы людзей хаваем у мяшках. У нас сваяка ў цэляфанавым пакеце пахавалі. І на тачцы адвезьлі. Але гэтае вялікае шчасьце, што ён трапіў на могілкі — не ў агародзе закапаны».

Гінуць мясцовыя жыхары і ад дронаў, і ад артабстрэлаў, і ад авіябомбаў. Карціна ў Канстанцінаўцы жахлівая, усё разьбіта, разбурана, вырвы ад авіябомбаў, раямі лётаюць дроны, а людзі ходзяць па вуліцах, езьдзяць на роварах. І, на жаль, гінуць.

Вайсковец УСУ Міхаіл расказвае, што людзі з Канстанцінаўкі спрабуюць выйсьці і дабрацца да трасы на Краматорск, але гэта стала вельмі небясьпечна.

«Калі можна было, трэба было выяжджаць ці выходзіць. Ідуць па вуліцы — бабах, і ўсё. Я ня бачыў, хлопцы расказвалі: бабка з дзедам, што ён, што яна ляжаць з той коўдрай і тачкай. І ўсё, сабакі расьцягнулі, дачакаліся», — кажа Міхаіл.

Дарога Канстацінаўка — Дружкаўка ў антыдронавых сетках. Люты 2026 году
Дарога Канстацінаўка — Дружкаўка ў антыдронавых сетках. Люты 2026 году

Выехаць з канстанцінаўскага кірунку гэтак жа складана, як і трапіць туды. Бронемашына, аб’яжджаючы вырвы і разваліны, імчыцца туды, дзе бясьпечна толькі ўмоўна. Цяпер галоўнае — выехаць з зоны паражэньня. Украінскі вайсковец з пазыўным «Кент» апавядае, што нас спрабаваў атакаваць дрон. Кажа, што прайшоў вельмі блізка. У той жа дзень стала вядома, што валянтэры спрабавалі эвакуаваць мясцовых жыхароў з таго кірунку, дзе мы былі. Трапілі пад атаку бесьпілётнікаў, загінула жанчына.

XS
SM
MD
LG