40% магутнасьцяў Расеі ў экспарце нафты выведзеныя з ладу, гэта эквівалентна двум мільёнам барэляў у содні, падлічыла агенцтва Reuters. Прычына — атакі ўкраінскіх бесьпілётнікаў, затрыманьні танкераў «ценевага флёту» і прыпыненьне працы нафтаводу «Дружба», піша «Настоящее время».
У прыватнасьці, адгрузкі нафты, паводле Reuters, давялося спыніць пасьля нападаў украінскіх дронаў на порт Усьць-Лугі. Разам з Прыморскам гэта адзін з двух найбуйнейшых экспартных партоў Расеі на Балтыцы.
«У абодвух партах вельмі сур’ёзна пашкоджаныя самыя тэрміналы — і пашкоджаныя перш за ўсё сховішчы, — расказаў пра наступствы атакі на порт Усьць-Луга вайсковы экспэрт Ян Матвееў. — Там гарэлі некалькі рэзэрвуараў — і ў Прыморску, і ў Усьць-Лузе. Мяркуючы з усяго, вось па тым відэа і фота, па спадарожнікавых здымках, яны атрымалі сур’ёзную шкоду. Плюс ёсьць непацьверджаныя зьвесткі відавочцаў аб тым, што ў Усьць-Лузе таксама гарэлі й танкеры».
Цяпер цана нафты маркі Urals набліжаецца да 100 даляраў за барэль. У гэты момант Расея пазбаўляецца паловы свайго дзённага экспарту нафтапрадуктаў, трацячы ад 70 да 80 мільёнаў даляраў штодня, падлічыў экспэрт у нафтагазавым рынку Барыс Аранштэйн.
«ЗСУ, вядома, ідэальна падабралі час і кірунак удараў цяпер, калі сапраўды праліўся нечаканы залаты дождж. Расея робіць усё магчымае, каб павялічваць экспарт. Здабычу нафты павялічваць складана, цяпер гэта наўрад ці атрымаецца. А вось экспартныя магчымасьці яна можа напружваць. Вось тут ЗСУ якраз у гэтыя пляны ўмяшалася».
Разам з портамі Усць-Лугі і Прыморску на Балтыйскім моры зьніжаныя аб’ёмы адгрузкі нафты і ў порце Новарасійску на Чорным. Ён таксама пацярпеў ад атак украінскіх дронаў у сакавіку.
Паводле Reuters, адбылося самае сур’ёзнае парушэньне адгрузкі нафты з Расеі ў сучаснай гісторыі.
«Самае галоўнае пытаньне застаецца: наколькі сур’ёзна пашкоджаная менавіта інфраструктура для перавалкі нафты, нафтапрадуктаў? Бо зразумела, што нават калі частка рэзэрвуараў застанецца цэлай, то іх можна выкарыстоўваць, а калі само абсталяваньне пашкоджанае, дык усё — гэта паставіць вельмі сур’ёзна на паўзу загрузку нафты, паліва», — кажа Ян Мацьвееў.
Форум