У Расеі яшчэ ў адным порце на Балтыцы пажар. Ва Ўкраіне пасьля ўдару дронамі амаль 100 параненых

Наступствы расейскага ўдару па Львове, 24 сакавіка 2026 году
Наступствы расейскага ўдару па Львове, 24 сакавіка 2026 году

Губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Аляксандар Дразьдзенка паведаміў, што над рэгіёнам у ноч на 25 сакавіка зьбілі 56 дронаў.

«Ва Ўсьць-Луге ў зоне парта вядзецца лякалізацыя ўзгараньня. У Выбаргу пашкоджаны дах жылога дому. Папярэдне ніхто не пацярпеў», — паведаміў Аляксандар Дразьдзенка.

Усьць-Луга — другі ключавы марскі порт Расеі на Балтыйскім моры, празь які Масква экспартуе сырую нафту і нафтапрадукты. У ноч на 23 сакавіка ўкраінскія сілы атакавалі ў Ленінградзкай вобласьці порт у Прыморску — тады ў выніку пашкоджаньня ёмістасьці з палівам пачаўся пажар, аэрапорт «Пулкава» не працаваў больш за 15 гадзін.

Ва Ўкраіне дзясяткі параненых пасьля найбуйнейшай расейскай атакі дронамі

Расейскія войскі ў ноч на 24 сакавіка і ўвесь наступны дзень выкарысталі супраць Украіны амаль тысячу ўдарных дронаў — 365 уначы і 541 удзень. Ад абстрэлу пацярпела пераважна заходняя частка Ўкраіны.

У Львоўскай вобласьці на раніцу 25 сакавіка паведамілі аб 32 параненых, у Віньніцкай — адзін чалавек загінуў і 13 параненыя, у Івана-Франкоўску — два чалавекі загінулі і чатыры (у тым ліку адно дзіця) параненыя, у Жытоміры — параненая 12-гадовая дзяўчына, у Днепрапятроўскай вобласьці параненыя 16 чалавек, у Хмяльніцкай вобласьці паранены адзін чалавек, у Запароскай — два чалавекі загінулі, 13 параненыя.

Ад абстрэлаў пацярпелі таксама Ровенская, Жытомірская і Чарнігаўская вобласьці. Расейскія войскі паўсюль намагаліся пацэліць па цэнтрах абласных гарадоў.


​
XS
SM
MD
LG