У Пецярбургу праз атаку дронамі аэрапорт не працуе больш за 15 гадзін. У Прыморску гарыць рэзэрвуар з палівам

Аэрапорт «Пулкава». Ілюстрацыйнае фота
Аэрапорт «Пулкава». Ілюстрацыйнае фота

Аэрапорт «Пулкава» 22 сакавіка спыніў прыём і адпраўку самалётаў праз атаку бесьпілётнікаў на Пецярбург і Ленінградзкую вобласьць.

Як паведаміла мясцовае выданьне «Фонтанка», на раніцу 23 сакавіка сродкі супрацьпаветранай абароны зьнішчылі больш за 50 дронаў, аднак абмежаваньні на палёты працягваюць дзейнічаць.

Большасьць рэйсаў ранішняга раскладу адклалі на нявызначаны час або афіцыйна скасавалі.

Як паведамілі ў прэсавай службе аэрапорту, скасавалі 48 рэйсаў, затрымалі больш за 50 рэйсаў. Рэжым абмежаваньняў працягваецца больш за 15 гадзін.

«Адным з найбольш сур’ёзных інцыдэнтаў стала здарэньне ў парту Прыморску. У выніку атакі пашкоджаная ёмістасьць з палівам, у выніку чаго пачаўся пажар. Пэрсанал апэратыўна эвакуавалі. Цяпер вядуцца працы па тушэньні пажару. Інфармацыі аб пацярпелых няма», — адзначаецца ў паведамленьні.

Ва Ўкраіне гэтую інфармацыю пакуль не камэнтавалі.

Сілы абароны Ўкраіны ўсё часьцей атакуюць на тэрыторыі Расеі вайсковыя аб’екты і прадпрыемствы, якія забясьпечваюць расейскую армію.


​
XS
SM
MD
LG