Наступствы расейскага ўдару па Запарожжы ў лютым 2026 году. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія войскі ў ноч на 24 сакавіка нанесьлі камбінаваны ўдар па Ўкраіне — атакавалі краіну ракетамі і ўдарнымі дронамі. Найбольш пацярпелі Палтаўская і Запароская вобласьці.
У выніку расейскага ўдару ў Палтаўскай грамадзе загінулі два чалавекі і 11 атрымалі раненьні.
Паводле абласных уладаў, пашкоджаньні атрымалі жылыя дамы і гатэль, пачаліся пажары.
У Запароскай вобласьці пад расейскім агнём апынуліся 44 населеныя пункты. Адзін чалавек загінуў і яшчэ сем атрымалі раненьні ў Запарожжы і Запароскім раёне. Рэгіён атакавалі з баявой авіяцыі і дронамі.
Улады атрымалі больш за 60 паведамленьняў аб пашкоджаньні інфраструктуры, жыльля, аўтамабіляў і адміністрацыйных будынкаў.
У Малдове пашкоджаная высакавольтная лінія электраперадач
Ва ўрадзе Малдовы паведамілі, што пасьля начнога абстрэлу расейскімі войскамі энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны на поўдні выйшла з ладу высакавольтная лінія электраперадач.
Каб падтрымліваць энэргазабесьпячэньне, апэратар энэргетычнага рынку краіны Moldelectrica ў каардынацыі з калегамі з Румыніі і Ўкраіны падключылі альтэрнатыўныя маршруты паставак, у тым ліку 4 міжсеткавыя лініі 110 кВ паміж Румыніяй і Малдовай.
«Высокапрапускная лінія Ісача — Вулкэнешты застаецца адключанай, і працэс праверкі працягваецца», — адзначаецца ў паведамленьні.
Форум