Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пад абстрэламі і бомбамі ў Запароскай вобласьці ідзе пасяўная. ВІДЭА

Пасяўная ў Запароскай вобласьці Ўкраіны ідзе ў перапынках паміж абстрэламі і атакамі  дронаў
Пасяўная ў Запароскай вобласьці Ўкраіны ідзе ў перапынках паміж абстрэламі і атакамі дронаў

Аграрыі не акупаваных Расеяй раёнаў Запароскай вобласьці Ўкраіны працуюць паміж абстрэламі побач з замінаванымі палямі.

Тэхніка пашкоджаная, людзей не хапае, а частка рэгіёну акупаваная. Фэрмэры сеюць, ня ведаючы, ці змогуць сабраць сёлетні ўраджай. Пра гэта апавядае тэлеканал «Настоящее время».

Как во время обстрелов в Запорожской области идет посевная
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:00 0:00

Зь вялізнага меху тону ўгнаеньняў засыпаюць у спэцыяльны разьмеркавальнік. Нельга прапусьціць ніводнай градкі. За стырном трактара Сяргей. Сёньня яму трэба апрацаваць гэтае поле, а потым яшчэ два такія ж. Працы мора, кажа ён: «Ну, будзем старацца. Што пасьпеем».

Тымчасам мэханізатар Валеры Перацяцька рыхтуе пасяўны комплекс. Правярае і змазвае ўсе мэханізмы:

«У нас яны стаялі раней у закрытым памяшканьні і нічога не іржавела. Сёлета мы перагналі тэхніку на правы бераг, і яна там стаяла пад адкрытым небам. Ну і крыху іржой узялося, зараз змазваем».

Перагнаць трактары, камбайны і сеялкі на другі бераг давялося, бо ангары, дзе раней стаяла тэхніка, разьбітыя, удакладняе Валеры:

«Адзін прыляцеў, потым другі, і ў нас разьнесла ўвесь дах. Прыляцела, і тут нават засталося крыху збожжа. Яго там засыпала ўжо недзе пад плітамі».

У пасёлку Балабіне Запароскай вобласьці ад расейскіх абстрэлаў цярпяць і прыватныя дамы. Ня так даўно авіябомбы разбурылі тут цэлую вуліцу.


Жыхарка пасёлку Балабіна Галіна
Жыхарка пасёлку Балабіна Галіна

«Вось гэтыя людзі — яны наагул рыдалі. Яны толькі дахі зрабілі — і зноў прылятае практычна па тым жа месцы. Зноў, яшчэ горш. Зноў яны робяць дахі. Вось гэтыя — ім пашанцавала, што хоць цэгла засталася. А там наагул атрымліваецца... Жанчына згарэла жыўцом, 55 ці 56 гадоў», — расказвае жыхарка пасёлку Балабіна Галіна.

Акрамя авіябомбаў, у пасёлак часта залятаюць ударныя бесьпілётнікі, апавядае Галіна. Вось яна і выбрала момант, каб падстрыгчы газон:

«Я вось чую, што дроны ня лётаюць. Муж кажа: так зараз суседзі будуць думаць, што дроны лётаюць. Я кажу: ну няхай яны мне прабачаць ужо. Трава ж такая вялікая расьце».

У прыфрантавых рэгіёнах найбольшая праблема аграрыяў зараз — FPV-дроны і замінаваныя палі.

«Бывае, што палохаесься нават птушкі — пакуль ня ўбачыш, што яна крыламі ўзмахне, тады ўжо расслабляесься. А так глядзіш і на зямлю, пад ногі, бо шмат валяецца, і ў неба, і яшчэ за тэхнікай трэба глядзець», — кажа мэханізатар Валеры.

Ён паказвае крылы ад кіраванай авіябомбы.

«Вось такія аскепкі па ўсім полі. Вось гэта чыгун. Іх вельмі шмат, ёсьць нават вялікія, якія я ня здолеў падняць, і яны так і засталіся ў полі. Бесьпілётнік фанэрны тыпу „Молния“. Вось гэта рэшткі ад „Молнии“, якія валяліся тут у полі».

Мэханізатар Валеры Перацятка
Мэханізатар Валеры Перацятка

«З кабіны трактара вельмі складана выявіць пагрозу. У трактары так гудзіць, што дрон, напэўна, тут унутры і не пачуеш. Толькі трэба глядзець у неба, але можна яго ўбачыць ужо ў апошні момант, калі будзе запозна», — кажа Валеры.

З прычыны вайны на прадпрыемстве работнікаў не хапае. Валеры і арэ, і сее, і рамантуе:

«Хто разьехаліся, хто пайшоў служыць, і зараз я вось адзін працую і трактарыстам, і кіроўцам грузавіка, і камбайнэрам. Ну адзін — і сьлесар, і мэханік, і кіроўца».

Акрамя сытуацыі зь бясьпекай, сёлета веснавым палявым працам перашкаджае надвор’е. «Вясна выдалася халоднай, глеба не прагрэлася. Даводзіцца чакаць цяпла. І далей ужо пайшла вільгаць. Ну вось зараз зямля яшчэ халодная. Ну а ўжо тэрміны падціскаюць, будзем сеяць», — кажа Валеры.

Праз набліжэньне фронту і рост дальнабойнасьці дронаў гэтая грамада зь мінулай восені страціла прыблізна трэць пасяўных земляў.

«Апошні ўжо ўраджай зьбіралі ў кастрычніку. Гэта быў сланечнік, і абстралялі ўжо моцна камбайнэра. Ён там ледзь выскачыў. Дзякуй богу, яны выехалі, усё нармальна. Страцілі там пасевы самі фэрмэры. Бо збожжавыя культуры сёньня ўжо трэба было апрацоўваць, але яны ня могуць туды дабрацца», — кажа галава Кашугумскай грамады Ўладзімір Сасуноўскі.

Нягледзячы на небясьпеку і няпэўнасьць, фэрмэры ў Запароскай вобласьці ідуць на рызыку — сеюць ураджай без дакладнага разуменьня, ці змогуць праз паўгоду яго сабраць.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG