Гэта праект Міністэрства абароны, у межах якога ўладальнікі бізнэсаў пасьля атрыманьня адпаведных дазволаў і допускаў могуць самі, пры дапамозе сваіх супрацоўнікаў ці спэцыяльных прыватных ахоўных кампаніяў, абараняць свае прадпрыемствы ад удараў зь неба.
Да праекту далучыліся ўжо 24 кампаніі, сярод іх — буйныя лягістычныя, вытворчыя і гандлёвыя фірмы. Як гэта працуе — разьбіраўся тэлеканал «Настоящее время».
Як вучаць пілётаў
Стралок падрыхтаваў да бою навучальны буйнакалібэрны кулямёт «Браўнінг», а на VR-акулярах — кампутарная імітацыя аднаго з рэальных сцэнароў: расейскія «шахеды» атакуюць аб’екты крытычнай інфраструктуры. Задача стралка — адбіць паветраны напад.
Так рыхтуюць курсантаў для прыватнай супрацьпаветранай абароны. У іншай клясе рыхтуюць пілётаў дронаў-перахопнікаў, расказвае кіраўнік навучальнага цэнтру Антон Вякленка.
«Фактычна там лётаюць розныя тыпы дронаў, у тым ліку і „шахеды“, і варожыя дроны-выведнікі, якія цалкам адлюстроўваюць фізыку палёту — такую, як у рэальнасьці, і пілёты адпрацоўваюць манэўры заходу і перахопу. Зьбіваюць нашымі клясычнымі FPV-дронамі, дронамі-перахопнікамі. Або дронамі самалётнага тыпу. Можна выбіраць розныя сцэнары», — расказаў Вякленка.
Праект прыватнай СПА стартаваў яшчэ ў канцы 2025 году. Да ініцыятывы Міністэрства абароны Ўкраіны далучаюцца ўсё больш прыватных кампаніяў.
«Гэта дастаткова розныя кампаніі — і крытычнай інфраструктуры, і лягістычныя ёсьць, энэргетычныя ёсьць, з розных сфэраў. Цікавасьць узьнікае ў тых кампаніяў, якія ў першую чаргу бачаць пагрозу свайму існаваньню. Калі яны фізычна не абароняцца ад сродкаў паражэньня з паветра, гэты бізнэс можа зьнікнуць», — сказаў галоўны інспэктар Міністэрства абароны Ўкраіны Юрый Міроненка.
Прыватныя падразьдзелы дзейнічаюць у адзінай сетцы нацыянальнай супрацьпаветранай абароны пад кіраваньнем Паветраных сілаў Украіны.
У групах цывільныя работнікі, якія прайшлі навучаньне. Зброю могуць выбіраць паводле жаданьня і фінансавых магчымасьцяў — ад кулямётаў да дронаў-перахопнікаў, расказаў Антон Вякленка.
«Пераважна гэта людзі з баявым досьведам, вэтэраны ці тыя, хто зь іншых прычынаў мае баявы досьвед. Чаму? Таму што гэта сапраўды цяжка. Перахоп варожай цэлі — гэта эліта бесьпілётнай авіяцыі, я б так сказаў. І гэтыя людзі ўжо маюць першасны баявы досьвед, мы падвышаем іх кваліфікацыю».
Прадстаўнік прыватнай СПА павінен мець адтэрміноўку ад мабілізацыі ці быць дэмабілізаваным. Бронь такім байцам не выдаюць.
На баявым дзяжурстве
Валерый Качарга, дырэктар кампаніі «Служба аховы „Гвардыя“», — былы вайсковец, які звольніўся ў запас мінулым летам. Цяпер ён надае паслугі прыватнай СПА.
«Разумеючы пагрозы, я далучыўся да разьвязаньня гэтых пытаньняў наўпрост, — апавядае ён. — Маем адпаведную ліцэнзію ад МУС на ажыцьцяўленьне ахоўнай дзейнасьці і мы атрымалі загад ад Міністэрства абароны, атрымалі паўнамоцтвы ажыцьцяўляць захады супрацьпаветранай абароны абʼектаў крытычнай інфраструктуры».
Паводле Валерыя, кампанія працуе і зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі, якія могуць арганізаваць СПА або з сваіх работнікаў, або зьвярнуцца да прыватнай ахоўнай кампаніі. Гэта вялікія лягістычныя кампаніі ці абʼекты крытычнай інфраструктуры.
Прадстаўнік кампаніі Carmine Sky Руслан паказвае адну з турэляў прыватнай СПА: комплекс ужо на баявым дзяжурстве.
«Мы толькі дапаўняем клясычную мадэль СПА. Дзяржаўная СПА выконвае больш стратэгічную ролю, а мы — лякальную», — кажа Руслан. Кампанія працуе ўжо ў некалькіх вобласьцях.
«Мы самі па сабе не прымаем рашэньні, мы працуем у зьвязцы зь Міністэрствам абароны. Цэлі і дазвол на стральбу даюць яны, мы ня можам гэтага рабіць самі па сабе. Мы будуем сыстэму эшалёнамі як цыбуліну, з пластоў», — тлумачыць ён.
У Міністэрстве абароны Ўкраіны гавораць, што іх мэта — пры дапамозе прыватнай і клясычнай СПА дамагчыся адбіцьця 95 працэнтаў паветраных атак.
«Прыватная СПА — не самастойная некантраляваная адзінка. Гэта адзін з складнікаў шматузроўневай сыстэмы супрацьпаветранай абароны краіны пад кіраваньнем камандаваньня Паветраных сіл УСУ», — падкрэсьліваюць у Міністэрстве абароны.
«Эфэктыўнасьць будзе такая ж, як і ў Паветраных сілах, бо сродкі адны і тыя ж. Навучацца мы будзем гэтаксама, працаваць на праграмным забесьпячэньні і каардынавацца гэтаксама. Таму, я думаю, эфэктыўнасьць будзе дастаткова высокай», — упэўнены Міроненка.
Як адзначылі ў міністэрстве, у красавіку прыватная СПА ўпершыню зьбіла рэактыўны «шахед» на хуткасьці больш як 400 кілямэтраў у гадзіну.
Як Расея атакуе Ўкраіну ракетамі і дронамі
- Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць расейскія ўдары па цывільных аб’ектах як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны мэтанакіраваныя.
- Абстрэл сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня і ўстаноў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электрычнасьці, цяпла, забесьпячэньня вадой, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых неабходных для жыцьця ўмоваў ёсьць прыкметай генацыдных дзеяньняў, заяўляюць у Кіеве.
- Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, абʼекты энэрга- і водазабесьпячэньня.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.