Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагрозаў будзе болей, — экспэрты ацанілі, як амэрыканскія санкцыі супраць Расеі адабʼюцца на Беларусі


Пасольства Расеі ў Вашынгтоне

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Барака Абамы ўвяла дадатковыя санкцыі супроць Расеі за ўмяшаньне ў прэзыдэнцкую выбарчую кампанію ў Амэрыцы. Пра захады ў адказ ужо заявіла кіраўніцтва Расеі.

Да чаго можа прывесьці санкцыйная «вайна» паміж ЗША і Расеяй? Ці падтрымае санкцыі прэзыдэнта Абамы новы лідэр ЗША Дональд Трамп? Як пагаршэньне стасункаў паміж Расеяй і ЗША адабʼецца на Беларусі?

На гэтыя пытаньні адказалі экспэрт у міжнародных справах Андрэй Фёдараў і палітоляг Дзяніс Мельянцоў.

Фёдараў: слабы прагрэс у дачыненьнях Беларусі з ЗША зноў пад пагрозай

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

«Пачну з другога пытаньня, бо ва ўсіх трох ключавым ёсьць слова Трамп. Менавіта ад таго, ці падтрымае Дональд Трамп, які прыйдзе ў Белы дом ужо праз тры тыдні, тыя санкцыі супроць Расеі, якія ўвёў Барак Абама, залежыць, ці варта рабіць сурʼёзныя высновы на вялікую адлегласьць часу. Але пакуль так, гэта сурʼёзна. Адпраўка расейскіх дыпляматаў, санкцыі супроць пэўных расейскіх структураў — гэта сурʼёзны ўдар па расейска-амэрыканскіх дачыненьнях і працэсах, якія адбываліся ў сьвеце цягам апошніх гадоў. Ці падтрымае Трамп санкцыі Абамы, я б адназначна не адказваў, бо пакуль няма пэўных прыкмет. Адзін Трамп, калі ён выбіраўся, і іншы, калі яго выбралі. Магчыма, што і захавае часткова, бо Барак Абама ўсё ж ня проста бразнуў дзьвярыма, сыходзячы зь Белага дому. Гэта яшчэ і крыўда за вялікую дзяржаву, і з гэтым Трамп ня можа не лічыцца. Бо, думаю, у амэрыканцаў усё ж былі падставы казаць пра ўмяшаньне расейскіх хакераў, а гэта не магло абысьціся без дазволу на самым версе. Але ў нечым Трамп, відаць, спачатку будзе адмотваць назад, паспрабуе аднавіць стасункі.

Ці закране гэта Беларусь? Безумоўна, закране. Расея абавязкова адкажа як меншае высылкай пэўнай колькасьці амэрыканскіх дыпляматаў, можа і яшчэ нейкія захады прыдумаць, хоць магчымасьцяў у іх усё ж меней, каб зрабіць нешта пэўнае ў адказ. Хаця як паглядзець. Некаторых крокаў ад Расеі амэрыканцы не чакалі, а тыя адбыліся. Але калі абмен санкцыямі будзе працягвацца ў кірунку павелічэньня, дык Расея абавязкова прымусіць і Беларусь далучыцца да гэтага, як сваю найбліжэйшую хаўрусьніцу. Тады пад пагрозай апынецца той невялікі прагрэс у дачыненьнях Беларусі з ЗША, які быў дасягнуты такімі высілкамі цягам апошняга году. Для Беларусі гэта сурʼёзна, бо можа нашкодзіць ва ўсіх кірунках.

Мельянцоў: фінальны пасыл Абамы такі — «ад Расеі варта чакаць пагрозаў усім»

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

«Тое, што ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Расеі, не такі ўжо новы і экстраардынарны крок. Абмен выдварэньнем дыпляматаў практыкаваўся і раней. І цяпер можна пэўна казаць, што ўсьлед за расейскім дыпляматамі з ЗША паедуць і амэрыканскія дыпляматы ці супрацоўнікі іншых установаў з Расеі. То бок гэта не надзвычайная падзея, але яна паказвае, што дээскаляцыі канфлікту паміж ЗША і Расеяй не адбываецца, хутчэй наадварот, ён падтрымліваецца.

Як мне бачыцца, адміністрацыя Барака Абамы хоча прадэманстраваць будучай адміністрацыі Дональда Трампа існаваньне пэўнай пагрозы і паказаць ёй на неабходнасьць нейкім чынам на яе адказваць. І ўсё ж, па-першае, хачу зноў падкрэсьліць, што гэта не надзвычайнае жорсткае абвастрэньне, а проста падтрыманьне плянкі важнасьці. Гэта сыгнал амэрыканскаму грамадзтву і сыгнал астатнім краінам Захаду, што такая пагроза з боку Расеі існуе, пра яе ня трэба забывацца, ня трэба праводзіць нейкую згодніцкую палітыку. Гэта такі фінальны пасыл Абамы. Ці падтрымаюць такую палітыку іншыя краіны? Думаю, што наўрад ці, таму што тут у Злучаных Штатаў была вельмі канкрэтная падстава для выдварэньня расейскіх дыпляматаў, быў агучаны даклад Бэра, паводле якога 2 групоўкі менавіта расейскіх хакераў стаялі за атакамі на сэрвэр Дэмакратычнай партыі ЗША. Значыць, для грамадзян ЗША гэта відавочная прычына так рэагаваць, але для іншых краінаў, вядома, гэтая прычына невідавочная. Калі будуць раскрытыя падобныя хакерскія атакі, напрыклад, у Нямеччыне, гэта іншая сытуацыя, але пакуль — не.

Любое пагаршэньне стасункаў Расеі з ЗША прыводзіць да таго, што для Беларусі звужаецца поле манеўру

Ці падтрымае Дональд Трапм санкцыі, якія ўвёў Барак Абама? Гледзячы па тым, што ён цяпер праводзіць шматлікія кансультацыі з прадстаўнікамі выведніцкай супольнасьці ЗША, ён спрабуе зразумець, па-першае, што там насамрэч адбылося, і па-другое, якім чынам гэты новы віток крызісу можна было б зьнівеляваць. Нагадаю, што Трамп неаднаразова казаў, што хоча бачыць стасункі з Расеяй больш прагматычнымі, больш узаемна карыснымі. Вядома, для яго такі крок Абамы паніжае тую плянку ў дачыненьнях з Расейскай Фэдэрацыяй, зь якой ён мусіць стартаваць, калі адбудзецца ягоная інаўгурацыя ў наступным месяцы. Думаю, усё ж такі наўрад ці Трамп верне усіх гэтых 35 расейскіх дыпляматаў, якіх цяпер выганяць са Злучаных Штатаў, але тое, што адміністрацыя Трампа будзе спрабаваць палепшыць палітычныя і дыпляматычныя стасункі з Расейскай Фэдэрацыяй, — гэта, хутчэй за ўсё, адбудзецца. Але гэта адбудзецца няпроста для Расеі, бо тое, што на чале ЗША цяпер будзе такі, скажам гэтак, жорсткі бізнесовец, як Дональд Трапм, азначае, што будзе жорсткі гандаль з Расеяй, і проста так атрымаць нейкае паляпшэньне ў стасунках у Масквы не атрымаецца. Але відавочна, што і Масква, і Вашынгтон будуць імкнуцца нейкім чынам гэты крызіс пераадолець, і высокая доля верагоднасьці, што гэта атрымаецца, ёсьць.

А як сытуацыя адабʼецца на Беларусі? Гэты канфлікт непасрэдна на нас ніякім чынам не адабʼецца, але апасродкавана, калі так казаць, дык любое пагаршэньне стасункаў Расеі з ЗША прыводзіць да таго, што для Беларусі звужаецца поле манеўру. Таму што, калі Расея жыве ў стане „халоднай вайны“, дык адпаведна патрабуе ад свайго беларускага саюзьніка і большай ляяльнасьці, чакае больш салідарных дзеяньняў у замежнай палітыцы, у пытаньнях бясьпекі. Расея будзе задзейнічаць больш жорсткія рычагі ў дачыненьні Беларусі, калі тая паспрабуе ўхіліцца ад дэманстрацыі таго, на чыім яна баку. Такім чынам, для нас пагроз узьнікае болей, але зноў заўважу, што гэта ў тым выпадку, калі пры Трампу будзе працягвацца пагаршэньне стасункаў з Расеяй».

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG