Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША высылаюць 35 расейскіх дыпляматаў, уводзяць санкцыі супраць ГРУ і ФСБ, шэрагу грамадзян і кампаніяў


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама адказаў на расейскія кібератакі. У Белым доме лічаць, што Масква мае намер працягваць умяшаньне ў заходнія выбары.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ўвёў новыя санкцыі супраць Расеі ў сувязі зь яе кібэратакамі, умяшаньнем у лістападаўскія прэзыдэнцкія выбары ды іншымі дзеяньнямі, у тым ліку ўціск амэрыканскіх дыпляматаў у Маскве.

Абама назваў гэтыя захады «неабходным і дарэчным адказам на дзеяньні, закліканыя нанесьці шкоду амэрыканскім інтарэсам насуперак прынятым міжнародным нормам паводзінаў».

Санкцыі, уведзеныя прэзыдэнтам у чацьвер, нацэленыя супраць дзевяці фізычных і юрыдычных асобаў: расейскіх спэцслужбаў ГРУ і ФСБ, чатырох афіцэраў ГРУ і трох кампаніяў, якія матэрыяльна падтрымлівалі кібэрапэрацыі ГРУ.

Акрамя таго, пад санкцыі трапілі расейцы Яўгеній Багачоў і Аляксей Бялан, якіх Міністэрства фінансаў назвала «заўзятымі злачынцамі», адказнымі за крадзеж больш як 100 мільёнаў даляраў з амэрыканскіх банкаў і кампаніяў.

У дадатак да гэтага, 35 расейскім дыпляматам у Вашынгтоне і консульстве ў Сан-Францыска далі 72 гадзіны на тое, каб пакінуць краіну, паколькі яны дзейнічалі «насуперак прынятым міжнародным нормам паводзінаў».

Прадстаўнікоў расейскіх уладаў таксама пазбавяць доступу ў два расейскія дыпляматычныя аб’екты ў Мэрылэндзе і Нью-Ёрку. Гэта было зроблена ў адказ на ўціск і фізычны гвалт у дачыненьні да амэрыканскіх дыпляматаў у Маскве.

«Злучаныя Штаты ды іх саюзьнікі і сябры ва ўсім сьвеце павінны ня толькі прыцягнуць Расею да адказнасьці за зробленае, але і аб’яднаць намаганьні, каб процідзейнічаць яе спробам падарваць існуючыя міжнародныя нормы паводзінаў і ўмешвацца ў дэмакратычнае кіраваньне», — сказаў Абама.

Высокапастаўлены прадстаўнік Белага дома заявіў, што рэакцыя ЗША не абмяжуецца абвешчанымі ў чацьвер санкцыямі. Паводле яго, будуць зробленыя і іншыя захады, пра якія ня будзе абвешчана публічна.

Як заявіла крыніца, у адміністрацыі не было спрэчак пра тое, ці сапраўды Расея ўмешвалася ў прэзыдэнцкія выбары, пераважна шляхам узлому электроннай пошты членаў Дэмакратычнай партыі з мэтай нашкодзіць кампаніі Гілары Клінтан і павысіць шанцы Дональда Трампа.

Паводле крыніцы, у Белым доме лічаць, што Расея можа паспрабаваць паўплываць на зыход выбараў і ў іншых краінах.

Ён таксама дадаў, што няма прычынаў сумнявацца ў намерах Расеі паспрабаваць распачаць аналягічныя дзеяньні ў час будучых выбараў. Наступнае важнае галасаваньне пройдзе ў ЗША ў 2018 годзе, калі будуць перавыбірацца ўсе чальцы Палаты прадстаўнікоў і некаторыя чальцы Сэнату.

Афіцыйны прадстаўнік Крамля паабяцаў «адэкватны» адказ на санкцыі і абвінаваціў ЗША ў спробах разбурыць сувязі з Масквой.

Абраны прэзыдэнт Дональд Трамп, які ня ўтойваў свайго імкненьня палепшыць стасункі з Расеяй, заявіў, што яго краіне ўжо пара «перайсьці да важнейшых і лепшых рэчаў», а таксама выказаў сумнеў у расейскім ўмяшаньні ў выбары.

«У інтарэсах нашай краіны і яе вялікага народу я на гэтым тыдні сустрэнуся зь лідэрамі выведніцкай супольнасьці, каб атрымаць апошнія зьвесткі пра гэтую сытуацыю», — сказаў Трамп.

Прадстаўнік Дзярждэпартаменту ў чацьвер заявіў, што адмяняць указы Абамы было б «немэтазгодна», роўна як і запрашаць прадстаўнікоў расейскай выведкі назад у ЗША, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Прэзыдэнт Рональд Рэйган дэпартаваў усяго 80 расейскіх дыпляматаў, якіх таксама падазравалі ў шпіянажы на схіле халоднай вайны, у 1986 годзе.

XS
SM
MD
LG