Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША вышлюць з краіны 35 расейскіх дыпляматаў


Злучаныя Штаты высылаюць з краіны 35 расейскіх дыпляматаў. Адпаведную заяву прэзыдэнта ЗША Барака Абамы распаўсюдзіла прэс-служба Белага дому.

Паводле заявы, меры былі прынятыя пасьля шматлікіх прыватных і публічных папярэджаньняў у адрас расейскага ўраду і неабходныя як адказ на расейскія спробы «нанесьці шкоду інтарэсам ЗША ў парушэньне прызнаных міжнародных нормаў паводзін».

«Усе амэрыканцы павінны быць занепакоеныя дзеяньнямі Расеі. У кастрычніку мая адміністрацыя апублікавала нашу ацэнку дзеяньняў, прадпрынятых Расеяй з мэтай ўмяшаньня ў амэрыканскі выбарчы працэс. Крадзеж дадзеных і іх публікацыя магла праводзіцца толькі па загадзе вышэйшага эшалёна расейскай улады. Больш за тое, нашы дыпляматы ў Маскве на працягу апошняга года сталі абʼектам беспрэцэдэнтнага ціску з боку службаў бясьпекі і паліцыі. Падобныя акцыі будуць мець наступствы», — гаворыцца ў заяве.

Паводле распараджэньня прэзыдэнта, дзьве расейскія ўстановы ў Мэрылэндзе і Нью-Ёрку будуць зачыненыя. Улады ЗША заявілі, што яны выкарыстоўваюцца ў разьведвальных мэтах. Грамадзяне Расеі будуць высланыя з Вашынгтону і Сан-Францыска цягам 72 гадзінаў.

Акрамя таго Міністэрства фінансаў ЗША абвясьціла аб увядзеньні новых санкцый супраць Расеі з-за хакерскіх нападаў, накіраваных на ўмяшаньне ў выбары амэрыканскага прэзыдэнта.

Абмежавальныя меры закрануць Фэдэральную службы бясьпекі і Галоўнае разьведвальнае ўпраўленьне Ўзброеных сіл Расеі. Пад санкцыі трапілі кампаніі ЦОР Security, «Спэцыяльны тэхналягічны цэнтар», а таксама аўтаномная некамэрцыйная арганізацыя «Прафэсійнае абʼяднаньне канструктараў сыстэм інфарматыкі».

У сьпіс пэрсанальных санкцый увайшлі начальнік Галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня Генэральнага штаба Узброеных сілаў Расеі Ігар Корабаў, яго намесьнікі, а таксама хакеры Аляксей Белан і Яўген Багачоў.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама паабяцаў у бліжэйшыя дні прадставіць Кангрэсу даклад аб расейскім ўмяшаньні ў выбарчы працэс з дапамогай кібератак. Расейскі МЗС назваў санкцыі контрпрадуктыўнымі і заявіў, што яны нанясуць шкоду двухбаковым адносінам Масквы і Вашынгтона.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG