Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўная праверка БелАЭС ня выявіла «грубых парушэньняў». Пра іншыя ня кажуць


Стартэр турбагенэратара для першага энэргаблёку БелАЭС, архіўнае фота
Стартэр турбагенэратара для першага энэргаблёку БелАЭС, архіўнае фота

Комплексная праверка будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы ня выявіла «грубых парушэньняў, што непасрэдна ўплываюць на ўзровень ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі», паведамляе Дзяржатамнагляд.

У праверцы ўдзельнічалі толькі беларускія ведамствы, але для кансультацыяў прыцягваўся таксама «экспэрт пастаяннай місіі Эўразьвязу ў Беларусі». Праверылі 26 суб’ектаў, у тым ліку генэральнага падрадчыка і замоўніка. Сярод іншага разглядалася дакумэнтальнае афармленьне сыстэмаў кіраваньня і кантролю якасьці.

Праверка выявіла некаторыя парушэньні, але якія менавіта, не ўдакладняецца. Дзяржатамнагляд паведамляе толькі, што выяўленыя парушэньні «паказваюць, што мае быць працягнутая праца ва ўдасканаленьні працэдураў, накіраваная на падвышэньне ўзроўню ўзаемадзеяньня замоўніка і генэральнага падрадчыка». Парушэньні, як сьцьвярджаецца, «узятыя на кантроль».

За дзень да публікацыі паведамленьня Дзяржатамнагляду Аляксандар Лукашэнка казаў (у той жа прамове, дзе пра пагрозу вайны і «круцякоў на квадрацыклах»), што «інфармацыйнае суправаджэньне» будаўніцтва БелАЭС недастатковае, патрабаваў яго ўзмацніць. Адміністрацыі прэзыдэнта і Дзяржаўнаму сакратарыяту, казаў ён, «час адвучыцца і адвучыць ведамства сядзець і чакаць нейкіх камандаў аб штодзённым і эфэктыўным інфармацыйным суправаджэньні дзяржаўнай палітыкі ва ўсіх сфэрах».

Усё роўна неспакойна

За час будоўлі БелАЭС на будаўнічай пляцоўцы было ня менш за дзясятак інцыдэнтаў з будаўнікамі, загінулі некалькі чалавек (прынамсі тры). Намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі назваў такія лічбы «прымальнымі». Было некалькі выпадкаў, калі спачатку кіраўніцтва БелАЭС адмаўляла факты гібелі рабочых на будаўнічай пляцоўцы, аднак пасьля розгаласу ў СМІ усё ж вымушана было гэта прызнаць.

У Беларусі гучаць выказваньні аб замоўчваньні няштатных сытуацыяў на БелАЭС. Так, пра падзеньне і пашкоджаньне корпусу рэактару БелАЭС улады паведамілі зь вялікім спазьненьнем і толькі пасьля шырокага розгаласу ў СМІ. Гучаць таксама сумневы ў мэтазгоднасьці станцыі і бясьпечнасьці захаваньня радыяактыўных адходаў у Беларусі.

5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС

Незадаволеныя «інфармацыйным суправаджэньнем» БелАЭС ёсьць ня толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Так, суседняя Літва сьцьвярджае, што стрэс-тэсты БелАЭС не адказваюць на галоўныя пытаньні, сфармулявала больш за 100 заўваг пасьля вывучэньня стрэс-тэстаў, назвала 10 прычынаў не будаваць БелАЭС і рыхуецца да аварыі на беларускай станцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG