Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Умоўна бясьпечны могільнік будзе надзвычай дарагім, а БелАЭС заклікаюць рабіць найтаньнейшай, — «Зялёныя»


Фота ©Shutterstock

Чаму пра гэта задумаліся толькі цяпер? Ці ёсьць нейкі найлепшы спосаб захаваньня радыеактыўных адбросаў? Ці лепей іх не трымаць на сваёй тэрыторыі, а вывозіць на далёкі нежылы востраў? На гэтыя пытаньні Свабодзе адказала старшыня беларускай партыі «Зялёныя» Анастасія Дарафеева.

Анастасія Дарафеева, архіўнае фота
Анастасія Дарафеева, архіўнае фота

«Пытаньне пра лёс ядзерных адбросаў мы — Беларуская Антыядзерная Кааліцыя, сябрам якой ёсьць Беларуская партыя „Зялёныя“ мы задаем уладам і адказным за будаўніцтва БелАЭС з моманту абвяшчэньня праекту, — кажа Дарафеева. — І заўжды чуем, што рашэньня пакуль няма, пра яго падумаюць пасьля, калі станцыя будзе працаваць.

Мы лічым, што пытаньне абыходжаньня зь ядзернымі адбросамі павінна быць вырашана на стадыі нават не будаўніцтва, а яшчэ толькі праектаваньня станцыі».

Адкіды — прыхаваны кошт АЭС, які трэба было абмеркаваць пры плянаваньні

«Зьвязаныя зь ядзернымі адбросамі выдаткі абавязкова павінны ўлічвацца пры разьліку кошту ядзерных кіляват. Гэтага ня робяць, таму што тады АЭС выявіцца занадта дарагім праектам.

Такім чынам, прыхаваны кошт атамнай энэргіі давядзецца ў будучым сплачваць усім падаткаплацельшчыкам. Мы і наступнае пакаленьне „субсідуем“ атамную індустрыю са сваёй кішэні.

Пры плянаваньні будаўніцтва могільніка адпрацаванага ядзернага паліва, Беларусь, згодна зь міжнароднымі канвэнцыямі Эспаа і Архускай, абавязаная правесьці ацэнку ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.

Праект і яго бясьпека павінны быць абмеркаваныя з грамадзкасьцю, асабліва з тымі, хто будзе жыць паблізу гэтага аб’екту. Акрамя адпрацаванага ядзернага паліва АЭС выпрацоўваюць і іншыя небясьпечныя адбросы».

Самы бясьпечны могільнік будзе даражэйшым за станцыю, але і ён не абсалютна бясьпечны

«Хочам падкрэсьліць, што цалкам бясьпечнага спосабу захаваньня адбросаў сёньня ня існуе ва ўсім сьвеце. Могільнікі і сховішчы радыеактыўных адбросаў лічацца крыніцамі падвышанай рызыкі, час ад часу адбываюцца аварыі і інцыдэнты з рызыкай выкіду радыенуклідаў у навакольнае асяродзьдзе. Пагроза асабліва падвышаецца з улікам кліматычных зьменаў, ці, напрыклад, рызыкі тэрарызму.

«Добрых пунктаў захаваньня радыеактыўных адходаў нідзе не існуе. А кепскія існуюць», — расейскі экспэрт Андрэй Ажароўскі

Самыя прасунутыя тэхналёгіі зараз распрацоўваюць Швэцыя і Фінляндыя, што зьбіраюцца закупорыць ядзерныя адбросы ў мэталічныя капсулы і захоўваць іх у спэцыяльных бункерах на глыбіні паўкілямэтра. І нават яны маюць сумневы наконт доўгатэрміновай бясьпекі, лёсу грунтовых вод, зьмены кліматычных умоваў. Найбольш умоўна бясьпечныя тэхналёгіі зьяўляюцца надзвычайна дарагімі. Іх кошт можа перавышаць кошт будаўніцтва станцыі. З улікам таго, што будаўнікоў БелАЭС афіцыйна заклікаюць рабіць яе найбольш таннай, мы сумняемся, што для працы з адбросамі будуць абраныя дарагія рашэньні.

Прапанова пра „далёкі нежылы востраў“ цалкам папулісцкая і безадказная. Ядзерныя адкіды, у выніку трапленьня ў сусьветны акіян, прадстаўляюць аднолькаваю рызыку для ўсяго чалавецтва. Мы пасьлядоўна выступаем за адмову ад атамнай энэргетыкі ў цэлым і адмову ад Беларускай АЭС у прыватнасьці».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG