Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навальны заявіў, што пойдзе рэгістравацца кандыдатам у прэзыдэнты Расеі


Аляксей Навальны, архіўнае фота
Аляксей Навальны, архіўнае фота

Расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны на мітынгу ў Калінінградзе 10 сьнежня пацьвердзіў намер рэгістравацца кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2018 году.

Аляксей Навальны заявіў, што адмаўляецца прызнаваць законнасьць выбараў у Расеі, калі яго не зарэгіструюць кандыдатам, і што ня стане заклікаць свой электарат галасаваць за любога іншага кандыдата.

Мітынг у Калінінградзе 10 сьнежня
Мітынг у Калінінградзе 10 сьнежня

У час мітынгу, на якім прысутнічала каля 850 чалавек паводле паліцыі і каля 2000 паводле арганізатараў, Навальны казаў пра барацьбу з карупцыяй, спыненьне войнаў і перавод войска на прафэсійную аснову, павелічэньне фінансаваньня аховы здароўя і адукацыі, а таксама праблемы Калінінграду — будаўніцтва анкалягічнага цэнтру, бязьвізавы рэжым з Эўропай і іншае. На пытаньне пра статус анэксаванага Расеяй украінскага Крыму ён адказаў, што «тэрыторыя не галоўнае, галоўнае — людзі», таму ён прапануе правесьці палітычны рэфэрэндум аб статусе паўвострава.

Навальны, жорсткі крытык дзейнай расейскай улады, працягвае сваю перадвыбарчую кампанію, нягледзячы на неаднаразовыя заявы ЦВК аб наяўнасьці ў яго судзімасьці. Навальны настойвае, што яго судзімасьць — гэта вынік палітычна матываваных і неправавых дзеяньняў судовай сыстэмы.

Яго прызналі вінаватым у крадзяжах у справе «Кіраўлесу» ў 2013 годзе, але Эўрапейскі суд у пытаньнях правоў чалавека прызнаў вырак неправасудным. Пасьля яго адмены ў лістападзе 2016 году Вярхоўны суд Расеі накіраваў справу на новы разгляд, і расейскі суд паўторна прызнаў Навальнага вінаватым, амаль даслоўна паўтарыўшы папярэдні прысуд.

Фэномэн Навальнага: новы тып палітычнага лідэра

Навальны ў ліку 18 чалавек, якія маюць намер выстаўляць кандыдатуру на расейскіх прэзыдэнцкіх выбарах 2018 году. У ліку іх таксама «традыцыйны кандыдат» Ўладзімір Жырыноўскі — лідэр партыі ЛДПР, а таксама лідэр «Яблока» Грыгорый Яўлінскі. Ад камуністаў замест «традыцыйнага» Генадзія Зюганава на выбары зьбіраюцца выставіць больш маладога Максіма Сурайкіна.

Дзейны кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў 6 сьнежня, што будзе выстаўляць сваю кандыдатуру на чацьвёрты прэзыдэнцкі тэрмін. Расейская Канстытуцыя забараняе быць прэзыдэнтам больш за два тэрміны запар, але не абмяжоўвае сумарную колькасьць тэрмінаў (беларуская ніяк не абмяжоўвае колькасьць тэрмінаў пасьля не прызнанага Захадам і апазыцыяй рэфэрэндуму 2004 году).

Навальны не адзіны праціўнік Пуціна, які зьбіраецца ісьці на выбары ў якасьці кандыдата. Раней пра жаданьне быць кандыдаткай заявіла тэлевядоўца Ксенія Сабчак, якая называе сябе «кандыдатам супраць усіх», але адмаўляецца ад жорсткай крытыкі Пуціна. У Крыме яна (таксама як Навальны) прапануе правесьці новы рэфэрэндум.

Ці патрэбная беларусам Сабчак?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG