Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паляцеў у Кітай — на саміт ШАС і да Сі Цзіньпіна


Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін, 2017
Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін, 2017

Аляксандар Лукашэнка 8 чэрвеня выляцеў у Кітай — там у горадзе Ціндао 9–10 чэрвеня пройдзе саміт Рады дзяржаваў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Паводле прэс-службы Алякандра Лукашэнкі, на саміце ШАС ён прадставіць прапановы Беларусі ў разьвіцьці гэтай арганізацыі (у якой Беларусь мае статус назіральніка), рэалізацыі новых напрамкаў супрацы між краінамі ШАС і ва «ўмацаваньні бясьпекі ў Эўразійскім рэгіёне».

У час візыту плянуецца таксама сустрэча са старшынём КНР Сі Цзіньпінам, дзе «асаблівая ўвага будзе нададзеная ўмацаваньню супрацы ў палітычнай сфэры, рэалізацыі дзейных і прапрацоўцы новых праектаў, паглыбленьні міжрэгіянальнага ўзаемадзеяньня».

Тыдзень таму Лукашэнка прымаў у сваёй беларускай рэзыдэнцыі кітайскага віцэ-прэзыдэнта, накарміў дранікамі і пельменямі, пра палітычныя рашэньні па выніках сустрэчы не паведамлялася.

Анансаваныя таксама сустрэчы зь іншымі кіраўнікамі дзяржаваў, але зь якімі менавіта, не ўдакладняецца.

«Асаблівыя прыязныя стасункі»

Цягам 2017 году Аляксандар Лукашэнка адсылаў афіцыйныя прывітаньні кіраўніку Кітаю Сі Цзіньпіну ня менш за чатыры разы. Мікалай Лукашэнка віншаваў кітайцаў з Новым годам — сыграў на раялі, размаўляў па-кітайску. У сакавіку Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Сі Цзіньпіна зь перавыбраньнем — у іх абодвух цяпер «безьліміт на кіраваньне». Лукашэнка таксама дзякаваў Кітаю за ўзмацненьне беларускага войска.

Лукашэнка ў 2017 годзе сустракаўся з шэрагам кітайскіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, у тым ліку ў траўні асабіста зь Сі Цзіньпінам у Пэкіне пасьля форуму «Адзін пояс — адзін шлях», дзе абмяркоўваўся ў тым ліку новы Шаўковы шлях. Да таго Лукашэнка ладзіў у Менску сустрэчу з прадстаўнікамі кітайскіх СМІ. Беларускі прэм’ер прапанаваў Кітаю абвясьціць 2018-ы Годам беларускага турызму, але ці пагадзіліся на гэта ў Кітаі, невядома.

Амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды заклікаў правільна называць Беларусь па-кітайску: 白罗斯, а не 白俄罗斯.​

«Калі Расея захоча захапіць Беларусь — Кітай ня будзе яе абараняць»

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі ў Пэкіне
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі ў Пэкіне

Беларусь актыўна гандлюе з Кітаем (больш, чым зь Нямеччынай, Вялікай Брытаніяй і Польшчай, менш толькі за гандаль з Расеяй і Ўкраінай), але прадае мала і купляе шмат: таваразварот склаў у 2017 годзе 2,8 млрд даляраў, што на 22,4% больш за 2016 год, але беларускага экспарту ў гэтым таваразвароце толькі 319 млн даляраў (гэта на 21% меней за 2016 год), астатняе — імпарт. Лукашэнку гэта насьцярожвала.

«Менск-таўн» — кітайскі трамплін у Эўропу. Рэпартаж з будучага кітайскага гораду ў Беларусі

Цягам 2017 году Беларусь пазычыла 306,6 млн даляраў з кітайскіх банкаў, сплаціла Кітаю 245,8 млн па ранейшых пазыках. Пад Менскам будуецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк.

На пачатку 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў распараджэньне аб аздараўленьні ў Беларусі 330 кітайскіх дзяцей: у праграме адпачынак у лягеры «Зубраня» і лячэньне ў цэнтры «Ждановічы», а таксама экскурсіі. Такім чынам, паводле прэс-службы Лукашэнкі, дэманструюцца «асаблівыя прыязныя стасункі» Беларусі і Кітаю.

Што дае Беларусі супрацоўніцтва з Кітаем?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG