Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Наста Лойка сышла зь «Вясны», каб больш заняцца праблемамі замежнікаў у Беларусі


Наста Лойка, архіўнае фота
Наста Лойка, архіўнае фота

Вядомая беларуская праваабаронца Наста Лойка абвясьціла 2 красавіка, што сыходзіць з Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Цяпер, піша Наста Лойка, яе профільнымі тэмамі будуць правы замежнікаў і асобаў без грамадзянства ў Беларусі, асьвета ў галіне правоў чалавека і недыскрымінацыі, мова варожасьці і злачынствы на глебе нянавісьці, экстрэмізм і бясьпека. Яна застаецца ў валянтэрскай службе «Вясны» і кампаніі грамадзкага назіраньня #ControlBy, але больш часу будзе аддаваць працы з праваабаронцамі Human Constanta.

«Я працавала больш за восем гадоў у „Вясьне“, гэта быў карысны досьвед. Але мне падалося, што мне і як праваабаронцу, і як чалавеку важнае разьвіцьцё, — кажа Лойка Свабодзе. — Ёсьць некаторыя прынцыпы, якія мне бліжэйшыя ў „Канстанце“: пабудова стасункаў на гарызантальнай аснове, вырашаем пытаньні кансэнсусам, працуем з новымі тэхналёгіямі».

Яна дадае, што «Вясна», на яе думку, «канечне вельмі крутая», але часта проста мусіць працаваць па старых формах, дый праца ў «Вясьне» была стрэсавая. Шмат тэмаў арганізацыі, такіх як правы палітзьняволеных ці праблемы адміністрацыйных арыштаў, «будуць актуальнымі яшчэ шмат гадоў».

Human Constanta, кажа Лойка, выбірала тэмы, якімі «ці ніхто не займаецца, ці зусім мала займаюцца». Арганізацыя атрымала шырокую вядомасьць праз дапамогу чачэнцам, якія ўцякалі з Расеі ў Эўропу празь Беларусь, але «захрасьлі» ў Берасьці. Тая праблема, кажа Лойка, усё яшчэ актуальная: каля 300 уцекачоў застаюцца ў Берасьці, ім працягваюць дапамагаць. Акрамя таго, кажа Лойка, арганізацыя займаецца праблемамі і іншых замежнікаў у Беларусі — напрыклад, частыя зьняволеньні замежнікаў у СІЗА «бяз моцных парушэньняў» або непрадстаўленьне перакладчыкаў.

Ці варта спадзявацца чачэнцу на палітычны прытулак у Беларусі

Як чачэнскія ўцекачы правяраюць беларусаў на талерантнасьць

Таксама ў арганізацыі дзейнічае Лябараторыя лічбавых свабодаў, у якой праваабаронцы займаюцца праблемамі прыватнасьці асабістых зьвестак і правоў чалавека, і асьветніцкі напрамак «антыдыскрымінацыі». Са злачынствамі на падставе нянавісьці беларускія сілавікі «ці зусім ня ўмеюць працаваць, ці працуюць вельмі слаба», кажа Лойка.

Старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі сказаў Свабодзе, што адпускаць Лойку было няпроста, але яе праводзілі «з торцікам».

«У „Вясьне“ на ёй шмат што трымалася: у першую чаргу праца з ахвярамі палітычных рэпрэсій, тут яна была незаменная, — кажа Бяляцкі. — Таму ў пэўнай ступені мы сумуем. Але людзі мусяць самарэалізоўвацца, і відавочна, што наступіў такі пэрыяд, калі яна адчула, што ў іншым месцы ў яе будзе больш магчымасьцяў для гэтага».

Чытайце таксама: Як Беларусь (не) выконвае Канвэнцыю супраць катаваньняў — даклад незалежных праваабаронцаў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG