Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як чачэнскія ўцекачы правяраюць беларусаў на талерантнасьць


Чачэнскія ўцекачы ў Берасьці, 2016 год. Ілюстрацыйнае фота

Берасьце — адзінае ў Беларусі месца, дзе штодня можна пабачыць натоўпы ўцекачоў. У залежнасьці ад пары году, сюды прыяжджаюць сотні ці тысячы жыхароў Чачні. Яны не падаюць заявы на статус уцекача ў Беларусі, а спрабуюць атрымаць яго ў Польшчы. У некаторых на гэта ідзе не адзін месяц. Увесь гэты час яны жывуць на здымных кватэрах ці на вакзале ў Берасьці.

6 верасьня 2016 году, праз тыдзень пасьля стыхійнага мітынгу некалькіх сотняў уцекачоў на памежным пункце, у Берасьці была адкрытая праваабарончая місія Human Constanta. Валянтэры вывучаюць жыцьцё ўцекачоў з Паўночнага Каўказу. Пра тое, як зьмянілася сытуацыя з чачэнскімі ўцекачамі з таго часу, як да ўцекачоў ставяцца мясцовыя ўлады і гараджане, Свабодзе распавяла сузаснавальніца праваабарончай арганізацыі Human Constantа Наста Лойка.

Наста Лойка
Наста Лойка

​— Сытуацыя ў Берасьці зьмянілася ў тым сэнсе, што цяпер аб’ём уцекачоў, якія знаходзяцца ў Берасьці, у дзесяць разоў меншы, чым год таму. Але ўвогуле праблема застаецца. Як і раней, польскія памежнікі прымаюць толькі маленькую частку чачэнцаў. Зусім адвольна. Яны сьцьвярджаюць, што астатнія людзі ня просяць статусу ўцекача.

За гэты пэрыяд мы напрацавалі пэўны юрыдычны мэханізм. Напрыклад, ужо ёсьць чатыры рашэньні Эўрапейскага суду ў пытаньнях правоў чалавека пра тэрміновыя захады ў дачыненьні трох сем’яў і аднаго асобнага чалавека, якіх адмаўляюцца пускаць у Польшчу. Але Польшча, на жаль, з гэтых чатырох рашэньняў выканала толькі адно.

У ідэале не павінна быць такой сытуацыі, якая склалася ў Берасьці. Існуе права звароту па міжнародную абарону. А Польшча проста ігнаруе просьбы людзей. Гэта грубае парушэньне міжнароднага і нацыянальнага права, рэзалюцый Эўрапейскага зьвязу. Хацелася б, каб такіх сытуацый не было.

Той стан, у якім людзі знаходзяцца ў Берасьці, можна расцаніць як гуманітарную праблему. І хацелася б, каб мясцовыя арганізацыі і ўлады рэагавалі на гэта хоць нейкім чынам. Але прамога задакумэнтаванага абавязку, на жаль, няма.

Чачэнскія ўцекачы ў Берасьці, жнівень 2016 году. Ілюстрацыйнае фота
Чачэнскія ўцекачы ў Берасьці, жнівень 2016 году. Ілюстрацыйнае фота

— Ці ўвогуле чачэнскімі ўцекачамі займаецца нейкі афіцыйны орган у Беларусі?

— Беларусь ніяк не ўключаецца і ніяк не рэагуе на іх. У той жа час улады не замінаюць працаваць ініцыятывам, дапамагаць уцекачам. Ні нам, ні нашым польскім калегам ці яшчэ камусьці, хто прыяжджае. Перашкодаў няма. Але і падтрымкі няма ні ад уладаў, ні ад міжнародных арганізацый кшталту Чырвонага крыжа.

— Для беларускіх уладаў не існуе чачэнскіх уцекачоў?

— Такое адчуваньне, што яны ня ведаюць, што рабіць у гэтай сытуацыі. Яны ня хочуць займаць чыйсьці бок, бо гэта расейскія грамадзяне. Таму беларускія ўлады выбралі нэўтральную пазыцыю.

Хоць у свой час мы чулі ад беларускага прэзыдэнта, што беларускія ўлады актыўна дапамагаюць чачэнцам. Але гэта афіцыйная вэрсія, чаго мы насамрэч ня бачым.

Сёньня з чачэнскімі ўцекачамі працуюць пераважна валянтэры місіі, якая з 6 верасьня дзейнічае ў Берасьці. Яны аказваюць гуманітарную і юрыдычную дапамогу. Самі чачэнцы расказваюць пра місію новым сем’ям, што прыяжджаюць у Берасьце. Праблемаў пазнавальнасьці ў нас няма.

Чачэнскія ўцекачы ў Берасьці, жнівень 2016 году. Ілюстрацыйнае фота
Чачэнскія ўцекачы ў Берасьці, жнівень 2016 году. Ілюстрацыйнае фота

— Ці можна казаць, што праблема чачэнцаў — найбольш вострая з праблемаў уцекачоў у Беларусі?

— Нельга іх называць беларускімі ўцекачамі, бо яны ня просяць дапамогі ў Беларусі. Хоць я ведаю як мінімум два выпадкі, калі прасілі. Але шанцы ў іх дастаткова маленькія. Паводле статыстыкі, ніводзін грамадзянін Расеі не атрымаў ніякай формы міжнароднай абароны ў Беларусі, статус уцекача ці дадатковай абароны за ўсю гісторыю.

Да таго ж мы бачылі гісторыю, калі Мурад Амрыеў, грамадзянін Расеі, прасіў у органаў грамадзянства і міграцыі ў Добрушы статус уцекача. Але там было поўнае ігнараваньне гэтай праблемы з боку беларускіх уладаў.

Але гісторыя пра чачэнцаў — гэта асобны выпадак. Іншая рэч тычыцца астатніх уцекачоў. Штогод вялікая колькасьць людзей просіць статус уцекача альбо міжнароднай абароны ў Беларусі. Але большая частка людзей такой падтрымкі не атрымлівае. Можна па-рознаму ацэньваць, з чым гэта зьвязана, наколькі беларускія ўлады аб’ектыўна разглядаюць тыя звароты.

Чачэнскія ўцекачы ў Берасьці, жнівень 2016 году. Ілюстрацыйнае фота
Чачэнскія ўцекачы ў Берасьці, жнівень 2016 году. Ілюстрацыйнае фота

Мы акурат падрыхтавалі даклад пра ўсё, што зьвязана з вымушанай міграцыяй у Беларусь. І тут шмат праблемаў. Напрыклад, некаторых людзей, якія зьвяртаюцца па статус уцекача, могуць утрымліваць пад вартай. Ёсьць недавер да гісторый гэтых людзей. Міграцыйныя службы шукаюць, за што б зачапіцца, каб ня даць статусу ўцекача.

Таксама ёсьць практыка высылаць людзей у краіны, зь якіх яны прыехалі. Але не заўжды гэта бясьпечна для іх.

— Вы кажаце, што ўлады ігнаруюць уцекачоў у Берасьці. А як да іх ставяцца звычайныя людзі?

— На прыкладзе працы місіі мы назіралі шмат выпадкаў ксэнафобіі. У той жа час мы бачылі людзей, гатовых падтрымліваць уцекачоў і дапамагаць ім. Мы маглі дасьледаваць гэта толькі па камэнтарах нашай старонкі ў «Фэйсбуку» і падчас правядзеньня нашых мерапрыемстваў.

Але большая частка грамадзтва, безумоўна, нэўтральна ставіцца.

Увогуле ёсьць вялікая небясьпека, што шмат людзей дастаткова агрэсіўна ставяцца да мігрантаў. Яны нават не спрабуюць разглядаць сытуацыю больш шырока і звужаюць праблемы міграцыі толькі да эканамічных прычынаў. Яны нэгатыўна ставяцца да культурнай разнастайнасьці грамадзтва.

Мы бачым пэўныя праблемы і агрэсію, ксэнафобныя праявы ў дачыненьні да людзей іншай мовы, культуры і іншых прыкметаў. Гэта выклікае ў нас непакой.

Чачэнскія ўцекачы ў Берасьці, жнівень 2016 году. Ілюстрацыйнае фота
Чачэнскія ўцекачы ў Берасьці, жнівень 2016 году. Ілюстрацыйнае фота

— Выходзіць, што вядомая беларуская памяркоўнасьць і талерантнасьць не адпавядае рэчаіснасьці?

— Гэта міт, вельмі дакладна. Гэта вобраз, які хацелася б бачыць. Але на практыцы, на жаль, не знаходзіць свайго пацьверджаньня. Наадварот, ёсьць прыклады злачынстваў на глебе нянавісьці, якія няўважліва расьсьледуюцца, без дадатковай кваліфікацыі з прыкметай распальваньня варожасьці.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG