Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы адсюль ня сыдзем. Дзьве сотні чачэнцаў разьбілі лягер ля беларуска-польскай мяжы


Ужо другі дзень яны знаходзяцца каля памежнага пераходу «Брэст». Сьпяць на коўдрах ці на голай зямлі. Гэта людзі, якія шукаюць прытулку ў Польшчы, але ім адмаўляюць ва ўезьдзе. Сёньня да іх прыехаў генконсул Расеі ў Берасьці. Таксама чакаецца прыезд польскага генконсула.

За чачэнцамі назіраюць міліцыя і памежнікі. Па словах службоўцаў, уцекачы не парушаюць грамадзкага парадку.

«Гэта гарадзкая тэрыторыя, яны не парушаюць ні грамадзкага парадку, ні заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы, — паведаміў Свабодзе Аляксандар Кіслоў, начальнік прэс-службы Берасьцейскай памежнай групы, які прыбыў на месца. — Яны не перашкаджаюць руху транспарту. Супрацьпраўных дзеяньняў не ажыцьцяўляюць.

Тое самае заяўляюць і прадстаўнікі міліцыі.

Чачэнцы кажуць, што вымушаныя былі разьбіць тут лягер, бо не змаглі сустрэцца з генконсулам Польшчы ў Берасьці. Яны хочуць атрымаць адказ, ці будуць польскія ўлады прымаць уцекачоў.

«Мы адсюль ня сыдзем, — сказаў Свабодзе прадстаўнік сходу, які назваўся Абдулом. — Ніхто адсюль ня сыдзе, пакуль нам не адкажуць з Эўразьвязу».

Штодня некалькі соцень людзей адпраўляюцца цягніком у Тэрэспаль. Але вельмі рэдка каго прымаюць.

«Апошні раз дзьве сям’і і аднаго адзіночку на мінулым тыдні прынялі палякі», — кажуць уцекачы.

На месца прыбыў генконсул Расеі ў Берасьці Ігар Канякін.

«Я б не сказаў, што гэта акцыя пратэсту расейскіх грамадзянаў, — сказаў Канякін. — Ні ў якім разе. Проста расейскія грамадзяне сабраліся тут, бліжэй да мяжы, каб іх прапусьціў польскі бок, куды яны хочуць паехаць».

Па словах чачэнцаў, яны ня маюць прэтэнзіяў да беларускіх уладаў.

«Да беларускіх уладаў нічога супраць ня маем. Удзячныя, што нас прынялі, прапусьцілі. Хацелі дайсьці да польскай мяжы. Наша мэта такая была», — сказаў Абдула.

Таксама ўцекачы просяць, каб ім дапамаглі з коўдрамі. Некалькі дзяцей захварэлі, пасьля таго як пераначавалі на вуліцы.

Канякін сказаў, што бліжэйшым часам на мяжу абяцаў прыехаць выканаўца абавязкаў генконсула Польшчы ў Берасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG