Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейцы папрасілі праваабаронцаў «адсяліцца» празь іхную дапамогу чачэнцам


Аляксей Казьлюк. Выява з фотапраекту Human Constanta «Больш, чым здаецца на першы погляд»
Аляксей Казьлюк. Выява з фотапраекту Human Constanta «Больш, чым здаецца на першы погляд»

Што адбываецца ў Берасьці, тлумачыць Свабодзе сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казьлюк.

Праваабаронцы Human Constanta сутыкнуліся ў Берасьці зь незадаволенасьцю мясцовых жыхароў арганізацыяй, што дапамагае грамадзянам Расеі з Каўказу, якія шукаюць прытулку ў Польшчы.

Каардынатар місіі дапамогі чачэнцам у Берасьці, сузаснавальнік Human Constanta Аляксей Казьлюк расказаў пра гутарку зь мясцовымі жыхарамі ў эмацыйным допісе на Facebook. Маўляў, прэтэнзіі былі да «нярускіх з торбамі», прапаноўвалі дапамагаць ім, «дзе паменей людзей», пагражалі пачаць пісаць скаргі, бо ўцекачы нібы «ў прыбіральню пад плот ходзяць», «дзеці іх баяцца»...

У гутарцы са Свабодай Казьлюк падрэсьлівае: гэта словы толькі асобных, але ня ўсіх жыхароў дамоў, каля якіх месьціцца офіс.

«Найперш мы спрабавалі высьветліць прыроду гэтых страхаў — ці былі інцыдэнты, канфлікты, нейкая сапраўдная пагроза жыхарам ці іх дзецям? Але насамрэч такіх выпадкаў не было. Гэта хутчэй такая боязь іншаземцаў, тых, хто адрозьніваецца колерам скуры ці рэлігіяй. Сапраўдны побытавы расізм».

Чачэнскія ўцекачы ў Берасьці, архіўнае фота
Чачэнскія ўцекачы ў Берасьці, архіўнае фота

Людзі ня супраць дапамогі ўцекачам, але лепей быць падалей ад іх

«Склалася такое ўражаньне, што няма галасоў супраць такой дзейнасьці, але людзі не хацелі б, каб яна адбывалася ў іх на вачах ці недалёка ад іх, — працягвае Казьлюк. — З аднаго боку, людзі думаюць, што трэба дапамагаць уцекачам, але яны іх баяцца. Відавочна, яны вельмі моцна вагаліся ў гэтай сытуацыі. Яны разумелі, што справа, здаецца, карысная, але не хацелі перамагчы свае страхі ці ня бачылі ў гэтым патрэбы.

Мы, вядома ж, перш за ўсё дапамагаем уцекачам. Нам галоўнае, каб гэтай працы вонкавыя фактары ня шкодзілі. Але пры гэтым мы хочам таксама працаваць зь мясцовым насельніцтвам, каб перамагаць гэтую ксэнафобію, тлумачыць людзям, што проста па прыкмеце нацыянальнасьці людзі ім нічым не пагражаюць.

Пакуль мы ня бачым сэнсу зьяжджаць, але пры гэтым бачым сэнс наладзіць больш шчыльную камунікацыю зь мясцовымі жыхарамі».

Праблема засталася: чачэнцы едуць, палякі ня прагнуць іх прымаць, беларусы не зьбіраюцца дэпартаваць

«Уцекачоў стала меней таму, што быў халодны час — увосень, узімку, у пачатку вясны іх на вуліцах не відаць, яны не зьбіраюцца, як улетку мінулага году.

Што цяпер будзе, незразумела, бо мы бачым, што ёсьць трывожныя сыгналы з Чачні, зьвязаныя з працягам перасьледу людзей. Гэта, зразумела, адаб’ецца на плыні ўцекачоў — мы заўважалі, што як толькі да нас даходзяць навіны з Чачні пра нейкія рэпрэсіі, то празь некаторы час назіраем прыток уцекачоў у Берасьці.

Пазыцыя польскіх уладаў застаецца ранейшай: яны робяць выгляд, што да іх не паступаюць заявы аб наданьні прытулку. Пазыцыя беларускіх уладаў як была, так і застаецца стрыманай: не назіраем відавочных тэндэнцыяў да таго, каб нейкімі сілавымі мэтадамі ці празь нейкія масавыя дэпартацыі паспрабаваць вырашыць гэтую праблему.

Я б хутчэй сказаў, у беларускага боку ёсьць нейкае разуменьне, што ў людзей ёсьць пэўныя падставы, каб бегчы, і што яны грамадзяне Расеі і маюць права тры месяцы заставацца на тэрыторыі Беларусі. Беларускія ўлады ў гэтым сэнсе дзейнічаюць строга ў межах закону, але нейкай дадатковай дапамогі іншаземцам, якія аказаліся ў складанай сытуацыі, не аказваецца.

Магчыма, праўда, каб уключыліся замежныя арганізацыі, але ні ў кога няма адпаведнай мэты: усе працуюць з тымі ўцекачамі, хто застаецца ў Беларусі, але з тымі, хто едзе далей, але затрымаўся ў Беларусі... Цяпер пра такіх ня ведаю».

У Беларусі чачэнскім уцекачам небясьпечна

«Ёсьць розныя сытуацыі, у тым ліку такія, у якіх мы бачым, што Беларусь ня можа лічыцца сапраўды бясьпечнай краінай. Да нас прыходзяць зьвесткі пра пагрозы ўцекачам тут, у Берасьці. Мы сутыкаліся з пагрозамі ў дачыненьні да нашых валянтэраў. Аднойчы такі факт быў зафіксаваны, мы зьвярталіся ў праваахоўныя органы, каб была праведзеная праверка.

Для некаторай катэгорыі ўцекачоў ёсьць праблема магчымага перасьледу ў Беларусі, бо з Расеяй адкрытая мяжа. Калі раптам чалавека на дзяржаўным узроўні абвяшчаюць у вышук у Чачні, то ў Беларусі ён ня можа застацца, ніяк ня можа быць абароненым ад таго, што яго ня выдадуць чачэнскім уладам», — распавёў Свабодзе сузаснавальнік Human Constanta Аляксей Казьлюк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG