Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дысыдэнт, які зьнік у Менску, знайшоўся ў расейскім СІЗА


Уладзімір Ягораў, актывіст "Яблока", падчас адзіночнага пікету ў горадзе Тарапец

Уладзімір Ягораў знаходзіцца ў СІЗА гораду Тарапец Цьвярской вобласьці — паведаміла Радыё Свабода ягоная расейская адвакатка Сьвятлана Сідоркіна.

Расейскі апазыцыйны палітык Уладзімер Ягораў, які спрабаваў схавацца ад перасьледу на тэрыторыі Беларусі, зьнік у Менску 29 ліпеня.

Супрацоўнікі беларускага гостэла, у якім ён жыў, сказалі праваабаронцам, што 29 ліпеня па яго прыйшлі «камітэтчыкі».

Супраць Ягорава, які жыве ў горадзе Тарапец Цьвярской вобласьці Расеі і ўзначальваў мясцовае аддзяленьне партыі «Яблоко», завялі крымінальную справу за заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці праз пост у сацыяльнай сетцы.

Праваабаронцам стала вядома, што 31 ліпеня ў Кастрычніцкім судзе Менску Ўладзімера Ягорава асудзілі на двое сутак па артыкуле 17.1 КК — «хуліганства». Суд прайшоў без самога Ягорава. Вызначыць месцазнаходжаньне Ягорава не ўдавалася з 29 ліпеня. Афіцыйныя органы даваць камэнтары праваабаронцам адмаўляліся.

«Сьледчы пазваніў ягонаму адвакату ўчора і сказаў, што будзе падаваць на ўзяцьцё пад варту Ягорава, бо ён знаходзіцца ў СІЗА (у расейскім горадзе Тарапец. — РС). Мяркуючы па ўсім, яго перадалі ФСБ учора ўначы. Мы хочам даведацца, па якой працэдуры гэта адбылося. У Расеі яго, найхутчэй, арыштуюць і пачнецца суд», — сказала Радыё Свабода супрацоўніца праваабарончай арганізацыі Human Constanta Яна Ганчарова.

«У Расеі за гэта можа быць рэальнае турэмнае зьняволеньне», — кажа адвакатка Сьвятлана Сідоркіна. Са сваім падабаронным яна яшчэ не размаўляла.

«"УКантакце" была група, у якой ён разьмяшчаў свае антыкарупцыйныя расьсьледаваньні і іншую інфармацыю. Там ён разьмясьціў пост пра Дзьмітрыя Мядзьведзева і Ўладзімера Пуціна. Не магу сказаць, што там дакладна было, бо ён яго выдаліў. Але пост прызналі экстрэмісцкім і завялі крымінальную справу», — сказала Яна Ганчарова.

Раней беларускія праваабаронцы выказвалі занепакоенасьць дзеяньнямі беларускіх праваахоўных органаў у справе Ўладзімера Ягорава.

«Гэта падобна да справы Мурада Амрыева», — сказала Радыё Свабода беларуская праваабаронца Наста Лойка. — Там вельмі падобная сытуацыя была, калі ў Добрушы было мала інфармацыі, не пускалі да яго адваката, ігнаравалі статус уцекача, не тлумачылі, што за працэдура. Толькі ў выніку нашых настойлівых запытаў мы даведаліся, што гэта працэдура высылкі».

Уцякач з Чачні Мурад Амрыеў быў затрыманы 7 чэрвеня ў 17:24 у пункце пропуску «Весялоўка» Гомельскай памежнай групы на выезьдзе зь Беларусі ва Ўкраіну. Ён быў высланы зь Беларусі пад канвоем 9 чэрвеня на прадпісаньне Генпракуратуры. Паводле расейскіх СМІ, беларускія структуры «не атрымлівалі» прашэньня Амрыева аб палітычным прытулку, якое Амрыеў пісаў у дзень затрыманьня. У Генпракуратуры Беларусі заявілі, што перадача затрыманага 9 чэрвеня — не экстрадыцыя: перадачай займаліся органы ўнутраных спраў.

XS
SM
MD
LG