Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь высылае ў Расею чачэнца. Ён кажа пра пагрозы жыцьцю і катаваньні на радзіме


Уцекачы. Ілюстрацыйнае фота

Пасьля 15 гадоў перасьледаў і катаваньняў жыхар Чачні спрабаваў выехаць у Польшчу і атрымаць статус уцекача. 13 красавіка 2017 году яго затрымалі беларускія памежнікі ў Берасьці. Цяпер яму пагражае прымусовая высылка ў Расею.

«Цяпер Зелімхан у ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС Берасьця, — паведаміў Свабодзе юрыст місіі дапамогі ўцекачам праваабарончай арганізацыі Human Constanta Мікіта Мацюшчанкаў. — Ён там ад моманту затрыманьня — 13 красавіка».

Human Constanta апублікавала сёньня інфармацыю пра затрыманага жыхара Чачні Зелімхана (ягонае сапраўднае імя арганізацыя зьмяніла ў мэтах бясьпекі. — РС). Ён прыехаў у Беларусь 21 сакавіка 2017 году. Восем разоў езьдзіў у Тарэспаль, каб атрымаць статус уцекача. Па яго словах, апошнія 15 год яго ў Чачні неаднаразова затрымлівалі і катавалі.

4 красавіка ён зьвярнуўся ў офіс Місіі дапамогі ўцекачам у Берасьці. Юрыст місіі падрыхтаваў Зелімхану юрыдычна аформленую просьбу аб прытулку на польскай мове. Але 5 красавіка, калі Зелімхан спрабаваў выехаць зь Беларусі, яго прыпынілі беларускія памежнікі і 40 хвілін дапытвалі. Потым адпусьцілі.

13 красавіка, калі Зелімхан чарговы раз спрабаваў выехаць у Польшчу, беларускія памежнікі затрымалі яго ў залі мытнага надгляду на вакзале ў Берасьці.

Як стала вядома пазьней, 5 красавіка Зелімхана абвясьцілі ў міждзяржаўны вышук за ўдзел у незаконным узброеным фармаваньні.

13 красавіка аддзел па грамадзянстве і міграцыі Ўпраўленьня ўнутраных спраў Ленінскага раёну Берасьця вынес рашэньне аб высылцы Зелімхана ў прымусовым парадку. Гэта значыць, пад канвоем яго павязуць у Расею, дзе перададуць расейскім сілавікам.

Зелімхан абскарджваў гэтае рашэньне. Ён кажа, што ў Расеі яго неаднаразова затрымлівалі і жорстка катавалі. Паводле ягоных словаў, вяртаньне ў Чачню пагражае ягонаму жыцьцю і стварае небясьпеку для сваякоў.

«На судовых пасяджэньнях Зелімхан пераканаўча расказаў пра мінулыя эпізоды прымяненьня катаваньняў да яго, а таксама прадставіў вартую даверу абʼектыўную інфармацыю пра сытуацыю ў Чачні, — гаворыцца ў заяве Human Constanta. — На думку Human Constanta, усёй гэтай інфармацыі суду павінна было хапіць, каб пераканацца ў рэальнасьці пагрозы прымяненьня катаваньняў да Зелімхана ў выпадку яго высылкі ў Расею».

Уцекачы з Чачэніі. Ілюстрацыйнае фота
Уцекачы з Чачэніі. Ілюстрацыйнае фота

Зь Зелімханам у Берасьці працуюць два адвакаты. Яны маюць дзесяць дзён, каб апратэставаць рашэньне раённага суду ў абласным. Пасьля гэтага цягам месяца будзе прызначана судовае паседжаньне па новым судовым працэсе.

Мікіта Мацюшчанкаў з Human Constanta зьвяртае ўвагу, што ад моманту затрыманьня 12 красавіка Зелімхан знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня, хоць ІЧУ не разьлічаныя на такое працяглае ўтрыманьне пад вартай.

«Ён сядзіць там ужо чатыры месяцы, — кажа Мацюшчанкаў. — Гэта нэгатыўна ўплывае на яго самаадчуваньне. Як фізычнае, так і маральнае».

Цяпер адначасова ідуць два судовыя працэсы. Першы — абскарджваньне рашэньня аб прымусовай высылцы ў Расею. Другі — разгляд заявы на атрыманьне статусу ўцекача ці на дадатковую абарону ў Беларусі.

Калі Беларусь дасьць яму такі статус (уцекача), чаго яшчэ не здаралася зь ніводным расейцам за ўвесь час незалежнасьці Беларусі, тады неабходнасьць абскарджваць яго высылку адпадзе. Ён тут застанецца як уцякач.

«Наколькі я ведаю, чачэнцаў, якія праходзілі праз такія судовыя інстанцыі, не было, — кажа Мацюшчанкаў. — А рашэньня пра статус уцекача пакуль няма. Калі Беларусь дасьць яму такі статус, чаго яшчэ не здаралася зь ніводным расейцам за ўвесь час незалежнасьці Беларусі, тады неабходнасьць абскарджваць яго высылку адпадзе. Ён тут застанецца як уцякач».

Гэтым летам зь Беларусі быў прымусова высланы чачэнец Мурад Амрыеў. Грамадзяніна Расеі затрымалі на пункце пропуску «Весялоўка» з 7 на 8 чэрвеня, калі ён накіроўваўся зь Беларусі ва Ўкраіну. На памежным кантролі выявілі, што ў Расеі ён у вышуку — за падробку дакумэнтаў. Амрыева затрымалі і даставілі ў Добрускі РАУС. У Добрушы ён спрабаваў напісаць заяву на атрыманьне статусу ўцекача ці на дадатковую абарону ў Расеі. Але 8 чэрвеня яго перадалі расейскім сілавікам.

Таксама ў Расею быў выдадзены апазыцыйны палітык Уладзімер Ягораў. Ён спрабаваў схавацца ад перасьледу на тэрыторыі Беларусі, але зьнік 29 ліпеня. 2 жніўня стала вядома, што ён у СІЗА гораду Тарапец Цьвярской вобласьці.

Свабода ня раз пісала пра чачэнцаў, якія месяцамі жывуць у Берасьці, спрабуючы атрымаць статус уцекача ў Польшчы. Сузаснавальніца праваабарончай арганізацыі Human Constantа Наста Лойка называе сытуацыю з чачэнскімі ўцекачамі ў Берасьці гуманітарнай катастрофай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG