Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта спадзявацца чачэнцу на палітычны прытулак у Беларусі


Мурад Амрыеў

Чачэнскі спартовец Мурад Амрыеў быў высланы зь Беларусі ў Расею ў той жа дзень, калі папрасіў палітычнага прыстанішча ў Беларусі. Увечары 8 чэрвеня эскорт аўтамабіляў з танаванымі шыбамі выехаў з Добрушу ў бок расейскай мяжы. Але паводле зьвестак «Новой газеты», гэта везьлі не Амрыева: ён знаходзіўся ў РАУС Добрушу да ночы, затым яго перадалі расейскім памежнікам і ФСБ, а чачэнскіх сілавікоў пры перадачы не было.

Амрыеў баяўся «кроўнай помсты» ад чачэнскіх сілавікоў — паводле ягонага адваката, дэпартацыя можа пагражаць жыцьцю чачэнскага спартоўца. Сьцьвярджаецца, што ў Беларусі адваката да Амрыева не пускалі. Міжнародная праваабарончая супольнасьць Freedom House заявіла, што ўрад Беларусі меў бы прызнаць, што запыт з Чачні аб экстрадыцыі Амрыева грунтуецца на выдуманым абвінавачаньні аб падробліваньні дакумэнтаў (у пашпарце Амрыева пазначаная памылковая дата нараджэньня — 1986 год замест 1985-га) і што выдача Амрыева можа пагражаць ягонаму жыцьцю.

Ці можна так: атрымаць просьбу аб прыстанішчы і тут жа выдварыць?

Юрыст, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Алесь Міхалевіч сам атрымліваў палітычны прытулак у Чэхіі. Міхалевіч кажа Свабодзе, што калі пытаньне палітычнага прыстанішча Амрыева сапраўды было разгледжанае паводле закону, то ягоная высылка цалкам магчымая.

Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

«Але зь іншага боку, безумоўна, Беларусь практычна ніколі не разглядае пытаньне экстрадыцыі з пункту гледжаньня права, яна разглядае гэта як палітычнае пытаньне, — дадае Міхалевіч. — І ў гэтым выпадку, калі расейскія лідэры і ў тым ліку [кіраўнік Чачні Рамзан] Кадыраў зьяўляюцца палітычнымі сябрамі Беларусі, то гэта такі жэст у іхны бок.

У прынцыпе, дэ-юрэ расейцам можна разьлічваць на палітычнае прыстанішча ў Беларусі, бо гэта іншая дзяржава, хоць і саюзная. Таму ў адпаведнасьці з законам Беларусь мае абавязак разгледзіць такі зварот. Але на практыцы, я думаю, гэта немагчыма за выключэньнем хіба нейкіх выпадкаў, калі аж прэзыдэнт скажа, што такая асоба нам патрэбная. Але і гэта наўрад ці магчыма.

Безумоўна, расейскія спэцслужбы пачуваюць сябе ў Беларусі вельмі добра. Але калі пытаньне прыстанішча хоць неяк затрымлівае выдачу, хоць на пэўны час дапамагае, то сэнс прасіць яго ёсьць. Тым больш гэта магчымасьць пераехаць кудысьці далей, у больш бясьпечную краіну».

Ці атрымлівалася хоць раз?

Юрыст Мікіта Мацюшчанкаў, валянтэр місіі Human Constanta (місія дапамагае чачэнцам у Беларусі, у тым ліку тым, якія едуць празь Беларусь прасіць прытулку ў Эўропе), сумняваецца, што запыт палітычнага прытулку Амрыева задаволілі бы. Сама ж Беларусь прынамсі 12 гадоў не давала прытулку грамадзянам Расеі, кажа Мацюшчанкаў Свабодзе:

«Пачаць трэба з таго, што Беларусь можа даць прыстанішча ў дзьвюх формах: статус уцекача і дадатковая абарона. Статус уцекача даецца ў тых выпадках, калі ў асобы ёсьць абгрунтаваныя асьцярогі стаць ахвярай перасьледу паводле прыкметы расы, веравызнаньня, грамадзянства, прыналежнасьці да пэўнай сацыяльнай групы або палітычных перакананьняў. Дадатковая абарона прадастаўляецца ў выпадках, калі асобе небясьпечна вяртацца ў краіну пражываньня празь нейкія іншыя пагрозы. Напрыклад, калі там ідзе вайна ці ёсьць пагроза стаць ахвярай катаваньняў і гэтак далей. Таксама важным элемэнтам ёсьць тое, што ў краіне паходжаньня гэтая асоба ня можа атрымаць абароны ад пагрозы.

З 2004-га па 2016 год на сайце МУС апублікаваная статыстыка, якая сьведчыць, што Беларусь атрымала 73 заяўкі на прыстанішча ад грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі (статыстыка не вядзецца паводле нацыянальнасьці), і ніводная заява не была задаволеная ні ў якой форме. Таму падобна, што Беларусь у прынцыпе не дае прыстанішча грамадзянам Расеі. Заяву падаць можна, але, хутчэй за ўсё, будзе адмова.

Даўшы прытулак грамадзянам Расеі, Беларусь бы прызнала, што там яны ня могуць атрымаць абарону ад перасьледу. У цяперашняй палітычнай сытуацыі такое прызнаньне Беларусьсю ўяўляецца малаверагодным.

У выпадку Беларусі гэта можна растлумачыць тым, што, даўшы прытулак грамадзянам Расеі, Беларусь бы прызнала, што там яны ня могуць атрымаць абарону ад перасьледу. У цяперашняй палітычнай сытуацыі такое прызнаньне Беларусьсю ўяўляецца малаверагодным.

Чачэнцы, зь якімі я працую ў Місіі дапамогі ўцекачам у Берасьці, ведаюць пра гэта, таму звычайна яны ня просяць прытулку ў Беларусі. Грамадзяне Расеі просяць аб прысанішчы толькі ў вельмі рэдкіх выпадках. Напрыклад, у такіх, як у Мурада.

Вядома, згодна зь міжнародным правам, Беларусь мусіць гарантаваць бясьпеку тым, хто знаходзіцца на яе тэрыторыі, у тым ліку тым, каму дае прытулак. У гэтым жа і сутнасьць прадстаўленьня прыстанішча — гарантаваць бясьпеку чалавека. Але фактычна гэта залежыць ад праваахоўных органаў: як яны адрэагуюць на паведамленьне пра небясьпеку.

У Берасьці я сутыкаўся са сьцвярджаньнямі чачэнцаў і ведаю пра чуткі, якія ходзяць сярод іх, што «кадыраўцы» пагражалі некаторым зь іх і шукалі іх проста ў Берасьці. Пра нейкія канкрэтныя выпадкі, дзе да кагосьці з чачэнцаў там быў бы ўжыты гвалт ад «кадыраўцаў», я ня ведаю. Але многія чачэнцы жывуць у Берасьці ў страху, што такое можа здарыцца».

***

Палітычнае прыстанішча за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі афіцыйна атрымаў толькі адзін чалавек — літоўскі камуніст Чэслаў Высоцкі. Але Беларусь дае іншаземцам з розных краінаў статус уцекача (210 чалавек за 12 гадоў, 719 чалавек за 20 гадоў) або «дадатковую абарону» (1844 чалавекі з 2009 году).

Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што прапаноўваў палітычнае прыстанішча экс-прэзыдэнту Кіргізстану Курманбеку Бакіеву. Але ў выніку Бакіеў атрымаў не афіцыйны прытулак, а беларускае грамадзянства.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG