Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Добрушы афармляюць паперы на высылку чачэнскага спартоўца ў Расею


Статус чачэнскага спартоўца, затрыманага ўначы з 7 на 8 чэрвеня, застаецца невядомым. Мурад Амрыеў дагэтуль знаходзіцца ў Добрушы. Да яго прыехаў расейскі адвакат, але яго не пускаюць у РАУС. Свабода перадае зь месца падзеяў.

Пётр Заікін, расейскі адвакат Амрыева, паведаміў Свабодзе, што бачыў у будынку Амрыева праз вакно. Той быў у кайданках. Пасьпеў паведаміць, што ад часу затрыманьня, яму не прадставілі адваката.

«Я прывёз дакумэнты, якія мог бы выкарыстаць беларускі адвакат, — сказаў Заікін. — Знайсьці адваката мы пакуль ня можам. Усе пагаджаюцца, але калі даведаюцца, у чым сутнасьць праблемы, усе прымаюць рашэньне, што ім немэтазгодна працягваць працу».

Пётр Заікін
Пётр Заікін

Заікін прывёз дакумэнты аб вызваленьні, падпісаныя расейскім сьледчым. Дзяжурны іх прыняў і вярнуў адвакату пасьля азнаямленьня.

«Мой кліент знаходзіцца ў памяшканьні адзьдзелу міліцыі. Ён знаходзіцца тут з 12 гадзін ночы. Прычына затрыманьня — што ён нібыта знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Пазаўчора ён быў вызвалены. Ён утрымліваўся ў ІЧУ Бранска і быў вызвалены. Яго паўторна затрымалі».

Пазьней адваката зь Беларусі ўдалося знайсьці. У РАУС Добрушу прыехала беларуская адвакатка. Яна падала хадатайніцтва, каб сустрэцца з Мурадам.Пакуль адвакатку не пускаюць да яго, спасылаючыся на тое, што разглядаюць заяву.

Разам з Заікіным у Добруш прыехала Анастасія Гарына, юрыст Камітэту супрацьдзеяньня катаваньням. Камітэт прадстаўляе інтарэсы Амрыева з расейскага боку.

Анастасія Гагрына
Анастасія Гагрына

У прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкаму Свабодзе паведамілі, што супрацоўнікі адзьдзелу па міграцыі і грамадзянстве афармляюць дакумэнты на «прымусовую высылку» Амрыева.

Паводле словаў Заікіна, дэпартацыя можа пагражаць жыцьцю чачэнскага спартоўца.

«Выдача Амрыева чачэнскім паліцыянтам можа для яго скончыцца вельмі трагічна ў літаральным сэнсе — гэта пытаньне жыцьця і сьмерці».

Бацькі Амрыева запісалі відэазварот з просьбай да ўладаў Беларусі не выдаваць сына Расеі.

Як раней паведамляла Свабода, Амрыева перасьледуюць чачэнскія паліцэйскія — як мяркуецца, праз кроўную помсту. Яго абвясьцілі ў вышук у пачатку 2017 году. 4 чэрвеня затрымалі ў Бранску. 6 чэрвеня яго адпусьцілі, а ўначы з 7 на 8 чэрвеня ён быў затрыманы на беларуска-украінскай мяжы. Пасьля яго даставілі ў РАУС Добрушу.

Па словах адваката Заікіна, калі Амрыева выпусьцяць, ён вернецца ў Расею.

«Я лічу, неабходна вярнуцца ў Расейскую Фэдэрацыю. Закрыць пытаньне зь яго незаконным перасьледам і на законных падставах зьехаць. Сесьці на самалёт або цягнік».

Свабода працягвае сачыць за сытуацыяй вакол Амрыева на месцы падзеяў.

XS
SM
MD
LG