Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Надзелі чорны мяшок на галаву і павезьлі». Прыгоды расейскага дысыдэнта ў Беларусі


Уладзімір Ягораў падчас агітацый у Таропцы

Як беларускія спэцслужбы перадаюць людзей расейскаму ФСБ, расказвае актывіст зь невялікага гораду Таропца Цьвярской вобласьці Уладзімір Ягораў

Ён кажа, што зь Менску яго вывезьлі на беларуска-расейскую мяжу зь мяшком на галаве. А ў афіцыйных дакумэнтах напісалі, што затрымалі пры спробе перасячэньня мяжы на ўласным аўтамабілі.

У кастрычніку 2016 году супраць Уладзіміра Ягорава ў Таропцы завялі крымінальную справу паводле артыкулу «Экстрэмізм». Падставай сталі яго пасты ў групе «Грамадзяне Таропца», а менавіта карцінка з выявай Уладзіміра Пуціна.

«Пачаўся ціск на мяне, на маю сям’ю. Невядомыя дом падпалілі, — расказвае Ягораў. — І я вырашыў уцячы ва Ўкраіну. Думаў, што пасьля гэтага маю сям’ю ў спакоі пакінуць. А потым я іх перавязу да сябе».

Падпаленая брама дома Ягорава ў Таропцы
Падпаленая брама дома Ягорава ў Таропцы

«Спадзяваўся перачакаць у Беларусі»

Ва Ўкраіне расіянін атабарыўся ў Чарнігаве, спачатку жыў у хостэле, потым зьняў кватэру, пачаў зарабляць рамонтам швейных машынак. Дапамагалі мясцовыя праваабаронцы. На пачатку ліпеня 2017 году па Ягорава на месца працы прыйшла група супрацоўнікаў СБУ. На здымнай кватэры сабралі рэчы і павезьлі на ўкраінска-беларускую мяжу. Па дарозе паведамілі, што ў палітычным прыстанішчы яму адмовілі, а ўезд на тэрыторыю Ўкраіны Ягораву цяпер забаронены на тры гады.

«Я сеў у сваю машыну, якую на мяжы пакінуў, калі ва Ўкраіну ўцякаў. Паехаў у Менск — што мне было рабіць? — расказвае расіянін. — Вяртацца назад у Расею не хацелася, спадзяваўся перачакаць у Беларусі, даведацца, як дзейнічаць далей, скаргі напісаць».

Прыехаўшы ў Менск, Ягораў запаркаваў свой аўтамабіль насупраць чыгуначнага вакзалу, на вуліцы Кірава. Нейкі час жыў проста ў машыне, а калі зьяўляліся грошы, перабіраўся ў хостэл, разьмешчаны ў адной з прывакзальных «вежаў».

«Грошай у мяне асабліва не было. Нешта сям’я перадавала, нечым праваабаронцы дапамаглі, — расказвае Ягораў. — Жыў у Менску, перасылаў у Кіеў дакумэнты, усё вырашалася паволі. Мне нават паведамілі, што СБУ супраць мяне нічога ня мае».

Расіянін прызнаецца, што прадчуваў арышт. За дзень да затрыманьня атрымаў паведамленьне ад жонкі, што ў Расеі яго падалі ў фэдэральны вышук.

«Я пачаў ужо зьбірацца ехаць дадому. ФСБ, КДБ — гэта ўсё адно. Мяжу ва Ўкраіну я б ужо не прайшоў. Але позна было, мяне ўзялі», — расказвае Ягораў.

Незадоўга да затрыманьня ён пасьпеў расказаць пра сытуацыю беларускім праваабаронцам, аднак тыя паставіліся да інфармацыі пра фэдэральны вышук са скептыцызмам.

Ягораў падчас адзіночнага пікету ў Таропцы
Ягораў падчас адзіночнага пікету ў Таропцы

«Беларусь, Расея, Украіна — гэта сапраўды тры сястры»

«У хостэл па мяне прыйшлі. Моўчкі ўзялі пад рукі, начапілі на галаву чорны мяшок і павезьлі. Нічога не сказалі, не прадставіліся. Наперад — і пайшоў, — распавядае Ягораў».

З хостэлу расіяніна прывезьлі ў адзін зь менскіх РУУСаў, узялі адбіткі пальцаў, аформілі за «хуліганства» і накіравалі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў.

«На выходныя. Хацелі да панядзелка пратрымаць два дні, каб у выходныя не везьці, — расказвае Ягораў. — У панядзелак раніцай вывелі адтуль разам з усімі. Маўляў, на суд зараз паедзем. Усе без кайданкоў, я ў кайданках. Бо ты бандыт, кажуць. Паглядзелі мае паперы, там нічога. Канваіры самі зьдзівіліся. А потым за мной іншыя прыехалі. Відаць, КДБ. Зноў мяшок на галаву — і павезьлі на мяжу з Расеяй ужо. Мяшок толькі ля мяжы зьнялі. Расслабіліся, відаць».

За мікрааўтобусам, у якім Уладзіміра Ягорава везьлі на расейскую мяжу, ехаў яго ўласны аўтамабіль. Прычыну такога клопату расіянін зразумеў толькі падчас перадачы сваім «родным» супрацоўнікам ФСБ. Паводле агучанай яму легендзе, на мяжу Ягораў прыехаў самастойна на сваёй машыне. Там жа быў затрыманы расейскімі праваахоўнікамі.

«Картэж цэлы быў. Машына зь мігалкамі, мікрааўтобус са мной і мая машына. Як у фільмах пра шпіёнаў, толькі не абменьвалі нікога. Сьмешна гэта, вядома. Цяпер сьмешна, але тады я не сьмяяўся», — успамінае Ягораў.

17 лістапада Ўладзіміра Ягорава адпусьцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе. Дата суду за «экстрэмізм» пакуль невядомая. Ягораў разам зь сям’ёй жыве ў Падмаскоўі. Зь Цвярской вобласьці прыйшлося зьехаць — пагрозы ў адрас сям’і працягваліся і пасьля ад’езду Ягорава ва Украіну.

«Беларусь, Украіна, Расея — гэта сапраўды тры сястры. Усё аднолькавае. І ва Ўкраіне таксама. Людзі простыя, нармальныя, Менск — выдатны горад. Але так у прынцыпе сыстэма аднолькавая», — гаворыць Ягораў.

Праваабаронцы: «Гэта ня першая такая гісторыя».

«Cытуацыю з Уладзімірам Ягоравым досыць складана пракамэнтаваць, бо ў нас практычна няма ніякай афіцыйнай інфармацыі ад беларускіх праваахоўнікаў, — гаворыць Яна Ганчарова, прадстаўніца праваабарончай арганізацыі Human Constanta. — Мы рабілі запыты і звароты ў шэраг органаў — МУС, КДБ. І паўсюль атрымалі альбо адпіскі аб тым, што мы ня маем права атрымаць інфармацыю аб яго высылцы, альбо аб тым, што наш зварот не падлягае разгляду».

Ганчарова ўказвае на нюансы, якія выклікаюць шэраг пытаньняў. «Па-першае, калі ў дачыненьні да Ягорава была заведзеная крымінальная справа ў Расеі, чаму да яго не была ўжытая працэдура экстрадыцыі? Працэдура, якая мае шэраг міжнародных гарантый, не магла здарыцца за 2 дні, — гаворыць яна. — Па-другое, са слоў расейскага адваката Ягорава мы ведаем, што ў крымінальнай справе сказана, што ён быў затрыманы на мяжы Беларусі і Расеі на асабістым аўтамабілі, і нічога не гаворыцца пра арышт у Беларусі супрацоўнікамі КДБ».

Паводле праваабаронцаў, гісторыя прыгодаў Уладзіміра Ягорава ня першая. Расейскіх грамадзян ужо затрымлівалі на тэрыторыі Беларусі і выправаджвалі назад у Расею з парушэньнем устаноўленых працэдур.

Вядомы выпадак затрыманьня ў Брэсьце Імрана Саламава, які падаў дакумэнты на атрыманьне прыстанішча ў Беларусі. Атрымаўшы адмову, Саламаў зьбіраўся абскардзіць гэтае рашэньне, але ў парушэньне вызначанага тэрміну для падачы скаргі яго выдалі Расеі.

«Афіцыйныя беларускія структуры не даюць інфармацыі пра выпадкі вывазу грамадзян у Расейскую Фэдэрацыю, таму мы ня можам сказаць, наколькі яны законныя», — сказала праваабаронца.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG