Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах прайшоў мітынг супраць «рэстарацыі на костках». ФОТА, ВІДЭА

абноўлена

Удзельнікі акцыі ля ўваходу ў забаўляльны цэнтар
Удзельнікі акцыі ля ўваходу ў забаўляльны цэнтар

Акцыя абаронцаў Курапатаў супраць адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим» за 50 мэтраў ад мэмарыялу пад Менскам пачалася аб 11-й гадзіне.

Актывісты сабраліся каля Крыжа пакутаў. Як заявіў адзін з арганізатараў супраціву Павал Севярынец, адзінае выйсьце ў інвэстараў і арандатараў — перадаць будынак для музэю ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

«Гэта адзінае для іх выйсьце, каб захаваць нерухомасьць, — перакананы Павал Севярынец. — Будаўніцтва ў ахоўнай зоне было забаронена яшчэ рашэньнем пракуратуры».

Ён нагадаў, што 2 чэрвеня пачнецца кругласутачная акцыя ў Курапатах актывістаў «Маладога фронту»

Рэкляма рэстарацыі «Паедзем, паядзім» ля Курапатаў
Рэкляма рэстарацыі «Паедзем, паядзім» ля Курапатаў

Паводле палітыка, Курапаты — ня тое месца, дзе можна забаўляцца, есьці, піць і весяліцца. Тут мусіць панаваць цішыня. Ён запэўніў, што ў выпадку адкрыцьця рэстарацыі актывісты неадкладна распачнуць кампанію інфармаваньня наведнікаў пра тое, што тут адбывалася ў 1930-х гадах.

Пасьля малебну ўдзельнікі рушылі да абноўленага «Бульбаш-холу», дзе мелася запрацаваць рэстарацыя «Поедем поедим».

Перад рэстарацыяй, на агароджы якой вісеў аркуш з надпісам «Закрыто», Павал Севярынец раздаў удзельнікам плястыкавыя талерачкі з намаляванымі на іх мішэнямі, а таксама раздрукоўкі з інфармацыяй пра Курапаты — каб раздаваць супрацоўнікам забаўляльнага цэнтру і міліцыянтам.

Актывісты пачакалі да 12.00 — на гэты час анансавалася ўрачыстае адкрыцьцё забаўляльнай установы.

За тым, што адбывалася каля комплексу, сачылі супрацоўнікі аддзелу грамадзкай бясьпекі міліцыі Менскага раёну. Іх кіраўнік Віталь Казлоў адмовіўся ад інфармацыйных матэрыялаў пра Курапаты, сказаўшы, што ён такія ўжо мае. Нейкіх прэтэнзій да ўдзельнікаў супраціву праваахоўнікі не агучвалі.

Зьміцер Дашкевіч: «Гэта чарговае злачынства»

На «адкрыцьцё» рэстарацыі гэтаксама прыйшоў грамадзкі актывіст Зьміцер Дашкевіч.

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

«Гэта чарговае злачынства, — адзначыў ён. — Пасьля леташніх заяваў беларускай дзяржавы пра нібыта „апеку“ над Курапатамі бачым вось такі паварот — вялікае жаданьне адкрыць забаўляльную ўстанову. Таму мы тут, каб выказаць, што гэтага ня будзе. Дзіўна, што за 6 гадоў яе ніхто яшчэ не спаліў...» — сказаў Зьміцер Дашкевіч.

«Не кабак, а музэй»

​А 12-й гадзіне, калі брама так і не адчынілася, Павал Севярынец заклікаў паплечнікаў пашыхтавацца ўздоўж агароджы. На ўзроўні сэрцаў яны ўзьнялі талерачкі зь мішэнямі і склалі зь літараў на аркушах заклік «Не „кабак“, а музэй».

«Спакойна працаваць у такім месцы „кабак“ ня будзе, гэта адназначна», — запэўніў Севярынец.

Кіраўнік руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык лічыць, што сьвяткаваць перамогу пакуль не даводзіцца — установу могуць адкрыць у любы момант, калі актыўнасьць пратэстоўцаў пойдзе на спад. Таму, на яго перакананьне, спыняць кампанію ні ў якім разе нельга.

Удзельнік абароны Курапатаў яшчэ 2001 году Зьміцер Касьпяровіч дадаў, што мэта падобных акцый — захаваць памяць пра Курапаты, якія для ўладаў як «бяльмо на воку». Таму справай гонару кожнага неабыякавага беларуса — ня даць рэстарацыі зарабляць на касьцях бязьвінна забітых продкаў.

«Наяўны досьвед абароны сьведчыць, што мэтанакіраваны грамадзкі ціск на пляны „камэрцыялізацыі“ Курапатаў маюць плён. А гэта значыць, спыняцца на паўдарогі нельга», — перакананы палітык Ігар Лялькоў.

Гімнам «Магутны Божа» сёньняшняя акцыя была завершаная. Пры канцы маладафронтаўцы замацавалі аркушы са словамі «Не „кабак“, а музэй» да агароджы комплексу.

Грузавікі ля брамы, пратакол для Севярынца

Тым часам да брамы падьехалі чатыры машыны з прадуктамі. Міліцыянты запатрабавалі Дашкевіча і Севярынца вызваліць праезную частку. Аднак аркушы з лёзунгам пра „кабак“ не здымаюць.

Кіроўцы сказалі, што прадукты для рэстарацыі былі замоўленыя на 13.00. Што менавіта прывезьлі, не ўдакладнілі. Машыны крыху пачакалі і адна за адной пачалі разварочвацца.

Неўзабаве пад’ехаў новы грузавік і яго запусьцілі на тэрыторыю. Міліцыянты ўвесь час вядуць апэратыўныя здымкі.

Разам з аўтамабілем, які выяжджаў з тэрыторыі рэстарану, выйшаў мужчына і сарваў прымацаваныя аркушы. Назвацца пры гэтым адмовіўся. Міліцыянты патлумачылі Дашкевічу і Севярынцу, што іх прысутнасьць залішняя.

Пазьней на Паўла Севярынца быў складзены пратакол за парушэньне правілаў дарожнага руху — знаходжаньне на праезнай частцы. Свабодзе ён сказаў, што віны не прызнае, паколькі ў Курапатах праезнай часткі няма і быць ня можа. Пратакол будзе абскарджаны.

Рэстарацыю пад лесам, дзе ў 1930-х расстралялі і пахавалі сотні тысяч чалавек, зьбіраюцца адкрыць на месцы комплексу, які раней меў назву «Бульбаш-хол». Той комплекс пачалі будаваць у ахоўнай зоне мэмарыялу, але пасьля пачатку будаўніцтва межы ахоўнай зоны пасунулі. У Менаблвыканкаме абаронцам Курапатаў паабяцалі, што 1 чэрвеня рэстарацыя не адкрыецца. Але які лёс яе чакае далей, невядома.

«Сказаць „не“ злачынству». Грамадзкасьць пра адкрыцьцё рэстарацыі ля Курапатаў

Адзін зь лідэраў абароны Курапатаў, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец заяўляў, што, «калі спатрэбіцца, людзі за Курапаты будуць стаяць насьмерць». За дзень да мітынгу ва ўрочышчы актывісткі Вольга Мікалайчык і Ніна Багінская паставілі фігуру з плякатам «Мяне забілі ў Курапатах, на костках зробілі „кабак“». У інтэрнэце ідзе збор подпісаў супраць рэстарацыі.

«Арт Сядзіба», «Symbal.by» і КХП-БНФ абвясьцілі ў дзень мітынгу акцыю «Брукаванка памяці» да 30-годзьдзя адкрыцьця Курапатаў — яны зьбіраюцца зрабіць добрую, якасную дарогу на ўваходзе ў мэмарыял.

Як зьявіўся «Бульбаш-хол»

Будоўля забаўляльнага цэнтру ў Курапатах, вядомага як «Бульбаш-хол», пачалася ў 2012 годзе ў межах ахоўнай зоны. Пасьля зваротаў грамадзкасьці дзяржаўныя ўстановы выявілі парушэньні пры будаўніцтве, і яно было спыненае. Аднак у 2015 годзе Міністэрства культуры скараціла ахоўную зону Курапатаў са 120 да 50 мэтраў, і «Бульбаш-хол» трапіў у зону рэгуляванай забудовы, дзе будаваць можна з улікам пэўных нюансаў. Пратэсты грамадзкасьці, звароты ў суд і пракуратуру плёну не далі.

Пазьней паведамлялася, што «Бульбаш-хол» зьмяніў назву на «Банкет-хол». Але рэстаранна-забаўляльны комплекс каля Курапатаў так і не адкрыўся.

Асноўнае пра Курапаты

Грамадзкасьць прапаноўвала дзяржаве выкупіць комплекс і перадаць яго на балянс Беларускага саюзу мастакоў «​дзеля творчай дзейнасьці ў інтарэсах Курапатаў». А таксама «сесьці за круглы стол з уладальнікамі гэтага аб’екта і падумаць, разабрацца, як гэта зрабіць, каб і бізнэс захаваць, і не парушаць маральных нормаў, якія там павінны быць захаваныя».​

16 лютага 2017 году грамадзкасьць распачала абарону Курапатаў супраць будаўніцтва ў іншым месцы бізнэс-цэнтру прыватным прадпрыемствам «Белрэканструкцыя». Будаўнічая пляцоўка разьмясьцілася за некалькі дзясяткаў мэтраў ад курапацкіх крыжоў, на плошчы, якая ўваходзіла ў ахоўную зону Курапатаў. Гэты кавалак зямлі Менгарвыканкам прадаў прадпрымальнікам, скараціўшы межы ахоўнай зоны ўрочышча.

Супрацьстаяньне будаўнікоў і грамадзкасьці доўжылася больш за месяц. Урэшце прадпрыемства «Белрэканструкцыя» адмовілася ад будаўніцтва. Але шмат каго з абаронцаў затрымалі, судзілі і аштрафавалі.

Больш за 16 гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы, вынікам стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты».

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG