Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менаблвыканкаме абаронцам Курапатаў паабяцалі, што 1 чэрвеня рэстарацыя не адкрыецца


 Экстраная нарада абаронцаў Курапатаў
Экстраная нарада абаронцаў Курапатаў

Абаронцы Курапатаў наведалі 31 траўня Менаблвыканкам і Міністэрства культуры, куды перадалі пэтыцыі супраць адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим» за 50 мэтраў ад Курапацкага мэмарыялу.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла актывістка Ганна Шапуцька.

У Менаблвыканкаме з актывістамі сустрэлася намесьніца ўпраўленьня гандлю Ірына Івановіч, якая сказала, што «на 99% 1 чэрвеня адкрыцьця рэстарацыі ня будзе».

«Прадстаўніца ўпраўленьня гандлю сказала, што пасьля рэзанансу ў СМІ адбылася нарада з удзелам старшыні аблвыканкаму, на якой было вырашана ў гэты дзень рэстарацыю не адкрываць, — сказала Тацяна Шапуцька. — Але ж яна сказала, што згодна з дэкрэтам № 7 адбываецца ўсё вельмі хутка. То бок, калі яны там ужо зарэгістраваныя, то могуць падаць заяву ў Менрайвыканкам і хоць на наступны дзень адкрывацца».

Паводле Шапуцькі, у Міністэрстве культуры сказалі, што ўжо ня маюць дачыненьня да гэтага забаўляльнага комплексу, а прэтэнзій па зонах аховы ў іх няма.

«Пра гэта могуць паведаміць толькі ўласьнікі»

Намесьніца ўпраўленьня гандлю Менаблвыканкаму Ірына Івановіч сказала карэспандэнту Свабоды, што не ведае, ці будзе адчыняцца рэстарацыя заўтра.

«Пра гэта могуць паведаміць толькі ўласьнікі».

Забаўляльны комплекс ля Курапатаў з вышыні птушынага палёту, студзень 2018
Забаўляльны комплекс ля Курапатаў з вышыні птушынага палёту, студзень 2018

Свабодзе стала вядома, што плянуецца адкрыцьцё рэстарацыі «Поедем поедим» за 50 мэтраў ад курапацкага мэмарыялу ў комплексе будынкаў, які належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».

30 траўня ў Менску абаронцы Курапатаў правялі экстраную нараду «ўсіх, гатовых спыніць новы „Бульбаш-хол“». Яны вызначылі плян дзеяньняў на найбліжэйшыя дні. 1 чэрвеня актывісты зьбіраюцца пікетаваць новую рэстарацыю, а 3 чэрвеня ў Курапатах заплянаваны мэмарыяльны мітынг, прысьвечаны 30-годзьдзю адкрыцьця праўды пра ўрочышча пад Менскам, дзе ў 1930-х расстралялі і пахавалі сотні тысяч чалавек.

Што абаронцы Курапатаў будуць рабіць з «новым Бульбаш-холам». ВІДЭА

У інтэрнэце на плятформе change.org ідзе збор подпісаў пад пэтыцыяй, якая мае назву «Музэй сталінскіх рэпрэсій, а не „​кабак“​!».

Як зьявіўся «Бульбаш-хол»

Будоўля забаўляльнага цэнтру ў Курапатах, вядомага як «Бульбаш-хол», пачалася ў 2012 годзе ў межах ахоўнай зоны. Пасьля зваротаў грамадзкасьці дзяржаўныя ўстановы выявілі парушэньні пры будаўніцтве, і яно было спыненае. Аднак у 2015 годзе Міністэрства культуры скараціла ахоўную зону Курапатаў са 120 да 50 мэтраў, і «Бульбаш-хол» трапіў у зону рэгуляванай забудовы, дзе будаваць можна з улікам пэўных нюансаў. Пратэсты грамадзкасьці, звароты ў суд і пракуратуру плёну не далі.

Пазьней паведамлялася, што «Бульбаш-хол» зьмяніў назву на «Банкет-хол». Але рэстаранна-забаўляльны комплекс каля Курапатаў так і не адкрыўся.

Асноўнае пра Курапаты

Грамадзкасьць прапаноўвала дзяржаве выкупіць комплекс і перадаць яго на балянс Беларускага саюзу мастакоў «​дзеля творчай дзейнасьці ў інтарэсах Курапатаў». А таксама «сесьці за круглы стол з уладальнікамі гэтага аб’екта і падумаць, разабрацца, як гэта зрабіць, каб і бізнэс захаваць, і не парушаць маральных нормаў, якія там павінны быць захаваныя».

16 лютага 2017 году грамадзкасьць распачала абарону Курапатаў супраць будаўніцтва ў іншым месцы бізнэс-цэнтру прыватным прадпрыемствам «Белрэканструкцыя». Будаўнічая пляцоўка разьмясьцілася за некалькі дзясяткаў мэтраў ад курапацкіх крыжоў, на плошчы, якая ўваходзіла ў ахоўную зону Курапатаў. Гэты кавалак зямлі Менгарвыканкам прадаў прадпрымальнікам, скараціўшы межы ахоўнай зоны ўрочышча.

Супрацьстаяньне будаўнікоў і грамадзкасьці доўжылася больш за месяц. Урэшце прадпрыемства «Белрэканструкцыя» адмовілася ад будаўніцтва. Але шмат каго з абаронцаў затрымалі, судзілі і аштрафавалі.

Больш за 16 гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы, вынікам стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты».

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG