Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шуневіч прэзэнтаваў Лукашэнку клюшкі, зробленыя зьняволенымі


Ілюстрацыйнае фота

Міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч прадэманстраваў Аляксандру Лукашэнку драўляныя і плястыкавыя хакейныя клюшкі, вырабленыя «на базе крымінальна-выканаўчай сыстэмы МУС», перадае БелТА.

Паводле Ігара Шуневіча, гэта першая экспэрымэнтальная партыя, цяпер завяршаецца тэставаньне клюшак «у практычнай гульні». Пасьля заключэньня па выніках тэстаў і выпраўленьня магчымых хібаў «адразу накіруем у сэрыю», кажа міністар. Свае пажаданьні наконт удасканаленьня клюшак ужо выказаў Аляксандар Лукашэнка: ён параіў зьменшыць шырыню пяра ў драўлянай клюшцы.

Драўляныя клюшкі вырабленыя цалкам у Беларусі, а плястыкавыя — толькі напалову («зь лякалізацыяй 50%»). Шуневіч лічыць вырабленыя клюшкі «дастаткова канкурэнтаздольнымі». Драўляная мае сабекошт 36 рублёў, але колькі яна будзе каштаваць у выніку, невядома. Камэрцыйныя цэны на папулярныя хакейныя клюшкі ў Беларусі пачынаюцца ад 20 рублёў.

Падчас сустрэчы з Шуневічам Лукашэнка таксама пахваліў міліцыю за апэрацыю ў Магілёве, дзе мужчына захапіў аддзяленьне банку, і пастанавіў узнагародзіць удзельнікаў апэрацыі затрыманьня злачынцы. Рэакцыя на такія злачынствы «павінна быць жэстачайшай», дадаў Лукашэнка.

90% зьняволеных «забясьпечаныя працай»

Шуневіч паведаміў Лукашэнку, што ў Беларусі больш за 90% зьняволеных «забясьпечылі працай» — яны «адпрацоўваюць даўгі, позвы, зарабляюць грошы на ўтрыманьне сябе і сваіх сем’яў». Паводле Шуневіча, створаныя «прымальныя» ўмовы працы, шмат грошай уклададаецца ў новую тэхніку і інструмэнты.

11,5 рубля за суткі на Акрэсьціна. Параўноўваем з McDonalds і гостэламі

Форму для хакеістаў таксама пачалі вырабляць

Паводле Шуневіча, форма для юных хакеістаў ужо паступіла ў вытворчасьць структураў МУС пасьля тэстаў і дапрацовак. Папярэднюю замову на неназваную колькасьць камплектаў зрабіла Фэдэрацыя хакею Беларусі.

Шуневіч перакананы, што форма будзе запатрабаваная, і чакае ад ФХБ таксама замовы на клюшкі, зробленыя зьняволенымі.

Ідэя шыць форму сіламі зьняволеных належыць самаму Шуневічу, як сьцьвярджаў Лукашэнка пасьля таго, як паставіў ураду задачу рэалізаваць ідэю.

«Аляксандр Рыгоравіч, а што за праблема? Скажыце, дайце мне заданьне, — пераказваў Лукашэнка зварот Шуневіча да яго. — Мы ў папраўчых установах... Для дзяцей! Ну, хакеісты ў нас крутыя, там Nike купім і канькі, і штаны. А ўсё астатняе мы сшыем. І штаны, і нават канькі зробім!».

«Ня могуць зэкі шыць хакейную форму», — былы асуджаны пра досьвед працы ў швейным цэху

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG