Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве мужчына напаў на банк, узяў закладнікаў і ўчыніў перастрэлку


Месца здарэньня

Каля 15-й гадзіны 20 лістапада мужчына напаў на аддзяленьне Беларусбанку на вуліцы Каліноўскага ў Магілёве, узяў у закладнікі пяць чалавек і ўчыніў перастрэлку.

Прадстаўніца Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці Аксана Салянюк паведаміла карэспандэнту Свабоды, што мужчына ўвайшоў зь пісталетам у банк і запатрабаваў грошы. Супрацоўніцы пасьпелі націснуць «трывожную кнопку» — дэпартамэнт аховы выехаў на месца здарэньня. Да прыезду міліцыі і АМАПу супрацоўнікі банку блякавалі аб’ект.

«Але ён быў затрыманы ў сувязі з тым, што ён прымяніў агнястрэльную зброю, страляў па супрацоўніках міліцыі. Супрацоўнікі міліцыі таксама прымянілі табэльную зброю», — сказала Аксана Салянюк.

Нападнік узяў у закладнікі пяць чалавек, казаў на месцы здарэньня журналістам начальнік магілёўскай міліцыі Аляксандар Кавальчук. У выніку перамоваў у абмен на закладнікаў ён запатрабаваў машыну для ўцёкаў. Яму яе далі. У аўтамабілі нападніка суправаджаў начальнік крымінальнай міліцыі Аляксандар Васільеў пад выглядам супрацоўніка службы бясьпекі банку.

Заўважыўшы перасьлед і ачапленьне, нападнік стаў страляць па міліцыянтах. «Супрацоўнікі міліцыі таксама прымянілі табэльную зброю», — распавяла Аксана Салянюк.

У выніку перастрэлкі нападнік быў паранены ў нагу. Яго адвезьлі ў шпіталь.

Міліцыянты і закладнікі не пацярпелі.

Начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці Андрэй Ліс паведаміў, што ў заплечніку затрыманага знайшлі больш за 7 000 рублёў, 150 даляраў і цьвёрды дыск. Меркавана, усё гэта было скрадзена з аддзяленьня банку. На месцы здарэньня выявілі прадмет, падобны да пісталета Макарава, які, магчыма, належаў нападніку.

Такое здарэньне адбылося ў Магілёве ўпершыню за 10 гадоў.

Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу па частцы 2 артыкула 291 — «Захоп закладнікаў».

Вядома, што затрыманы — грамадзянін Расеі. У верасьні ён атрымаў від на жыхарства ў Беларусі. Яму пагражае ад 6 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG