Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Згарэў «экалягічны» дом уладальніка брэнду belarusam.by


Дом Рамановічаў пасьля пажару

Прадпрымальнік Уладзімер Рамановіч, гаспадар дома, які маладая сям’я будавала цягам 5-ці гадоў, падазрае падпал. Свае матэрыяльныя страты спадар Уладзімер ацэньвае ў 15-20 тысяч даляраў.

Гаспадар апавёў, што сёньня каля 9-й раніцы яму патэлефанавалі зь мясцовай міліцыі і паведамілі, што ягоны дом згарэў:

«Сказалі, што пажар здарыўся ноччу, што з 4-й раніцы яго тушылі супрацоўнікі МНС, выкліканыя кімсьці з суседзяў. Але ўратаваць амаль нічога не ўдалося: застаўся толькі падмурак і каркас са слупоў, на якім узводзіліся сьцены».

Так выглядаў дом Рамановічаў да пажару
Так выглядаў дом Рамановічаў да пажару

У райцэнтры Бешанковічы дом Рамановічаў лічыўся мясцовай цікавосткай. Маладая сям’я, якая мае прыватны бізнэс і гадуе двух дзяцей, некалькі гадоў узводзіла яго ў адпаведнасьці з экатэхнаёгіямі. Саламяныя цюкі набывалі ў розных сельскіх гаспадарках, потым трамбавалі і ўкладалі паміж рэйкамі — так узводзіліся сьцены двухпавярховага будынка. Паводле спадара Ўладзімера, большая частка працаў ужо была зроблена — сьцены былі затынкаваныя звонку, заставалася ўставіць вокны, зрабіць унутраныя працы і падвесьці ўнутр электрычнасьць.

Зрабіўшы гэта, Уладзімер Рамановіч плянаваў застрахаваць будынак. Але не пасьпеў. Зрабіць гэта раней не атрымлівалася: недабудаваныя аб’екты па законе страхаваць не належыць, а застрахаваць надзвычай танныя будматэрыялы — саламяныя цюкі — не было сэнсу.

Што да здарэньня, то Ўладзімер Рамановіч не выключае падпалу:

«Усё гэта наўрад ці зьвязана з маёй прадпрымальніцкай дзейнасьцю або брэндам belarusam.by. Больш дакладна, канешне, скажа сьледзтва. Прыяжджалі ўжо адмыслоўцы і зь Бешанковічаў і зь Віцебску. Але наш незвычайны дом, як кажуць, шмат каму муляў вочы. Чамусьці многія ў нас ня любяць нетрадыцыйных падыходаў, хоць да чаго... Даводзілася нават чуць: „Калі нарэшце нехта спаліць гэтую цыганскую хату!“ Тыдні тры таму я заўважыў, што на будоўлі пабываў нехта чужы: я знайшоў там самаробны ліхтар — бутэльку са скруткам прагарэлай саломы ўнутры. Што там шукалі, я ня ведаю, але выкарыстаньне такой прылады, я маркую, цалкам можа правесьці да ўзгараньня».

Пакуль ішло будаўніцтва, сям’я Рамановічаў — Уладзімер, ягоная жонка Аляксандра Зьвезьдзянкова і двое сыноў, шасьцігадовы Марыюш і трохгадовы Мілаш, жылі разам з бацькамі. Пераехаць ва ўласнае жытло яны плянавалі на працягу году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG