Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня могуць зэкі шыць хакейную форму», — былы асуджаны пра досьвед працы ў швейным цэху


Папраўчая калёнія № 9 у Горках
Папраўчая калёнія № 9 у Горках

Гамяльчук Дзьмітры Аленчанка нядаўна вызваліўся з папраўчай калёніі № 9 у Горках. Там ён правёў апошнія тры гады, адбываў пакараньне паводле крымінальнага артыкулу за непадпарадкаваньне супрацоўніку праваахоўных органаў.

«Па дурасьці трапіў, праз кватэру, — удакладняе Дзьмітры Аленчанка. — Прыйшла брыгада ў складзе начальніка ЖРЭА, участковага, міліцыянта, каб пераафармляць кватэру, — забраць хацелі. Я ня вытрымаў... Карацей, 364-ы артыкул („Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў“. — РС). Адседзеў тры гады роўна».

Турэмны заробак — 100 рублёў за год. І тое на паперы

Дзьмітрыю 29 гадоў, выхоўваўся і вучыўся ў гомельскім інтэрнаце, скончыў вучэльню будаўнічага профілю. Як сірата атрымаў сацыяльную кватэру, за якую давялося пазмагацца, у тым ліку з парушэньнем закону. Адказаў па ўсёй строгасьці — калёнія ў Горках мае рэпутацыю ўстановы, куды лепш не пападацца:

Дзьмітры Аленчанка перад ад’ездам у Гомель
Дзьмітры Аленчанка перад ад’ездам у Гомель

«На маё адчуваньне, гэта ўжо недалёка ад канцлягеру. Калі чалавеку няма каму дапамагчы, калі жыць толькі на іхнай пайцы, то забясьпечаны шлях да хранічнай худзізны, зьнясіленьня. Я ў свой час важыў 80, нават 90 кіляграмаў, а цяпер стаў на вагу — 59, ніколі такім ня быў. І гэта ў адзеньні, жывой вагі можа якіх паўсотні кілё... Быў час, калі наогул мяса не давалі, ніколькі. Нават калі потым і было, то вельмі мала. Відаць, сілавікі аб’ядаюць, бо ў нормах усё прапісана да грама. Але там, дзе 1500 едакоў, можна нахімічыць што заўгодна. Таму адны кашы. Ці супы самыя простыя, нічым не насычаныя».

У турме Дзьмітры вымушана перакваліфікаваўся ў швачку, спэцыялізаваўся на спэцадзеньні. Калі верыць разьліковаму лістку, за мінулы год зарабіў амаль што 100 рублёў — у сярэднім па 8 рублёў штомесяц. Праўда, пераконвае, што нават гэтых грошай на рукі не атрымаў:

Кантрольна-прапускны пункт калёніі ў Горках
Кантрольна-прапускны пункт калёніі ў Горках

«Зрабілі 12-гадзінную зьмену — працуюць і ўдзень, і ўначы. Увесь цыкль: выцягваньне медзі, цэх дрэваапрацоўкі, швейная вытворчасьць. І нідзе ня плацяць, на „швейцы“ ў тым ліку. Прынамсі я тых сумаў на рахунку ня бачыў, у картцы на атаварку было зусім іншае. Яўна нейкія бухгальтарскія махінацыі, бо як яшчэ патлумачыць, што грошы асуджанаму не даходзяць? Афіцыйную даведку яны дадуць любому ведамству, любой установе. Вось у мяне было 96,5 рубля за год, але такіх грошай я ня меў за ўвесь трохгадовы тэрмін. Калі працуеш вельмі старанна, рублі 3 на месяц, на пару пачкаў цыгарэт».

Якія замовы выконвала «горацкая майстэрня»? Паводле Дзьмітрыя Аленчанкі, толькі самыя простыя — тыя, якія здольныя выкраіць некваліфікаваныя кадры:

Мінус 30 кг пасьля турэмнай дыеты
Мінус 30 кг пасьля турэмнай дыеты

«Былі замовы з Расеі: гэта значыць, у нейкім сэнсе працавалі на экспарт. Для фірмы „Стэцкевіч-спэцвопратка“ шылі, для „Эўраопту“ рабілі ўцепленыя камізэлькі, розныя камбінэзоны. Працавалі, безь перабольшаньня, на знос. Зноў жа, ня ведаю, як у адміністрацыі падлічваюць, але я іхнай бухгальтэрыі ня веру. Бо калі гляджу па-чалавечы — працаваў увесь час на максымуме, шыў, колькі мог. І ня веру, што нарабіў на 2-3 рублі. Адкуль наогул такія расцэнкі? Тым больш што ў разьліковай ведамасьці сумы ўсё ж фігуруюць крыху іншыя».

22 жніўня начальнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Сяргей Дарошка адрапартаваў, што блізкая да рэалізацыі ідэя кіраўніка МУС Ігара Шуневіча, падтрыманая Аляксандрам Лукашэнкам, каб вырабляць у папраўчых установах хакейную форму. Шуневіч яшчэ і старшыня назіральнай рады хакейнага клюбу «Дынама». Мяркуецца, што першымі яе прымераюць якраз дынамаўскія выхаванцы.

Якасьць пашыву дрэнная. Прыдатная толькі для спэцвопраткі

Ці сапраўды ненавучаны кантынгент можа ўзяцца за пашыў складанай хакейнай амуніцыі? Былы зьняволены Аленчанка, які тры гады адпрацаваў у швейным цэху Горацкай калёніі № 9, мае наконт гэтага вялікі пэсымізм:

Даведка пра заробак Дзьмітрыя Аленчанкі
Даведка пра заробак Дзьмітрыя Аленчанкі

«Хакейную форму? Асабіста я, напэўна, ня змог бы. Па-першае, ніхто ня мае спэцыяльнай кваліфікацыі. Шыюць, але рэчы досыць простыя. Таму ня ведаю, як можна брацца за такую справу. Па-другое, якасьць пашытага дрэнная. Нават не ад таго, што зэкі ня ўмеюць рабіць якасна, а таму, што ня плацяць. Адпаведна, няма стымулу. Загружаюць — першую партыю калі запакоўваюць, яшчэ кантралююць, а ўжо потым ніхто не зьвяртае ўвагі. Праўда, прафілоніць таксама немагчыма, бо нават калі масава адмовісься ад працы, дык ці пасадзяць у ШЫЗА, ці хітрыкамі праз блатных „крышу“ павесяць, ці ў нізкі статус перавядуць. Нічога немагчыма дабіцца».

Суразмоўца перакананы, што пры цяперашнім тэхнічным забесьпячэньні выканаць хакейныя замовы на належным узроўні немагчыма. Калі толькі гаворка не пра тое, каб пераўтварыць турэмны цэх у сучасную майстэрню з навучаным пэрсаналам:

«Калі меркаваць па Горках, то швейныя машыны, як правіла, старыя, шмат разоў рамантаваныя. Перадусім гэта расейскія „Сібуры“, якія ад пачатку арыентаваныя на пашыў грубай, працоўнай вопраткі. На нешта іншае яны не разьлічаныя, тым больш за столькі часу неаднаразова пераробленыя, „удасканаленыя“. Карацей, ні туды ні сюды».

Зьмена турэмнай варты
Зьмена турэмнай варты

Сам Дзьмітры прызнае: за прамінулы час хоць і зьліўся ў адно цэлае са швейнай машынкай, але ў «мірным жыцьці» яе выгляд калі і будзе выклікаць нейкія эмоцыі, то ня самыя радасныя:

«Я будаўнік, маю адпаведную спэцыяльнасьць — адстройваньне ўнутраных памяшканьняў. Будоўля — гэта сапраўды маё. А швейная справа калі нейкія ўспаміны і выклікае, то, шчыра кажучы, малапрыемныя. Што можа быць добрага ў трох гадах зьняволеньня? Дый наогул цяпер стан такі, што не магу толкам ні на чым засяродзіцца. Слабасьць, трасе, „каўбасіць“ усяго. Ня проста адысьці ад таго стану».

Тым ня меней, пагаджаецца Дзьмітрый, швейны цэх — гэта лепшае, што адміністрацыя можа прапанаваць сваім пастаяльцам. Іншым заставалася толькі пазайздросьціць:

Першыя хвіліны на волі
Першыя хвіліны на волі

«Я працаваў на швейцы, але могуць, напрыклад, на месяц „сьпісаць“ у іншае месца — за неляяльнасьць. Дапусьцім, асуджаныя па наркаманскіх артыкулах утрымліваюцца ў надзвычай жорсткіх умовах, зімой і летам працуюць пад адкрытым небам — выцягваюць з дроту медзь. Цяжкая праца. Плюс там пастаянна брудна, суцэльная антысанітарыя. Сам бачыў, як людзі пасьля трацілі прытомнасьць падчас паверак, у маім атрадзе таксама было такое».

Колькасьць асуджаных ненармальная. Бальшыні хапіла б штрафу

Спрабаваць пратэставаць, як кажа былы асуджаны, справа амаль марная — усялякая незадаволенасьць імгненна гасіцца, ня маючы ніякага шанцу на разьвіцьцё:

«Нешта зрабіць, даказаць немагчыма, бо ўсё душыцца ў зародку. Ідзеш вырашаць пытаньні да адміністрацыі, а яны падключаюць так званых „псэўдаблатных“. Набліжаныя зь ліку зьняволеных — кшталту „смотрящих“ — могуць зьбіць, запалохаць. Гэта людзі, якія працуюць на адміністрацыю, знутры душаць усе пратэставыя хвалі. Калі нехта абураецца, зь ім пачынаюць шчыльна „працаваць“. Трэба кагосьці паставіць на месца — штучна імітуюць парушэньне, ня грэбуюць нават дробязямі — крошкі ў тумбачцы ці пыл пад матрацам. Абсурд, але нічога ня зробіш...».

Даведка пра завяршэньне тэрміну зьняволеньня
Даведка пра завяршэньне тэрміну зьняволеньня

Ці пагаджаецца Дзьмітры зь меркаваньнем, што на зонах трымаюць неадэкватную колькасьць людзей? Прынамсі праваабаронцы лічаць, што для многіх у якасьці пакараньня было б дастаткова штрафу:

«Найперш трэба скасаваць артыкул пра нагляд — гэта лішняе, абсалютна нічога не дае. На маю думку, проста падтрыманьне ўзаконенага рабства, каб быў пастаянны абарот зьняволеных. У мяне свая гісторыя, я сябе не выгароджваю. Але шмат каго саджаюць у прынцыпе ні за што. За такую дробязь, што проста дзівісься. Плюс 43-ы і 44-ы артыкулы за рэцыдывы, калі ідзе накручваньне тэрміну. Сядзіш, лічы, за мінулае. Многія па 5-6 разоў вяртаюцца праз гэта. Каб хутка можна было знайсьці працу пасьля выхаду, магчыма, было б інакш. А паколькі гэтая катэгорыя нікога не цікавіць, у выніку ўсё паўтараецца».

Дзьмітры Аленчанка ніякіх абавязаньняў перад карнай сыстэмай ня мае — цягам трох гадоў стараўся не прыцягваць увагу наглядчыкаў і абышоўся без адміністрацыйных наступстваў. У выніку нагляду пазьбег. Але гэта хутчэй выключэньне з правілаў, чым сьведчаньне лібэралізацыі папраўчай сыстэмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG