Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шыць дзіцячую хакейную форму ў калёніях? Для дарослых таксама можна, будзе сымбалічна», — Дашкевіч


Івацэвіцкая крама з «зробленым у турме»

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў прапанову міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча вырабляць дзіцячую хакейную вопратку на базе вытворчасьці ў калёніях.

«Што, для дзетак там форму не пашыюць? Прычым для любога віду спорту. І грошы застануцца ў нас, і капейкі гэта будзе каштаваць. Трэба набыць нейкі станок у нейкую ўстанову? Ну дык давайце набудзем яго! Але гэтым ніхто не займаўся», — сказаў Лукашэнка на Алімпійскім сходзе 30 траўня.

Ці ёсьць у беларускіх калёніях неабходная вытворчая база, каб шыць дзіцячую хакейную вопратку ды вырабляць іншыя прадметы хакейнай экіпіроўкі? З гэтым пытаньнем Свабода зьвярнулася да былых палітвязьняў.

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Праваабаронца Алесь Бяляцкі, які адбыў больш за тры гады ў Бабруйскай калёніі:

«Калі пра магчымасьць нешта ў калёніях пашыць на замову, дык яна ёсьць, а пра іншае не скажу. У Бабруйскай калёніі я працаваў на вытворчасьці рукавіц для абʼяднаньня „Белшына“. Рукавіцы шылі масава, проста тысячамі. Але там вялікага майстэрства ня трэба, хоць калі шмат гадоў працуеш, дык прафэсійны ўзровень немалы. Яшчэ шылі працоўную вопратку — напрыклад, на замову з Расеі для гаспадарчых фірмаў. У тым ліку форму кшталту камбінэзонаў, якія патрабуюць больш высокай кваліфікацыі. Плюс шылі вопратку для зэкаў. Атрымліваецца, шылі для зэкаў — цяпер будуць шыць і для юных хакеістаў? Гэта вельмі сымбалічна.

А тое, што Лукашэнка прагаварыўся — „пашыем за капейкі“ — гэта рэальная сытуацыя для зонаў, дзе людзі за цяжкую працу атрымліваюць капейкі. Дастаткова сказаць, што апошнія месяцы маёй працы ў тым швейным цэху пры шасьцідзённым працоўным тыдні аплата была 2–3 даляры штомесяц. Гэта тое, што мне выдавалі на рукі. Астатняе забіралі па розных прычынах, у тым ліку нібыта за камунальныя паслугі і ежу. Паводле маіх падлікаў, забіралі недзе 70% ад таго, што зарабляў. Але і гэты залічаны заробак — вельмі малы ў параўнаньні з тым, што павінны плаціць на волі. Тыповая прымусовая праца. Таму я не хацеў бы бачыць юных беларускіх спартоўцаў у строях, зробленых пад прымусам».

Паводле Алеся Бяляцкага, яго ў калёніі не прымушалі працаваць звыш нормы — 7 гадзін на дзень. Але некаторых вязьняў «гналі» на працу паводле загаду. «Калі былі нейкія аўралы, начальству трэба было выканаць тэрміновы заказ, то людзі працавалі проста па дзьве зьмены. Бывала і такое», — кажа Алесь Бяляцкі.

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Былы прадпрымальнік і палітвязень Мікалай Аўтуховіч мяркуе, што вырабіць якасную хакейную вопратку ў беларускіх калёніях — вялікая праблема, ужо ня кажучы пра астатнюю экіпіроўку:

«У Івацэвіцкай калёніі № 5, калі адбываў пакараньне, таксама нешта шылі, нейкую вопратку — адзін тое, другі іншае прышывае. Але скажу як прадпрымальнік, што за мяжой такую форму даўно вырабляюць ня людзі, а машыны, робаты. У нас такіх машын няма ў калёніях і ня будзе, гэта стопрацэнтна. У нас там ёсьць нявольнікі, якія працуюць на дапатопным абсталяваньні, і выправіць гэта, набыўшы нейкі адзін станок, немагчыма. Такія пражэкты пра хакейную дзіцячую форму — трызьненьне.

Узровень цэхаў у калёніях — гэта рукавіцы ды робы, на большае разьлічваць не выпадае

Узровень цэхаў у калёніях — гэта рукавіцы ды робы, на большае разьлічваць не выпадае. А хакейная форма — гэта ня толькі розная тканіна, там вельмі шмат іншых складнікаў, частак, якія ў калёніі вырабіць увогуле немагчыма. Нават у турмах нешта вырабляюць, але вытворчасьць там адсталая па тэхнічным узроўні і арганізацыі працы. Ёсьць і паказуха, бо трэба даваць справаздачу аб прыцягненьні вязьняў да працы, якой альбо няма, альбо вязьні адмаўляюцца. Таму бывае, што „заганяюць“ атрад на тэрыторыю прамзоны, каб лічылася, што былі на працы, а праз гадзіну адтуль выводзяць — нібыта папрацавалі. Яшчэ квітнеюць розныя ценявыя схемы, бо пры наяўнасьці фактычна дармавой працы можна круціць як заўгодна з коштамі і класьці грошы сабе ў кішэню. Адсюль, магчыма, узялася і ідэя вырабляць хакейную форму ў калёніях. Калі гэта рабіць на волі, дык трэба людзям нармальна плаціць, а тут можна зрабіць фактычна бясплатна і на гэтым „наварыць“ грошай — вось і прапанавалі такі праект Лукашэнку. А ён ухапіўся, нібыта добрая ідэя. Насамрэч прапанова нічога ня вартая з усіх бакоў», — мяркуе Мікалай Аўтуховіч.

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч, былы палітвязень, сустаршыня «Маладога Фронту»:

«Шыць дзіцячую хакейную форму ў калёніях? А чаму толькі дзіцячую? Для дарослых — таксама зможам. Было б вельмі сымбалічна — зборная Беларусі па хакеі выступае на чарговым чэмпіянаце сьвету ў робах, пашытых у калёніі. Тут нечага іншага і камэнтаваць ня варта», — сказаў Свабодзе Зьміцер Дашкевіч.

XS
SM
MD
LG