Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі пра візыты з Эўразьвязу ў Менск: Апазыцыя страціла манаполію на кантакты з Эўропай


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Сёньня ў Менску знаходзяцца адразу 4 дэлегацыі з Эўразьвязу. 18 ліпеня пачаў трохдзённы візыт у Беларусь міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс, сустрэчы з уладамі і апазыцыяй праводзіць дэлегацыя Эўрапарлямэнту, таксама гэтымі днямі Беларусь наведваюць дэлегацыі міністэрстваў замежных справаў Францыі й Нямеччыны.

Францускую дэлегацыю ўзначальвае дырэктар дэпартамэнту кантынэнтальнай Эўропы МЗС Францыі Фляранс Манжэн, на чале дэлегацыі МЗС Нямеччыны — упаўнаважаны на краіны Усходняй Эўропы, Каўказу і Цэнтральнай Азіі Андрэас Пэшкэ.

У першай палове 18 ліпеня з прадстаўнікамі МЗС ФРГ і Францыі сустрэўся намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Алег Краўчанка. Увечары 17 ліпеня ў іх была сустрэча з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.

«Сустрэчы з апазыцыяй — усё больш фармальныя, наша апазыцыя страціла манаполію на кантакты з Эўропай», — зазначыў у інтэрвію Свабодзе палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

Паводле экспэрта, апошнім часам абвастрылася канкурэнцыя беларускай улады і апазыцыі за тое, каго найперш будзе слухаць Захад, і ў гэтай барацьбе перамагае ўлада:

Агулам можна сказаць, што афіцыйны Менск уратаваў трэнд на нармалізацыю

— Мы бачым, што ўжо адзін за адным сюды прылятаюць даволі высокія функцыянэры з розных эўрапейскіх краін, у тым ліку самых уплывовых. Гэта сьведчыць, што працягваецца трэнд на нармалізацыю дачыненьняў паміж афіцыйным Менскам і Эўропай. Гэты трэнд апынуўся пад пагрозай увесну, калі ўлады пачалі жорстка здушваць гэтак званыя дармаедзкія пратэсты. Але ў Эўропе раздаліся галасы, што гэтак можа ўсё з Беларусьсю сапсавацца, і тады, трэба адзначыць, беларускія ўлады сталі паводзіць сябе даволі гнутка. Варта нагадаць: колькі напачатку было чорнага піяру вакол гэтай «справы патрыётаў», але потым цішком усіх павыпускалі — акурат перад летняй сэсіяй Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску. То бок сыгнал беларускія начальнікі атрымалі, зразумелі, што трэба зьменшыць рэпрэсіўны імпэт, і сапраўды адкруцілі назад. А паколькі Эўропа, наагул кажучы, не зацікаўленая псаваць адносіны з афіцыйным Менскам, то там задаволіліся тым, што не адбылося паўтору разгрому апазыцыі, як у 2010 годзе. Таму агулам можна сказаць, што афіцыйны Менск уратаваў трэнд на нармалізацыю. І зараз улады зацікаўленыя ня толькі ў заходніх крэдытах, інвэстыцыях і гэтак далей, але і ў прасоўваньні сваіх міратворчых ініцыятываў. Нездарма мы бачым, як Лукашэнка паўтарае словы пра новы «Хэльсынскі працэс».

— МЗС паведаміў, што падчас сустрэчы дэлегацыяў з Францыі й Нямеччыны з Алегам Краўчанкам абмяркоўвалі ня толькі пытаньні двухбаковых дачыненьняў, але і «сытуацыю ў рэгіёне». Гаворка пра сытуацыю ва Ўкраіне і ролю Менску ва ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе?

Лепш Беларусь, якая «косіць» пад нэўтральную, чым тая, якая цалкам будзе вайсковым васалам Расеі

— Цалкам магчыма. Увогуле мы бачым, што для Эўропы сёньня на першым месцы, калі браць наш рэгіён, пытаньне бясьпекі. За кошт гэтага Лукашэнка і вырваўся з ізаляцыі, змог адмыцца ад ярлыку «апошняга дыктатара Эўропы». Бо пасьля Крыму эўрапейцы скемілі, што для іх найбольшая небясьпека — гэта імпэрская агрэсіўная Расея, а самы кепскі хлопец — гэта Пуцін. А ўчорашні апошні дыктатар сам хітруе, манэўруе, і зь ім трэба неяк лавіць момант і наладжваць дачыненьні. Бо лепш Беларусь, якая «косіць» пад нэўтральную, чым тая, якая цалкам будзе вайсковым васалам Расеі. І мы бачым, як у кантэксьце манэўраў «Захад-2017» вужом круціцца афіцыйны Менск, каб давесьці, што мы тут мірныя людзі, толькі да абароны рыхтуемся, вунь запрасілі столькі назіральнікаў. Такім чынам, жаданьне зьняць нейкі міратворчы плён і ў гэтым хоць трошкі адарвацца ад Масквы, пашырыць калідор самастойнай палітыкі штурхае афіцыйны Менск захоўваць трэнд на нармалізацыю дачыненьняў з Захадам. У выніку крыху зьмяншаюцца і ўнутраныя рэпрэсіі, хаця сутнасьць рэжыму ад гэтага не мяняецца. Таму ёсьць і станоўчы момант сытуацыі. Але ёсьць і адмоўны — Эўропа прагматызавала сваю беларускую палітыку. Цяпер, прыяжджаючы сюды, эўрапейскія прадстаўнікі паводле інэрцыі ці рытуалу яшчэ сустракаюцца з апазыцыянэрамі, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, але гэта ўжо больш фармальныя сустрэчы, чымся было раней. Маўляў, мы і гэтых выслухалі. А раней было хутчэй наадварот. Відавочна, што сёньня апазыцыя страціла манаполію на кантакты з Эўропай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG