Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі МЗС Беларусі і Латвіі адзначаць 25-ю гадавіну двухбаковых дачыненьняў маркай і кнігай


Архіўнае фота. Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей (зьлева) і міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс падчас сустрэчы ў Рызе. 7 ліпеня 2016 году

18 ліпеня пачаўся трохдзённы візыт у Беларусь міністра замежных спраў Латвіі Эдгарса Рынкевічса.

У МЗС Латвіі Свабодзе паведамілі, што ў Рынкевічса прадугледжаны сустрэчы з кіраўніком беларускага ўраду Андрэем Кабяковым, а таксама міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем і міністрам эканомікі Ўладзімерам Зіноўскім.

«Падчас сустрэч будуць абмяркоўвацца актуальныя пытаньні двухбаковых стасункаў Латвіі і Беларусі, разьвіцьцё дачыненьняў па лініі Эўразьвяз — Беларусь, рэгіянальная сытуацыя і іншыя важныя міжнародныя пытаньні», — паведамляецца на афіцыйным сайце МЗС Латвіі.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык бачыць адметнасьць сустрэчы Ўладзімера Макея і Эдгарса Рынкевічса, якая пройдзе 19 ліпеня, у тым, што кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў Беларусі і Латвіі, пачынаючы з 2013 году, сустракаюцца штогод.

Беларускія экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што Латвія, у адрозьненьне ад іншых краінаў Балтыі, Эстоніі і асабліва Літвы, менш крытыкуе беларускія ўлады.

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

«Такое стаўленьне тлумачыцца прагматычнымі інтарэсамі афіцыйнай Рыгі, — адзначае палітоляг Алесь Лагвінец. — Гэта адлюстраваньне бізнэсовых імкненьняў латвійцаў. Яны зацікаўленыя, каб грузы з Беларусі ішлі праз іхны порт Вэнтспілс. Можна згадаць пра тыя ж разбаўляльнікі, якія насуперак волі расейцаў ішлі зь Беларусі на Захад менавіта праз Латвію. І пра адмысловую, на карысьць беларускіх уладаў, пазыцыю, якую часам займаюць некаторыя эўрадэпутаты з Латвіі.

Так, гэта ўсё ёсьць сапраўды. Аднак я не сказаў бы, што разыходжаньні ў поглядах улады Латвіі і іншых краінаў Балтыі на Беларусь вельмі істотныя. Латвія — чалец Эўразьвязу, і ў цэлым яна праводзіць у дачыненьні афіцыйнага Менску тую ж палітыку, што і ўвесь Эўрапейскі Зьвяз. Хоць, паўтаруся, пэўная рэгіянальная канкурэнцыя тут існуе».

Падчас візыту Эдгарса Рынкевічса пройдзе ўрачыстае гашэньне паштовай маркі, прысьвечанай 25-й гадавінне ўсталяваньня дыпляматычных стасункаў паміж Латвіяй і Беларусьсю, а амбасада Латвіі прэзэнтуе выдадзеную на беларускай мове кнігу «Гісторыя Латвіі», якую напісалі прафэсары Ілгварс Бутуліс і Антоній Зунда.

XS
SM
MD
LG