Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў упершыню афіцыйна сустрэліся з эўрапарлямэнтарамі


Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук

Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук сёньня прыняў дэлегацыю Эўрапарлямэнту, якая прыбыла зь візытам у Менск.

Гэта стала першай афіцыйнай сустрэчай дэпутатаў Палаты з эўрапарлямэнтарамі, паведамляе БелаПАН. Як станоўчы факт для пашырэньня двухбаковых дачыненьняў гэта канстатаваў намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук.

18-19 ліпеня ў Беларусі знаходзяцца пяць дэпутатаў дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю на чале з Богданам Здраеўскім. Сёньня ў іх заплянаваныя перамовы зь беларускімі дэпутатамі і прадстаўнікамі апазыцыі.

«Беларусь зацікаўленая ў разьвіцьці стасункаў з Эўразьвязам. Наша краіна заўсёды была надзейным партнэрам ЭЗ ня толькі ў сацыяльна-эканамічнай стабільнасьці, але і ў іншых важных пытаньнях — маю на ўвазе ваенную, энэргетычную сфэры, барацьбу са злачыннасьцю і нелегальнай міграцыяй», — прывітаў гасьцей Баляслаў Пірштук.

Кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту Богдан Здраеўскі заявіў, што без камунікацыі і ўзаемаразуменьня разьвіцьця чакаць складана. Паводле яго, менавіта таму Эўрапарлямэнт надае асаблівую ўвагу разьвіцьцю супрацоўніцтва ў рамках «Усходняга партнэрства» і яго парлямэнцкага складніка — Эўранэсту.

Богдан Здраеўскі выказаў спадзяваньне, што сёньняшнія сустрэчы выльюцца ў пашырэньне дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. У якасьці пазытыўных зьменаў ён адзначыў, што цяпер у Беларусі няма палітзьняволеных, а ў парлямэнце працуюць два прадстаўнікі апазыцыі. Плюсам Здраеўскі назваў тое, што Менск не прызнаў анэксію Крыму і паабяцаў празрыстасьць у часе мясцовых выбараў у лютым наступнага году.

XS
SM
MD
LG