Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэпартэры бязь межаў»: Эўразьвяз павінен нагадаць Лукашэнку пра павагу да свабоды мэдыяў


Беларусь у рэйтынгах свабоды прэсы

Праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» асудзіла кампанію па запужваньні незалежных журналістаў у Беларусі.

Як гаворыцца ў заяве арганізацыі, мэта гэтай кампаніі «узмацніць ціск на незалежных журналістаў у Беларусі».

Паводле кіраўніка аддзела па Усходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі «Рэпартэраў бязь межаў» Ёхана Біра, Эўразьвяз «павінен нагадваць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што павага да свабоды СМІ зьяўляецца важнай умовай для збліжэньня паміж Менскам і Брусэлем».

У заяве прыводзяцца факты, калі ўлады штрафуюць журналістаў за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі беларускага МЗС. Ад пачатку году зафіксавана 26 такіх выпадкаў, агульная сума штрафаў склала 19,8 тысячы рублёў. Часьцей за ўсё беларускія ўлады прасьледуюць журналістаў, якія працуюць на «Белсат» — польскі спадарожнікавы тэлеканал, які вяшчае на Беларусь.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукшаэнка на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску 5 ліпеня заявіў, што ўшчамленьне свабоды СМІ, якое нібыта мае месца ў Беларусі — гэта «клішэ з арсэнала мінулага».

«Рэальнасьць моцна адрозьніваецца. На фоне буйных антыўрадавых акцый пратэсту перасьлед незалежных журналістаў і СМІ ў апошнія месяцы ўзмацніўся, у сакавіку былі арыштаваныя больш за 100 журналістаў і блогераў», — гаворыцца ў заяве.

Апроч штрафаў за працу без акрэдытацыі з пачатку года на журналістаў было накладзена каля 13 іншых неправамерных штрафаў па артыкулах «хуліганства», «ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу» і «супраціў паліцыі». У большасьці выпадкаў памеры штрафаў перавышалі месячныя заробкі журналістаў.

«Рэпартэры бязь межаў» заклікалі ўрад спыніць судовы перасьлед журналістаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG